сер, 19.06.2019
USD2.06|EUR2.31|RUB3.21
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

"Калі прыехаў, усё падавалася неверагодным". Максім Багдановіч – пра першы семестр у Гарвардзе

11.01.2019 – 09:38 | 944

"Разумны, але такі неслух", – кажа Наталля Мікалаеўна, маці Максіма Багдановіча, які летась паступіў у Гарвард. Ужо другі раз яна праваджае сына на вучобу ў ЗША, але дагэтуль яе сэрца не адпускае трывога. "17-гадовы, адзін, у чужой краіне…"

Затое сам Максім выглядае цалкам спакойна. Наперадзе ў яго – новы семестр у адным з лепшых універсітэтаў свету, а гэта новыя веды, людзі, сустрэчы, магчымасці, трэніроўкі і лёгкае захапленне той рэчаіснасцю, якую ён здабыў сваімі розумам і талентам.

– Вось ты быў нібыта першым хлопцам на сваёй вёсцы. Прыязджаеш у Гарвард – а там усе такія. Спачатку было крыху стрэсова: як адпавядаць узроўню? Але пасля перастаў параўноўваць сябе з іншымі, бо гэта неэфектыўна і нават шкодна.

За дзве гадзіны да адлёту мы сустрэліся з сям’ёй Багдановічаў у аэрапорце і пагутарылі аб тым, пра што ніколі не распавядзе сціпласць Максіма: як гадаваўся будучы студэнт Гарварда, навошта а 6-й гадзіне раніцы ён бегаў у кіёск "Белсаюздруку" і што азначае сямейны жарт "хто не чытаў Ніцшэ, той капае агарод". Пра першы семестр у Гарвардзе дый параўнанне яго з Драздамі гаворка таксама зайшла. Гартайце ніжэй – будзе цікава!

"У чатыры гады Максім папрасіў падарыць на дзень народзінаў глобус"

Мінск, Масква, Мюнхен, Нью-Ёрк, Бостан, Гарвард. Вылятае Максім у аўторак, а на месцы будзе толькі ў чацвер. Наогул, ён не збіраўся прыязджаць дадому на зімнія вакацыі, але так атрымалася. Бацькі Максіма – Наталля Мікалаеўна і Дзмітрый Гарунавіч – такой нечаканасці вельмі ўзрадаваліся.

За чатыры месяцы жыцця ў ЗША Максім заўважна змяніўся. У постаці з’явілася расслабленасць, у беларускім вымаўленні – ангельскае гучанне, у гаворцы – шмат словаў "эфектыўнасць" і "рацыянальнасць".

У аэрапорт Максім прыязджае з кампактным заплечнікам і вялізнай валізкай. Гэтым разам яна нават большая, чым падчас ад’езду ў жніўні 2018-га. З сабой ён вязе мапу ВКЛ тых часоў, калі яно было ад мора да мора.

– Амерыканцам такое падабаецца. Неяк я апрануў цішотку з вышыванкай – дык людзі рабілі кампліменты. Цікавіліся, адкуль я, што гэта за культура. Насамрэч, расказаць можна шмат пра што. І я на гэтым капіталізуюся.

Беларусаў жа больш цікавіць куртка Максіма – з лагатыпам Гарварда і подпісам "Вahdanovitch".

– А што тут напісана? Фенсінг? – перапытвае Наталля Мікалаеўна, гледзячы на надпіс на яго куртцы.

– Фенсін (у перакладзе — фехтаванне. — Заўв. TUT.BY), – сваім бездакорным вымаўленнем папраўляе Максім. – Вы ж прыедзеце на цырымонію, калі я буду сканчаць універсітэт? То і вучыце ангельскую мову, каб "фенсінгаў" не было, – усміхаецца.

Максім – старэйшы сын у сям'і Багдановічаў. Гадавалі яго бацькі разумным і выхаваным хлопцам. Пра тое, што з яго вырасце студэнт Гарварда, ніхто, канешне, не ведаў. Хаця часам былі такія падозры.

– Калі Максіму было чатыры гады, мы спыталі, што падарыць на дзень народзінаў. "Глобус!" – сказаў сын. Бабуля набыла, падарыла. Ён узрадаваўся, падзякаваў, а пасля сказаў: "Мне хацелася б большага памеру". Гэты глобус і дагэтуль жывы, а вось падараванай машынкай ён не вельмі зацікавіўся. Яна, новенькая, перайшла ў спадчыну нашаму малодшаму сыну, – усміхаецца Дзмітрый Гарунавіч.

Таксама Максім захапляўся кнігамі пра мастакоў. Каб набыць новую, ён прачынаўся а 6-й раніцы і бег у кіёск. А пасля чакаў, калі ён адчыніцца.

– За што б Максім ні браўся, усё ў яго атрымоўвалася. А мы нічога і не забаранялі, – распавядаюць бацькі. – Галоўная ўмова – каб гэта не шкодзіла бяспецы. Максім заўжды ведаў, што ён вучыцца для сябе, а не для нас. Усё, што магчыма, мы стараліся фінансаваць, але ў межах дазволенага. Аднак і сам ён шмат працаваў. Помню, мы ўжо пойдзем спаць, а ён усё сядзіць і піша ў свае сшыткі.

Максім ад такіх словаў ніякавее, адыходзіць убок, але захоўвае спакой – гэтаму "дзэну" ён навучыўся ад бацькі.

– Я нешта не тое кажу? – усхвалявана пытаецца Наталля Мікалаеўна.

– Не, усё добра, не хвалюйся.

– Ты не вельмі на мяне крыўдзішся? Калі што, даруй: я ж не ўмею даваць інтэрв'ю…

Вучыўся Максім у беларускамоўнай гімназіі № 4 горада Мінска. Бацькі вельмі ўдзячны яе настаўнікам, а таксама трэнеру, якая прывяла Максіма ў фехтаванне.

– Займацца ён пачаў позна, але ж стаў кандыдатам у майстры спорта. І што яшчэ хацелі б заўважыць. Калі б не ўступныя экзамены, патрапіць у гімназію было б складана: мы ж не адносіліся да яе па прапісцы.

– У Максіма заўжды быў такі грунтоўны падыход да ўсяго?

– З дзяцінства. Помню, мы едзем на лецішча, а ён бярэ з сабой цэлы заплечнік кніг. Мы нават жартавалі: «Хто Ніцшэ не чытаў, той ідзе капаць агарод. Што з імі і размаўляць».

Ідэю паступіць за мяжу Максіму падказаў стрыечны брат. Бацькі да яе паставіліся скептычна, а вось Максім загарэўся. Ён сам знайшоў патрэбнага рэпетытара, сам падрыхтаваўся да амерыканскіх экаменаў – бацькі толькі дапамаглі іх аплаціць. У выніку ўсё атрымалася. Першыя тры дні ад навіны пра паступленне ў Гарвард у Наталлі Мікалаеўны была істэрыка. Вядома, яна вельмі парадавалася за сына, проста хутка да сэрца падступіла трывога: як ён будзе адзін у чужой краіне? Уратавала ад гэтай навязлівай думкі летняя школа па малекулярнай біялогіі ў Польшчы, на якой Максім пабываў летам.

– Тады я крыху звыклася, што сын ад нас з’язджае. Шчыра кажучы, найбольш падтрымліваў Максімаву ідэю бацька.

– Ён проста маўчаў. Лепшая падтрымка, — жартуе Максім.

– А я нервавалася. І зараз нервуюся. Але навошта цяпер, калі падумаць?

– Гэтым разам з больш лёгкім сэрцам адпускаеце сына ў ЗША?

– З цяжкаватым. Бо прыхварэў. Максім вельмі разумны хлопец, але такі неслух – немагчыма. Наш бацька – Дзмітрый Гарунавіч – доктар. То цэлую аптэку паклаў яму ў валізку. Канешне, нервуюся і хвалююся. Мы думалі, што сын будзе вучыцца ў медыцынскім універсітэце тут, побач. Ён жа хатні хлопец. Калі і ехаў куды раней, то недалёка і ненадоўга. А тут – адразу ў Амерыку. Але ён заўжды хацеў, каб была дзвіжуха. І ўсяго дамогся сам.

– Вядома, калі Максім не паступіў бы, нічога страшнага не адбылося б, – дадае Дзмітрый Гарунавіч. – Веды засталіся б ведамі, насіць іх з сабой не цяжка. Інвестыцыя ў адукацыю – найлепшая інвестыцыя. Але ж магчымасці дзяцей не заўжды супадаюць з амбіцыямі бацькоў. Таму на першае месца патрэбна ставіць менавіта здольнасці дзіцяці, каб гэта было яго жаданне, а не прымус: "ты павінен".

Праз некалькі хвілін Максім моцна абдыме маці і бацьку, пройдзе сек’юрыці-кантроль, азірнецца, усміхнецца на развітанне – і праз суткі апынецца ў новым свеце.

"Кожны студэнт умее выстаўляць ў прывабным свеце як свае сілы, так і недахопы. Карацей, Übermensch'ы"

Першы семестр Максіма ў Гарвардзе пачаўся трэцяга верасня. На вучобу ён прыляцеў загадзя. Моўны бар’ер студэнт пераадолеў ужо на другі тыдзень. Да таго, што цяпер ён жыве, нібы ў дэкарацыях захапляльнага фільма, прывык вельмі хутка. Адзінае, з чым пакуль не жадае мірыцца, – гэта новая сістэма мераў, у якой замест кіламетраў – мілі, а градусаў Цэльсія – Фарэнгейты.

На новым месцы Максім хутка займеў сяброў і добрых знаёмых.

У Гарвардзе, распавядае Максім, яму ніводнага разу не давялося сутыкнуцца з сітуацыяй, калі суразмоўцы пыталіся: "Беларусь? Гэта дзе? У Афрыцы?".

– 95 адсоткаў студэнтаў ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь. 70% – могуць назваць сталіцу краіны. 50% – у курсе, што мы эканамічна залежым ад Расіі і ў нас аўтарытарны палітычны рэжым.

Максім разумее: Гарвард – зусім нерэпрэзентатыўнае месца для ЗША.

– Гэта як пайсці ў мінскія Дразды і спытаць у мясцовых жыхароў пра іх заробак, а пасля думаць, што ён такі па ўсёй Беларусі. Альбо казаць пра ўзровень сярэдняй адукацыі ў Беларусі, калі маеш досвед навучання толькі ў Ліцэі БДУ.

На думку Максіма, адным з лепшых універсітэтаў у свеце Гарвард робяць менавіта людзі, якія тут працуюць і вучацца.

– За непрацяглы час вучобы я сустрэў вялікую колькасць неверагодных людзей. Напрыклад, над праектам па праграмаванні я працаваў разам з дзяўчынай, якая выйграла самыя крутыя алімпіяды ў ЗША. Мой сябра з Масквы два разы запар стаў першым на міжнароднай алімпіядзе па хіміі. Яшчэ адзін сябра адначасова навучаўся па трох школьных праграмах: па нямецкай і амерыканскай сістэмах, а таксама ў міжнародным бакалаўрыяце. Іншы знаёмы ўжо на першым курсе працуе кансультантам для адной біялагічнай кампаніі. На першым! Кожны разумее, у чым яго сіла, а ў чым – недахопы. І гэта важная рыса, якую я адзначыў: кожны ўмее выстаўляць ў прывабным свеце як свае сілы, так і недахопы. Карацей, Übermensch'ы (у перакладзе з нямецкай мовы "звышлюдзі". – Заў. TUT.BY), – смяецца Максім.

Самому Максіму спачатку было не вельмі камфортна сярод гэтых "звышлюдзей". Нават крыху стрэсова.

– Але з часам я перастаў параноўваць сябе з іншымі, бо гэта неэфектыўна і нават шкодна. Не ўяўляю, як можна жыць і кожны дзень думаць, што ты не лепшы. Так можна і здароўе страціць. Цяпер я проста ведаю, што нічога не ведаю. І трэба рухацца наперад.

Пра "нічога не ведаю" – гэта ў Максіме зноў загаварыла яго сціпласць, канешне.

У першым семестры, распавядае, студэнтам Гарварда дазволена браць не больш за чатыры курсы. Максім абраў матэматыку, біялогію, гішпанскую мову і праграмаванне.

Праграмаванне яму давялося вывучаць з нуля, як і гішпанскую. Трапіў Максім у "прасунутую" групу, хоць сам пра тое не ведаў. Але выдатна справіўся з усімі хатнімі заданнямі і фінальным праектам павышанага ўзроўню.

А нядаўна ён далучыўся да адной з лабараторый па біялогіі, куды "андэградаў" (тых, хто навучаецца ў бакалаўрыяце) звычайна не бяруць. Але Максіма – узялі. Пакуль ён толькі намацвае накірунак, у якім хацеў бы працаваць. А пасля плануе атрымаць грант універсітэта, каб прысвяціць сваё лета даследаванням.

– Звычайна ў лабараторыі працуе шмат постдактарантаў і PhD-студэнтаў. Я ж – андэград, які хадзіў і пытаў: "Ёсць што?" У першы дзень, калі далучыўся да лабараторыі, мой сябра абараняў сваё даследаванне. Помню, ён казаў: "Калі вы працуеце ў лабараторыі, і ў вас узнікла жаданне ўзяць „андэграда“, калі ласка, не бярыце. Лепш разліце кіслату сабе на скуру – будзе аднолькавы эфект".

Апроч вучобы, Максім трэніруецца ва ўніверсітэцкай камандзе па фехтаванні, куды яго запрасіў сам капітан, далучыўся да клубу па астрономіі і альпінізме. Магчымасцей для сацыяльнага жыцця – мноства, кажа Максім. Хоць прызнае: Гарвард у гэтым не лепшы.

– Студэнцкія паці ў Гарвардзе спецыфічныя. Гэта дакладна не паці-клуб. Не сказаць, што я скарджуся. Насамрэч, там ёсць шмат крутога, проста паці – не тое, у чым мы – першыя. У Йелі вечарынкі весялейшыя. Аднойчы быў там на выходных. Уявіце сабе: падвал, тры гадзіны ночы, secret society. І раптам пачынае граць музыка Веркі Сярдзючкі. Гэта было даволі сюррэалістычна.

Жыве Максім, як і ўсе першакурснікі, побач з кампусам – у Harvard Yard. Гэта самая старая частка ўніверсітэта. Кожны дзень ён прачынаецца і бачыць у вакне нібыта кадры з фільму – утульны двор, гістарычную забудову. У наступным годзе яго пераселяць у адзін з 13 дамоў, у кожнага з якіх – свае традыцыі і канкурэнцыя адзін з адным. Праўда, куды менавіта трапіць Максім, ніхто не ведае: усё адбываецца рандомна. Амаль як у "Гары Потэры".

– Калі прыехаў, усё падавалася неверагодным. Памятаю, я натуральна хадзіў з разінутым ртом. Было нерэальна крута. Зараз гэта падаецца нормай: прыгожыя будынкі, гістарычныя месцы. А спачатку!.. Наогул, адсутнасць чаканняў – гэта мая палітыка па жыцці. Што ні зробіцца потым, усё будзе добра.

На фінансавы аспект жыцця Максім не скардзіцца. Стыпендыя цалкам пакрывае плату за вучобу, жыллё і ежу ў сталовай. Атрымоўвае ён і невялікую стыпендыю на штодзённыя выдаткі, за якія тэарэтычна жыць можна, але крыху складана, улічваючы, які высокі ўзровень жыцця склаўся ў Гарвардзе.

– Калі пайсці паесці за межамі сталовай, будзе адчувальна дорага. Ёсць шмат студэнтаў, якія могуць плаціць ды прывыклі жыць на шырокую нагу, і бізнэс гэта выдатна разумее. Не скажу, што жыву зусім сціпла, але вяду не такі самы лад жыцця, як некаторыя мае сябры.

Цешаць Максіма і роўныя адносіны з выкладчыкамі, і кодэкс гонару, якога абавязаны прытрымлівацца ўсе студэнты Гарварда.

– Гэтая рэч – кодэкс гонару – мне вельмі падабаецца. Перад пачаткам семестру было шмат сустрэч, падчас якіх нам распавядалі пра стасункі з калегамі, пра павагу і паважлівае стаўленне да іншых культур, рас, сэксуальных арыентацый. Каб мы з самага пачатку прытрымліваліся гэтых правілаў і станавіліся часткай Harvard Community. Дарэчы, перад іспытам кожны студэнт падпісвае паперу, што ён азнаёмлены з кодэксам гонару і ведае, што будзе, калі яго не прытрымлівацца. Але і без яго кожны разумее, навошта ён альбо яна паступілі ў Гарвард. Гэта тая рэч, якую можна было б ужываць у беларускіх універсітэтах – нагадваць пра сваю годнасць і гонар.

Любовь Касперович, фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Падзяліцца

Абмяркуйце гэту навіну ў нашых групах:
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook