пят, 23.08.2019
USD2.05|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

У Беларусі дабіваюць дзікоў. Засталося 1500-2000, яшчэ 6 гадоў таму было звыш 100 тысячаў

19.02.2019 – 20:23 | 497

Міністар лясной гаспадаркі Віталій Дрожжа прапанаваў павялічыць узнагароду за адстрэл дзікоў, піша БелаПАН.

У Беларусі амаль вынішчылі дзікоў пасьля пагрозы распаўсюду афрыканскай чумы сьвіньняў: да 2013 году іх было больш як 100 тысячаў, у 2014 годзе засталося толькі 8,6 тысячы, у 2017-м – 2,8 тысячы. Цяпер, кажа Дрожжа, колькасьць дзікоў у Беларусі ацэньваецца ў 1500-2000.

"Дзеля актывізацыі дэпапуляцыі дзіка мы ўносім зьмены ў палажэньне аб рэспубліканскім штабе па барацьбе з АЧС, каб паляўнічым плаціць дзьве траціны сумы ўзнагароды за адстрэл, – растлумачыў Дрожжа. – Раней – адну траціну атрымліваў паляўнічы, а дзьве траціны – карыстальнік паляўнічых угодзьдзяў. Часьцяком быў з тых ці іншых прычынаў не занадта актыўны ўдзел у кампаніі".

Толькі зьнішчэньне?

Дрожжа заявіў, што адстрэл дзікоў зьяўляецца адзіным магчымым шляхам барацьбы з АЧС – хоць у іншых краінах так ня лічаць. Напрыклад, у Польшчы супраць адстрэлу дзікоў пратэстуюць ня толькі эколягі, а і паляўнічыя. Змагацца з АЧС прапануюць праз абмежаваньне кантактаў свойскай жывёлы зь дзікамі.

Беларускія "зялёныя" нэгатыўна ставяцца да масавага зьнішчэньня дзікоў: таварыства "Зялёная сетка" піша, што паляўнічыя пасьля кантакту з тушай не праходзяць дэзынфэкцыі, тушы захоўваюцца ў магільніках, а ня спальваюцца, таму вірус АЧС можа распаўсюджвацца, нягледзячы на адстрэл.

Да таго ж, сьцьвярджае "Зялёная сетка", дзікі не зьяўляюцца жывым рэзэрвуарам АЧС, а могуць заражацца чумой, паядаючы заражаныя харчовыя адкіды і пры кантакце са свойскімі сьвіньнямі.

На пытаньне аб тым, ці ўсіх дзікоў зьбіраюцца зьнішчыць у Беларусі, міністар Дрожжа адказаў:

"Іх яшчэ трэба знайсьці. Бо ў нас толькі 16% лесу зьяўляецца паляўнічымі гаспадаркамі, а ёсьць участкі ў прыватнай уласнасьці, ёсьць непраходныя месцы, бары".

Афрыканская чума сьвіньняў – віруснае захворваньне, ад якога няма вакцыны. У хворай сьвіньні падвышаецца тэмпэратура цела да 40-42 градусаў, яна кашляе, ногі паралізуе. Цягам 2 дзён сьвіньня памірае. Людзям АЧС не пагражае.

Афіцыйна ў Беларусі няма эпізаотыі АЧС, хвароба лютуе ў суседніх краінах. У Беларусі хваробы сьвіньняў тлумачаць "нейкай інфэкцыяй".

svaboda.org

Падзяліцца