пан, 26.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Што сталася з вядомым горацкім шахматыстам Міколам Ратнікавым?

20.01.2014 – 18:30 | 540 | 3

Працуючы над навукова-папулярнай кнігай "З гісторыі Беларусі шахматнай" (Мінск, 2012), прыйшоў да высновы, што найбольш пільнага вывучэння вымагаюць якраз невялікія гарады і мястэчкі. Так, не ўсім вядома, што ў 1920-30-х гадах Горкі былі адным з важных шахматных цэнтраў – важнейшым, напрыклад, за Оршу.

У зборніку “Беларусь шахматная. Год 1926” (Мінск, 2013) прыведзены вынікі матчу на васьмі дошках, які адбыўся 20-21 сакавіка 1926 г. паміж гульцамі Оршы і студэнтамі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

На сваёй “пляцоўцы” студэнты перамаглі з лікам 13:3!

Што ж датычыць шахматнай кампазіцыі, Горкі ў міжваенны перыяд праявілі сябе лепей, чым Орша і Магілёў, разам узятыя. “Планка” трымалася дзякуючы аднаму чалавеку, пра якога далей і пойдзе гаворка.

На рубяжы 1920-30-х гадоў у “паэзіі шахмат” (так часам мянуюць асобны від творчасці на 64 палях – складанне задач і эцюдаў, якое дапускае і элемент спаборнасці) узышла новая зорка – Мікалай Ратнікаў.

Гадоў яго жыцця я не знайшоў, але, паводле ўскосных даных, нарадзіўся ён у пачатку 1910-х гадоў. Пра гэта сведчыць і газетны фотаздымак 1938 г., дзе выяўлены зусім яшчэ малады чалавек.

З 1930 г. ён друкаваў свае задачы ў газеце “Чырвоная змена” і часопісе “64”, крыху пазней узяў удзел ва ўсесаюзных конкурсах часопіса “Чырвоная Беларусь” (1931-32 гг.) і расійскай “Смены” (1932 г.). У конкурсе “Чырвонай Беларусі” яго творы былі адзначаны: няхай не галоўнымі прызамі, але досыць годна (6-ы ганаровы ды 6-ы пахвальны водгукі).

Друкаваліся задачы “Н.Е.Рат-никова” і ў “Комсомольской правде”, і ў вядучым на той час спецыялізаваным выданні – часопісе “Шахматы в СССР”. Часам яны выглядалі грувастка – іх дапушчальна параўнаць з папулярнымі ў тую эпоху “вытворчымі” раманамі і паэмамі – але аўтар кшталтаваў сваё майстэрства, хутка асвойваў новыя задачныя тэмы.

Не дзіва, што калі ў 1933 г. рыхтаваўся матч шахматных кампазітараў “Беларусь – Цэнтральна-Чарназёмная вобласць Расіі”, 2-ю дошку ў беларускай зборнай даверылі іменна жыхару Горак (на 1-й дошцы выступіў 18-гадовы мянчук Якаў Камянецкі). Складальнікаў задач на перыферыі тады было мала; апрача Ратнікава, яе прадстаўляў толькі Жытомірскі з Гомеля.

У сярэдзіне 1930-х гадоў М.Ратнікаў вучыўся ў Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце – студэнтам гэтай установы ён названы, прыкладам, у “Чырвонай змене” 24.01.1937. Яго задачы нярэдка з’яўляліся і ў газеце “Звязда”, дзе шахматны аддзел вялі майстар Верасаў і кандыдат у майстры Камянецкі.

Са “Звяздой” Ратнікаў супрацоўнічаў амаль да самай Вялікай айчыннай вайны, нават калі ў 1940 г. пайшоў служыць у Чырвоную армію. Дарэчы, у тым годзе газета паведаміла, што горацкая каманда адолела зборную шахматыстаў і шашыстаў Віцебскага педінстытута з лікам 14:12, а шахматна-шашачная секцыя Горацкага сельгасінстытута “налічвае звыш 200 чалавек і з’яўляецца буйнейшай у рэспубліцы”.

Можна дапусціць, што М.Ратнікаў добра праявіў сябе ў войску. Пасля вайны ён жыў у Маскве, але сувязі з “сінявокай” не губляў, пра што сведчыць публікацыя ў “Звяздзе” 26.09.1948: “Нікалай Ратнікаў пачаў друкаваць свае першыя задачы ў беларускім друку яшчэ да Айчыннай вайны, будучы студэнтам Горацкага сельскагаспадарчага інстытута (насамрэч, відавочна, раней – В. Р.). Цяпер М.Ратнікаў – вядомы савецкі шахматны кампазітар, які заваяваў многа прызоў на міжнародных конкурсах”.

Адзін з конкурсаў, дзе задача выхадца з Горак атрымала спецыяльны водгук, ладзіла французская газета “Marseillaise” у 1947 г.

З няясных пакуль прычын у наступныя дзесяцігоддзі творчасць Ратнікава падзабылася ў Савецкім Саюзе. Толькі ў 1987 г. у бюлетэні “Шахматы, шашки в БССР” выйшаў кароткі агляд, дзе некаторыя задачы кампазітара былі высока ацэнены. Аднак пра яго паваенны лёс “Шахматы, шашки в БССР” не напісалі нічога.

М.Ратнікаў актыўна выступаў у завочных і вочных турнірах, у тым ліку ў горацкіх чэмпіянатах 1930-х гадоў, меў першую катэгорыю – да вайны яна значыла не менш, чым цяпер званне майстра.

У 1935-1936 гг. Ратнікаў заваёўваў першынство БССР па шахматах сярод зямельных работнікаў, што наводзіць на думку: вучыўся ён на землеўпарадчыка ці агранома (у “простых” калгаснікаў былі свае турніры).
Шахматыст не раз выходзіў у паўфіналы чэмпіянатаў БССР, а ўвосень 1938 г. згуляў і ў фінал 10-га чэмпіянату БССР – праўда, не дужа ўдала.

Аднак маўчыць пра знакамітага кампазітара і іграка кніга “Памяць. Горацкі раён”. Не адрэагавала на мой электронны зварот сельгасакадэмія, з Магілёўскага абласнога архіва адказалі, што справы студэнта Ратнікава ў іх няма.

Няшмат ведае пра цёзку і старэйшага калегу Мікалай Бельчыкаў з Барысава – адзін з самых імпэтных летапісцаў шахматнай кампазіцыі ў нашай краіне.

Хочацца верыць, што землякі Мікалая Ратнікава і проста чытачы “УзГорка”, неабыякавыя да краязнаўства і культурніцтва, дапамогуць запоўніць “белыя плямы” ў біяграфіі творцы.

А магчыма, гэты артыкул прачытаюць сваякі М. Ратнікава і адгукнуцца?

Вольф Рубінчык, г.Мінск

Задача М. Ратнікава. “Чырвоная змена”, 1937. Мат за 2 хады.

zadacha_1937.jpg

Адказ: 1.Сh7! з пагрозай 2.Кb5X. Тут праходзіць ідэя перакрыцця чорных фігур на фоне тэмы Баруліна.

У наступнай партыі-мініяцюры з «малога» чэмпіянату БССР 1938 г. быў эфектна разгромлены экс-чэмпіён Менска па шахматах.
М. Ратнікаў (Горкі) – Л. Жыткевіч (Менск). Французская абарона.

1.е4 е6 2.d4 d5 3.Kc3 Cb4 4.e5 c5 5.a3 cd 6.ab dc 7.Фg4 Крf8 8.Cd3 Kc6 9.Kf3 Фc7 10.Фf4 a5? 11.Ta3! Kb4 12.Tc3 Kc6 13.Ce3 h6? 14.Cc5+ Kge7 15.Cg6! f5 16.g4 Kpg8 17.gf ef 18.Cf7+! Kpf8 19.Cd6 Фb6 20.e6 Фb2 21.Тс6! bc 22.Ke5 g5 23.Kg6+ Kpg7 24.Ce5+ Kph7 25.Ke7!

Чорныя здаліся (знакі майстра Г. Верасава).

Падзяліцца