чцв, 25.04.2019
USD2.09|EUR2.35|RUB3.28
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

"Нас называюць сярэднявечнымі". Сям'я Гуляшовых з Кароўчына паказала, як жыве без дзяржавы

04.02.2019 – 13:23 | 4977

 

Сям'я Гуляшовых зь вёскі Кароўчына, што ў Дрыбінскім раёне на Магілёўшчыне, адмаўляецца ад беларускага грамадзянства і просіць Аляксандра Лукашэнку даць ім магчымасьць жыць і працаваць на зямлі паводле ўласных перакананьняў.

Гаспадараць вяскоўцы, як у даіндустрыяльную эпоху. Большую частку работ выконваюць уручную, а ў краме набываюць толькі самае неабходнае.

Яны наважыліся адмовіцца ад грамадзянства праз "супярэчнасьць ладу жыцьця ў дзяржаве з сваімі рэлігійнымі поглядамі". Заяўляюць, што "ня могуць далей выконваць грамадзянскія абавязкі і ўдзельнічаць у грамадзка-палітычнай дзейнасьці дзяржавы", таму "абвяшчаюць нэўтралітэт (непрыналежнасьць ні да якіх дзяржаваў)".

Здаць беларускія пашпарты Гуляшовы вырашылі пасьля канфліктаў зь дзяржаўнымі ўстановамі. Пра свой намер раней паінфармавалі КДБ. Днямі напісалі Лукашэнку і старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Прынцыпы і перакананьні Гуляшовых. Сьцісла

  • Адмаўляюцца ад прыналежнасьці да любой дзяржавы, бо ў яе аснове ляжыць гвалт, а ў "хрысьціяніна нічога агульнага ня можа быць з гвалтам".
  • Адмаўляюцца ад цывілізацыі і яе дабротаў, бо "цяперашні лад жыцьця вядзе чалавецтва да зьнішчэньня яго асяродзьдзя пражываньня, разбурэньня духоўнага і маральнага жыцьця".
  • Хочуць жыць і працаваць, паклаўшы ў "аснову закон Бога", а гэтаму супярэчаць законы дзяржавы.
  • Сваю рэлігійнасьць не зьвязваюць ні з адной рэлігійнай канфэсіяй. Лічаць, што дзяржава выкарыстоўвае рэлігію, каб апраўдаць няроўнасьць між людзьмі.
  • Свой лад жыцьця называюць маральна-духоўным удасканаленьнем.
  • Не адмаўляюцца ад радзімы. Прызнаюцца, што ім сорамна за няведаньне беларускай мовы.

Як яны жывуць

Андрэй і Ларыса Гуляшовы з траімі сваімі дзецьмі жывуць ва ўласнай сядзібе на ўскрайку яшчэ даволі вялікай вёскі Кароўчына. Тут ёсьць школа, у якую звозяць дзяцей з ваколіц. Тутэйшы сельсавет ліквідавалі ў 2013 годзе. Цяпер сельская адміністрацыя месьціцца ў вёсцы Трылесіна, да якой 15 кілямэтраў. З Кароўчына да Магілёва пяцьдзесят кілямэтраў. Да райцэнтра Дрыбіна – 30.

Паселішча падзеленае на дзьве часткі. Пры дарозе – двухпавярховы пасёлак, узьведзены для перасяленцаў з забруджаных чарнобыльскай радыяцыяй мясьцін. Убаку ад шашы старая вёска з драўлянымі хатамі. Сярод іх нямала занядбаных. У гэтай частцы і дом Гуляшовых. Яны абое з тутэйшых, хату сабе купілі.

Маюць гаспадарку – 50 авечак, двое коней і жарабя, карова з падцёлкам, індыкі, куры, трусы, качкі, а таксама вульлі. Сеюць жыта, гародніну. Ежу гатуюць з таго, што дае гаспадарка. Цукар замяняюць мёдам. У краме набываюць толькі самае неабходнае: запалкі, соль, а таксама муку першага і другога гатунку. Электрычнасьць у хаце паўгода як адключылі. Выкарыстоўваюць яе крайне рэдка, напрыклад у лазьні, бо ад "сьпёкі ў ёй хутка плавяцца сьвечкі", якія робяць самі. Тэлефоннай сувязі няма.

Арандуюць 3 гектары зямлі – да таго гектара, які выдзелены ім як асабістай прысядзібнай гаспадарцы.

У сям'і Гуляшовых шмат чытаюць. На памяць цытуюць Біблію і выказваньні антычных ды сярэднявечных філёзафаў. Імі падмацоўваюць свае довады пра жыцьцё.

У 45-гадовага Андрэя сярэдняя адукацыя. Доўгі час працаваў кіроўцам. Па яго словах, адасобленае ад дзяржавы жыцьцё – гэта "жаданьне вярнуцца да сваіх вытокаў і зразумець іх". Ён зь дзяцінства цікавіўся хутарскім ладам жыцьця і гадоў дваццаць наважваўся аднавіць яго. Андрэй упэўнены: у жыцьці на першым месцы павінна быць праца.

Гаспадыня Ларыса мае вышэйшую адукацыю. У 1995 годзе скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова з чырвоным дыплёмам. Працавала ў вясковым дзіцячым садку мэтадыстам і выхавальніцай. Кажа, што "вымушана звольнілася", бо не хацела "выконваць не свае службовыя абавязкі". Па звальненьні нанялася даглядаць састарэлых аднавяскоўцаў. Цяпер занятая хатняй гаспадаркай.

Яна салідарная з мужам у рашэньні адмовіцца ад беларускай дзяржавы. Пад зваротам да Лукашэнкі, старшыні Палаты прадстаўнікоў і КДБ стаіць і яе подпіс.

Абое кажуць, што на гэта адважыліся з прычыны канфліктаў зь дзяржаўнымі ўстановамі. Яны заяўляюць: дзеяньні службоўцаў умацавалі іхныя рэлігійныя погляды. Андрэй дапускае, што іншыя грамадзяне, якія апынуліся ў падобнай сытуацыі, насьмельваюцца бараніць свае права праз удзел у палітычным жыцьці. Яны ж выбралі іншы шлях. Кажуць, што законы, якія прымае дзяржава, перашкаджаюць разьвіцьцю гаспадараньня на зямлі. Яны не дазваляюць людзям станавіцца заможнымі і клапаціцца пра навакольнае асяродзьдзе.

Раней мелі болей. Купілі аўтамабіль – зацікавілася падатковая

Па словах Гуляшовых, раней іхная гаспадарка была значна большай. Чарада авечак сягала 100 галоў. Сям'я гадавала чатырох кароў і быка. Былі козы і звыш 50 курэй. Сваю прадукцыю прадавалі, у тым ліку дзяржаўным перапрацоўчым прадпрыемствам. Дапамагалі харчамі дзіцячаму прытулку ў Магілёве. Ранейшую гаспадарку Андрэй называе прыбытковай.

Працавала на зямлі ўся сям'я, і даход быў агульным. Зарэгістраванага статусу фэрмэраў ня мелі. Як кажа Ларыса, уліку расходаў і прыбытку не вялі. Гэтага не патрабавала падатковая інспэкцыя. Яна сьцьвярджае, што падаткавікі штогод казалі: "Што зарабілі, тое ваша".

Тры гады таму Гуляшовы набылі для сваіх патрэбаў аўтамабіль за 30 тысяч даляраў, і імі зацікавіліся падатковая інспэкцыя. Гаспадара абавязалі падаць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці ад 2012 да 2015 году.

Гуляшоў адмовіўся падаваць дэклярацыю, і яго пакаралі штрафам 110 рублёў. Ён лічыць, што патрабаваньні падаткавікоў супярэчаць заканадаўству, паводле якога ўладальнікі асабістых прысядзібных гаспадарак ня мусяць плаціць падаткаў.

"Калі дзяржава дала нам права займацца асабістай прысядзібнай гаспадаркай безь ніякіх справаздач ды вядзеньня бухгальтэрыі, то як мы можам сумленна і аб'ектыўна запоўніць тую дэклярацыю? Мы тлумачылі, што машына не аднаго чалавека, а ўсёй сям'і, і калі раскінуць яе цану на пяць чалавек, чаго не прадугледжана заканадаўствам, то яна не выглядае занадта дарагой", – кажуць пра канфлікт з падаткавікамі Гуляшовы.

У аддзеле працы з платнікамі інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў Дрыбінскага раёну нам высьветліць сытуацыю з Гуляшовымі не ўдалося.

Тым часам эканаміст Пётра Мігурскі пацьвярджае, што падаткаў уладальнікі асабістых прысядзібных гаспадарак сапраўды не абавязаныя плаціць, але ў кожнай справе трэба разьбірацца асобна, бо "ў ёй можа быць шмат нюансаў".

Пасьля нявыплаты штрафу да Гуляшовых прыяжджалі судовыя выканаўцы апісваць маёмасьць. Сваю пазыцыю ў сытуацыі з падатковай інспэкцыяй вяскоўцы выклалі Аляксандру Лукашэнку.

Дачка ня ходзіць у школу. Займаецца самаадукацыяй

У лісьце кіраўніку дзяржавы Гуляшовы згадалі і праблему з навучаньнем дачкі ў школе. Бацькі кажуць, што яна паўгода не наведвала навучальную ўстанову па суботах, паколькі "гэты дзень лічыцца выхадным". Яе паставілі на ўнутрышкольны ўлік "за неналежнае выкананьне абавязкаў, ускладзеных на навучэнца".

Гуляшовы настойваюць, што кіраўніцтва школы пастаноўку дачкі на ўлік не аргумэнтавала адпаведнай нормай закону, а значыць, такое рашэньне беспадстаўнае. Паводле маці, ніводная дзяржаўная ўстанова не адважылася "даць прававую ацэнку дзеяньням адміністрацыі школы і пэдагогаў".

Дзяўчынка скончыла 8 клясаў, але болей у школу ня ходзіць – пасьля "перажытага цкаваньня". Паводле бацькоў, яна дома займаецца самаадукацыяй, шмат чытае ды вучыцца таму, што "ёй сапраўды спатрэбіцца ў жыцьці". Чыноўнікі з райвыканкаму разглядаюць магчымасьць здачы ёю школьных іспытаў экстэрнам.

Гаспадыня звольнілася, бо "не хацела насіць у садок сваёй гародніны"

Ларыса Гуляшова звольнілася зь дзіцячага садка, бо адмаўлялася прыносіць гародніну з уласнага агароду. Патрабавала тлумачэньняў, куды дзяваюцца грошы, якія выдзяляюцца на харчаваньне дзяцей. Таксама адмаўлялася выпісваць раёнку, якую ёй навязвалі.

"Мяне адтуль выцесьнілі, бо я не падладжвалася пад сыстэму. Як шмат задаеш пытаньняў, то ў тваіх паслугах ня маюць патрэбы. Цяпер усе зьвязаныя кантрактамі, і ніхто не адважваецца выказвацца супраць таго, што не падабаецца", – кажа Ларыса.

Андрэй дадае: "Чыноўнікі ня хочуць прызнаць, што ня могуць адладзіць сыстэму працоўных узаемаадносінаў, як у „мурашак ці пчолаў“. Утрымліваюць усё толькі адміністрацыйна-камандным мэтадам кіраваньня".

"Жывём тым мінімумам, які ёсьць"

Пасьля канфліктаў зь дзяржаўнымі ўстановамі Гуляшовы прадалі машыну і значную частку свойскай жывёлы. Пакінулі сабе тое, што неабходна ім для жыцьця безь дзяржавы.

"Мы не перашкаджаем, ня шкодзім ні людзям, ні экалёгіі, – тлумачыць Андрэй. – Жывём тым мінімумам, які ёсьць. Кожны мае жыць з уласнай працы. Мы ўбачылі недасканаласьць дзяржавы і адмовіліся ўдзельнічаць у эканоміцы. Улетку наш даход быў 60 рублёў, і гэтай сумы хапае на пяць чалавек вышэй даху".

Суразмоўца дадае, што яго сям'я гатовая стаць жывым музэйным эскпанатам для тых, хто цікавіцца даўнейшым жыцьцём.

"Няхай глядзяць, як жылі раней, ды пераканаюцца, што гэтак жа можна жыць і цяпер", – кажа ён.

"Да Бога не ідуць з гвалтам"

Свой лад жыцьця суразмоўцы называюць духоўна-маральным удасканаленьнем. Жыцьцё – гэта здабыцьцё харчаваньня, вады, адзежы, даху над галавой, кажуць яны.

Сваю рэлігійнасьць Гуляшовы не зьвязваюць ні з адной канфэсіяй. Дзяржава выкарыстоўвае рэлігію, каб апраўдваць сваю ўладу і няроўнасьць між людзьмі, кажуць яны.

Суразмоўцы цьвердзяць, што іхныя дзеці свабодныя ў сваім выбары і, калі захочуць выбраць іншы жыцьцёвы шлях, то бацькі перашкаджаць гэтаму ня будуць.

"Да Бога не ідуць з гвалтам. Аснова дабрыні і праўды – свабода", – тлумачаць яны. Паводле іх, сярэдні сын карыстаецца тэлефонам. Дачка і яшчэ адзін сын ад дабротаў цывілізацыі адмовіліся сьвядома.

Суразмоўцы настойваюць: цяперашняе цывілізацыйнае разьвіцьцё вядзе да пагібелі чалавецтва. Многія гэта разумеюць, але адмовіцца ад дабротаў ня могуць, паколькі зь імі больш камфортна і звыкла жыць.

"Вы ж паглядзіце, колькі самагубстваў дзяцей у падлеткавым узросьце, – аргумэнтуюць сваю пазыцыю Гуляшовы. – Яны ня ведаюць жывых зносінаў і ад мультымэдыйнага ўспрыняцьця сьвету вар'яцеюць. Дзяцей адвучваюць ад працы. Гэта тлумачыцца цывілізацыяй".

Як ставяцца суседзі да ладу жыцьця Гуляшовых

"Нас называюць сярэднявечнымі і неардынарнымі", – прызнаецца Ларыса, адказваючы на пытаньне, што аднавяскоўцы кажуць пра лад жыцьця яе сям'і. Муж дадае: "Дзівакаватымі называюць".

"Калі займаліся скацінай, то набылі вялікі досьвед, – працягвае Андрэй. – Нашым ведам дзівіліся і кваліфікаваныя вэтэрынары. Да нас ідуць па параду, і мы нікому не адмаўляем у дапамозе".

У размове з карэспандэнтам Свабоды аднавяскоўцы характарызуюць Гуляшовых як працавітых і спагадлівых людзей, але зь "дзівацтвам і дзікаватасьцю". Пытаньне пра іхную адмову ад беларускага грамадзянства пакідаюць без адказу.

Якая рэакцыя ўлады на адмову Гуляшовых ад грамадзянства

Заява Гуляшовых пра адмову ад грамадзянства праляжала ў КДБ зь лістападу 2017-га да жніўня 2018 году. Рэакцыі на яе не было. Заяўнікам патлумачылі, што да прэзыдэнта яна ня дойдзе, бо "ў ёй няма сутнасьці пытаньня". Параілі зьвярнуцца ў райвыканкам, але і там заяву ня сталі разглядаць.

Зварот да Лукашэнкі і старшыні Палаты прадстаўнікоў Гуляшовы толькі даслалі. У ім заклікалі, каб вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы "перагледзела законы, калі хоча палепшыць жыцьцё людзей".

"Мы адмаўляемся ад цывілізацыі, грамадзянства ды іншых атрыбутаў прагрэсу. Назад мы ня вернемся ні пры якіх абставінах", – заяўляюць Гуляшовы Лукашэнку.

"Рэакцыі, якой мы чакаем, ня будзе, але мы да ўсяго прывыклі", – адзначае ў канцы гутаркі гаспадар.

"Любая ідэя мае быць укаранёная, – тлумачыць ён, – Найлепшы спосаб, каб паказаць і давесьці свае перакананьні, сваю праўду – гэта дзеяньне. Толькі ўласным прыкладам можам засьведчыць рацыю".

Андрэй кажа, што кіраўніцтва Дрыбінскага райвыканкаму параіла яму абмежаваць кантакты з журналістамі. Стаўленьне да яго чыноўнікаў карэктнае.

svaboda.org

Смотрите по теме:

► "Покупаем в магазине только спички и соль". Крестьяне из Коровчино в знак протеста отказались от паспортов

► Налоговая требует пояснить, откуда семья крестьян из Дрибинского района взяла деньги на внедорожник

► Жители Горок не готовы отказаться от благ цивилизации

Падзяліцца

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба ўвайсці або зарэгістравацца.
Абмяркуйце гэту навіну ў нашых групах:
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook