суб, 21.09.2019
USD2.04|EUR2.26|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Павел Севярынец прэзентаваў у Горках "пяць добрых кніг"

17.12.2018 – 16:09 | 447

Да апошняга моманту не было зразумела, ці зможа дабрацца да Горак ды іншых мястэчак Магілёўскай вобласці Павел Севярынец. 12 снежня палітыка затрымалі ў Курапатах, дзе ён разам з іншымі актывістамі трымае варту супраць забаўляльнай установы, якая з'явілася недалёка ад месца масавага пахавання расстраляных падчас сталінскіх рэпрэсій. Севярынца накіравалі ў Бараўлянскі райаддзел міліцыі за непадпарадкаванне супрацоўнікам МУС. На наступны дзень выпусцілі, але выпісалі штраф і да ягонай выплаты адабралі тэлефон. Нягледзячы на гэта 15 снежня Павел прыбыў у наш горад, дзе прэзентаваў мясцовым чытачам пяць добрых кніг.

img_2524.jpg

Акрамя Севярынца да нас прыехаў Аляксей Туровіч, рэжысёр фільма пра Курапаты "Жоўты пясочак". Распавёў пра герояў сваёй стужкі і выказаў меркаванне, што нашы часы ад 1930-х не вельмі адрозніваюцца. Творца паабяцаў: калі знойдзе грошы – абавязкова здыме фільм пра Першую Сусветную вайну.

Трэці госць Горак – грамадскі актывіст з Магілёва, кіраўнік абласнога аддзялення БХД Алег Аксёнаў.

img_2527.jpg

Павел Севярынец паведаміў, што збіраецца распавесці пра пяць добрых кніг жыхарам Горак, Хоцімска і Клімавічаў. Падзякаваў гаспадару хаты Віктару, у якой адбылася горацкая сустрэча.

img_2525.jpg

Размова пачалася з феномену "хрысціянскай дэмакратыі", які з'явіўся значна раней за БХД – яшчэ ў Полацкім княстве, – упэўнены Павел. А ў мінулым стагоддзі, у той частцы Беларусі, якая апынулася пад Польшчай, хрысціянскія дэмакраты дасягнулі пэўных поспехаў: заснавалі банк, падтрымлівалі сялян фінансавымі пазыкамі, выпускалі 12 перыядычных выданняў. Займаліся і такой важнай на той час асветніцкай дзейнасцю – ездзілі па вёсках і вучылі сялян мыць рукі мылам!

Аднак па словах Паўла, з 50 кіраўнікоў БХД толькі тры ці чатыры змаглі выратаваць сябе ад рэпрэсій і апынуліся на Захадзе, астатнія – пападалі ў турмы Польшчы, СССР ці Гестапа. І, нарэшце, ці адразу, ці потым гінулі.

img_2528.jpg

Наш госць прыгадаў некалькі імёнаў тых людзей, якія зараз амаль забыты. Напрыклад, малады ксёндз Казімір Сваяк. У яго быў туберкулёз. Казалі – пражывеш адзін год, не болей. І за той апошні год гэты чалавек адчыніў сем беларускіх школ і правёў трохмесячныя курсы для настаўнікаў. Пражыў 36 гадоў. Да сённяшняга часу яго памятаюць на Астравеччыне – ёсць музей, помнік, захаваўся і касцёл, у якім той служыў.

img_2526.jpg

Яшчэ адно забытае імя – Язэп Барадзюля. Аднаўляў касцёлы на тэрыторыі Усходняй частцы Беларусі. Улады патрабавалі, каб Барадзюля перадаваў ім тое, што на споведзі гавораць людзі. Той адмовіўся. І так некалькі разоў. За гэта 12 гадоў прабыў у лагерах, а пасля пятага арышту быў накіраваны на пажыццёвую ссылку ў Сібір. 19 гадоў свайго жыцця гэты чалавек пражыў зняволеным у халодных раёнах Расіі. Канчаткова трапіў на свабоду толькі ў 1954-ым у 61 год. Да самай смерці ў 1983-ым служыў у касцёле ў Рызе.

img_2530.jpg

img_2531.jpg

У гэтым ланцужку – і Марыя Магдалена Радзівіл, якая нават свае ўпрыгожванні аддавала на тое, каб выдаваліся беларускія выданні, калі захад сучаснай Беларусі быў часткай Польшчы.

Яшчэ – Адам Дасюкевіч, бургамістр Паставаў падчас нямецкай акупацыі. Спачатку адмаўляўся ад гэтай работы, але сяляне ўпрасілі, каб іх абараняў. Быў забіты немцамі 31 кастрычніка 1943 года. Па адной з версій, яго застрэліў нацыст, калі Адам прыйшоў без ежы для немцаў і сказаў, што ў людзей ужо нічога няма, каб аддаць. Развітацца з Дасюкевічам выйшлі сотні людзей, яго ўрачыста пахавалі, а на магіле было шмат бела-чырвона-белых стужак. Немцы пабаяліся разганяць працэсію.

img_2536.jpg

img_2537.jpg

Сярод выданняў, пра якія распавёў у Горках Павел Севярынец – "Беларуская хрысціянская азбука". У ёй на кожную літару нашага алфавіта – маленькі вершык і малюнак. Кожную старонку прагледзелі і зацвердзілі прадстаўнікі праваслаўя, каталіцтва і пратэстантызму ў Беларусі.

Яшчэ адна кніга – "Люблю Беларусь", у ёй аўтары змясцілі 200 феноменаў беларускай нацыянальнай ідэі. Сем раздзелаў – зямля, гісторыя, культура, спорт, асобы, гаспадарка, духоўнасць. Там жа – пра 18 Нобелеўскіх лаўрэатаў родам з Беларусі!

img_2539.jpg

Апошняе выданне ў прэзентацыі – мастацкі раман Паўла Севярынца "Беларусалім". Дакладней, яго першая частка, якая называецца "Золак". Наш госць сцвярджае, што Беларусь займае асобнае месца ў прадказаннях пра канец свету. Таму што многія, што аднавіў Ізраіль – родам з Беларусі.

img_2541.jpg

Таксама выступоўца паказаў некалькі дыскаў з рэлігійнымі і каляднымі песнямі і адказаў на пытанні прысутных.

Напрыклад, пра Курапаты, дзе днём і ноччу стаяць людзі і заклікаюць наведнікаў рэстарана байкатаваць гэтую ўстанову, якая размясцілася ля народнага мемарыяла. Павел паабяцаў, што актывісты будуць там стаяць да перамогі.

img_2544.jpg

Пытанне прагучала і пра прэзідэнцкія выбары. Севярынец не прыхільнік таго, каб у іх удзельнічаць дзеля масоўкі.

img_2546.jpg

img_2548.jpg

img_2553.jpg

Тэкст і фота Вольга Арлец