нядз, 21.04.2019
USD2.10|EUR2.36|RUB3.28
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Хто з чыноўнікаў наведаў Стоўпцы і як дзяржаўныя СМІ асьвятлялі трагедыю

12.02.2019 – 11:30 | 4165

 

З высокапастаўленых чыноўнікаў у панядзелак Стоўпцы наведалі міністар аховы здароўя Валеры Малашка, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч. На БТ у вечаровых навінах інфармацыя пра трагедыю ў Стоўпцах была пятай па ліку і прагучала на 22-й хвіліне выпуску.

Свабода заўважыла 11 лютага на месцы здарэньня ў Стоўпцах міністра аховы здароўя Валерыя Малашку і старшыню Сьледчага камітэту Івана Наскевіча.

Таксама на месцы здарэньня 11 лютага быў старшыня Стаўпецкага райвыканкаму Дзяніс Калясень.

Ён наведаў сем'і загінулых і пацярпелых, а таксама прыняў рашэньне аказаць матэрыяльную дапамогу: дзьвюм сем'ям, у якіх ёсьць загінулыя, выдаткаваць па 400 базавых велічынь (па 10 200 рублёў), сем'ям пацярпелых вучняў – па 200 базавых велічынь (па 5 100 рублёў). Будуць адкрытыя дабрачынныя рахункі ў "Беларусбанку", куды прадпрыемствы і жыхары раёну змогуць пералічыць сваю дапамогу.

Грамадзкі збор сродкаў каардынуюць сябры філіі Таварыства беларускай мовы ў Стоўпцах Міхаіл Мацкевіч і Павал Савіцкі.

Пра дапамогу з боку дзяржавы пакуль інфармацыі няма.

На БТ інфармацыя пра трагедыю ў Стоўпцах прагучала на 22-й хвіліне "Панарамы"

Гэта быў пяты па ліку сюжэт. Першымі ішлі навіны спорту: "Сьнежны снайпэр", перамога беларускіх тэнісістак у Кубку Фэдэрацыі над немкамі, потым быў агляд рынку працы ў Беларусі.

У вечаровым выпуску "Нашых навінаў" на тэлеканале АНТ паведамленьне пра трагедыю ў Стоўбцах прайшло на 14-й хвіліне. Гэта таксама была пятая па ліку навіна: спачатку расказалі пра галалёд і сьнегапады, пасьля – пра віншаваньне Лукашэнкі з чарговай гадавінай Іранскай рэвалюцыі, супрацоўніцтва Міністэрстваў замежных справаў краін СНД і выставу харчовых тавараў у Маскве.

На галоўных старонках сайтаў БелТА і "СБ" таксама няма інфармацыі пра здарэньне, хоць у ранішніх навінавых стужках паведамленьні пра трагедыю былі. У першым абзацы артыкулу БелТА дагэтуль стаіць галоўная навіна пра суботнюю перамогу каманды Лукашэнкі ў "Менскай лыжні".

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

11 лютага ў Стаўпецкай сярэдняй школе №2 вучань 10 клясу Вадзім М. напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.

50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясу загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за забойства двух і больш чалавек. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Іна Студзінская, svaboda.org

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба ўвайсці або зарэгістравацца.
Абмяркуйце гэту навіну ў нашых групах:
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook