чцв, 22.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.11
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Літва прапануе Беларусі замяніць АЭС на газавую электрастанцыю

05.03.2019 – 08:54 | 553

Прэмʼер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс заявіў, што прапануе беларускім уладам выкарыстаць інфраструктуру беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, каб абсталяваць электрастанцыю на газе, піша Delfi.lt.

Літва прапануе выкарыстаць для беларускай газавай электрастанцыі ў тым ліку сеткі і электрагенэруючае абсталяваньне, якія плянуюць выкарыстоўваць для АЭС.

Паводле Сквярняліса, у разьвіцьці самастойнай і дывэрсыфікаванай энэргетычнай гаспадаркі Літва можа быць прыкладам і партнэрам для Беларусі. Літва бачыць пэрспэктывы ў галіне аднаўляемай энэргетыкі, праз якую краіна не ўцягваецца ў праекты, якія "цягнуцца сотні гадоў".

У лютым краіны – чальцы Канвэнцыі Эспа абвясьцілі, што пляцоўка для будаўніцтва па Беларускай АЭС была абраная неналежным чынам, з парушэньнем канвэнцыі.

Што такое канвэнцыя Эспа?

Канвэнцыя аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце.

Гэта міжнароднае пагадненьне ініцыявала ААН, яго падпісалі ў фінскім горадзе Эспа ў 1991 годзе.

Паводле канвэнцыі працэдура ацэнкі ўзьдзеяньня патэнцыйна небясьпечных праектаў на навакольнае асяродзьдзе мусіць праводзіцца:

  • унутры дзяржавы;
  • у сумежных краінах, якія могуць закрануць такія абʼекты.

Беларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Астравецкая пляцоўка для будоўлі Беларускай АЭС была прапанаваная ў адказ на ідэю разьмясьціць могільнікі Ігналінскай АЭС у Літве побач зь беларускай мяжой.

Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 – тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018), другога – на 2020 год.

Указ "Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі" Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будоўля пачалася значна раней, калі не было яшчэ і праектнай дакумэнтацыі.

Беларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, выдзелены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт – прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.

svaboda.org

Падзяліцца