пят, 23.08.2019
USD2.05|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

«На калені! Я такіх, як ты!..»: Адстаўны палкоўнік міліцыі застрэліў хлопца

18.01.2014 – 22:30 | 766

Не паспела ў Бабруйску сціхнуць жахлівая гісторыя з забойствам 21-гадовай Яні — яе забілі цаглінай, — як новая трагедыя ўскалыхнула горад. 24-гадовы Міхаіл спрабаваў затрымаць чалавека з пісталетам, але загінуў ад яго.

Два стрэлы — у жывот і грудзі — здзейсніў адстаўны міліцыянт. Забойства здарылася ў ноч на 26 снежня.

«У 2:22 мне патэлефанаваў сябар. Пытаецца: у Мішу стралялі, што рабіць? Кажу, вязі ў бальніцу, я зараз пад’еду. А хвілін праз пяць ён мне патэлефанаваў і сказаў, што Міша сканаў», — расказвае прыяцель забітага Аляксандр.

«Я з Мішам развітаўся а палове на першую ночы. Ён папрасіў мяне прывезці яго на сустрэчу, а пасля забраць, — працягвае ён. — Па дарозе заехалі на запраўку, выпілі кавы. Міша прапанаваў тады яшчэ пакатацца. Я быў стомлены і адмовіўся, а за cтырно сеў другі сябар — у яго былі правы. Мяне адвезлі дадому, а самі паехалі».

Міша з сябрам тым часам вярнуліся на запраўку па піва, але алкаголь ім не прадалі. Тады хлопцы і паехалі ў тую бабруйскую краму «ХХІ стагоддзе», адкуль адзін з іх не вярнуўся дадому.

Канфлікт пачаўся праз тое, што Міхаіл хацеў схадзіць па малой патрэбе каля машыны: больш не знайшоў куды.

Гэта не спадабалася адстаўному міліцыянту, які на добрым падпітку стаяў каля крамы.

«Міша сказаў, што сходзіць у краму, і пасля яны разбяруцца. Выйшаў, а дзеда ўжо не было. Пазнаёміўся з хлопцамі, што там стаялі. А затым вярнуўся дзед, размахваў пісталетам: «На калені! Я такіх, як ты!..» Міша захінуўся рукой: «Супакойся, навошта страляць — мірны час…» А дзед прыстрашыў: «Яшчэ крок — і стрэлю», — пераказвае Аляксандр.

Хлопцы пабеглі ў краму выклікаць міліцыю. Па-тэлефанаваў на 102 і Міхаіл. Пенсіянер, пачуўшы пра міліцыю, сышоў. Хлопцы ж вырашылі не адпускаць сітуацыю. Яны хацелі прасачыць за ім, паколькі ўжо выклікалі міліцыю. Заехалі ў завулак.

Міша з машыны выйшаў і паслізнуўся — паваліўся ў бок дзеда. І тут прагучалі два стрэлы…

«Мы знаёмыя з дзяцінства: і ў садок хадзілі разам, і ў школу. Сябры параз’язджаліся з вёскі, а мы толькі ўдвух засталіся ў Каменцы. У Мішы быў такі розум, што мог усім займацца. Апошнім часам ён пераключыўся на машыну. У яго былі «Жыгулі», якія знутры цалкам перарабіў. Даходзіла да таго, што, калі сядаў нехта ў машыну, не мог паверыць, што гэта савецкае аўто», — згадвае Аляксандр.

Міхаіл скончыў універсітэт у Гомелі і па размеркаванні прыйшоў тэхнолагам на Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў.

Але жыў у роднай Каменцы. Пасля Новага года яго павінны былі павысіць — ставілі начальнікам бюро.

«Вяселле чакалася мінулым летам… Ён хацеў купіць дом, усё ездзіў і глядзеў. Але не падабраў, і вяселле адклалі», — дзеліцца планамі сябар.

Затрыманы — 60-гадовы адстаўны палкоўнік міліцыі. Страляў ён з зарэгістраванага пісталета ІЖ-70.

Гэтая мадэль з’яўляецца мадыфікацыяй пісталета Макарава, створаная ў 1990-х як спартыўна-трэніровачны пісталет.

Заведзены дзве крымінальныя справы: за асабліва злоснае хуліганства і забойства. Найбольшае пакаранне — да 15 гадоў турмы.

Сяргей Макарэвіч, NN.BY

Падзяліцца