сер, 12.12.2018
USD2.13|EUR2.42|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Інстаграме Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Твітары Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Фэйсбуку Навіны, фота і відэа з Горак, Дрыбіна, Мсціслава праз RSS Атрымліваць навіны з Горак, Дрыбіна, Мсціслава на e-mail

"Спачатку быў інстытут, а потым – горад". Фотарэпартаж з Горак – самага студэнцкага горада Беларусі

19.11.2018 – 13:39 | 1652

У горадзе Горкі на Магілёўшчыне жыве 34 тысяч чалавек, а ў мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі навучаецца каля 10 тысяч студэнтаў. Плюс 2 тысячы магістрантаў, асьпірантаў і тых, хто атрымлівае другую адукацыю. Напярэдадні Дня студэнта Свабода наведала самы студэнцкі горад Беларусі.

  • Гэта самая старая дзеючая найвышэйшая навучальная ўстанова Беларусі. Яна адкрылася ў 1840 годзе.
  • Праз удзел студэнтаў у паўстаньні Каліноўскага, земляробчы інстытут быў зачынены з 1864 па 1919 год.
  • Кожны трэці старшыня райвыканкама вучыўся ў Горках.
  • У Горках самая высокая шчыльнасьць студэнтаў сярод усіх гарадоў Беларусі.
  • Мясцовы кампус нагадвае клясычны эўрапейскі і амэрыканскі​.
  • Акадэмія – самы буйны працадаўца ў горадзе.

У 1840 годзе ў маёнтку Горы-Горкі адкрылі земляробчую школу. У 1848 годзе навучальную ўстанову зрабілі інстытутам – першай сельскагаспадарчай ВНУ ў Расейскай імпэрыі. З інстытутам, а пазьней Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй зьвязана ўся сучасная гісторыя Горак.

Самыя старыя будынкі, якія захаваліся ў Горках, – гэта першыя карпусы земляробчай школы. З абодвух бакоў ад вучэбнага корпуса №4 стаяць былыя флігелі сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. На тэрыторыі акадэмічнага гарадка таксама захаваліся дом настаўнікаў пачатку ХХ стагодзьдзя і даваенны інтэрнат.

Студэнцкая "ахова".

"Ад пачатку была навучальная ўстанова, а ўжо потым – горад", – распавяла Тацьцяна Лосева, дырэктарка музэя сельгасакадэміі.

Магіла забітага студэнта Войцэха Дамарацкага на ўваходзе ў дэндрапарк. Ён быў у ліку 66 студэнтаў і выкладчыкаў Горыгорацкага інстытута, якія падтрымалі паўстаньне Каліноўскага. У 1864 годзе інстытут зачынілі і перавялі ў Санкт-Пецярбург.

Батанічны сад і дэндрапарк заклалі ў 1847 годзе. Архітэктарам быў італьянец Анжэла Кампіёні.

Больш за паўстагодзьдзя ў інстытуцкіх карпусах разьмяшчаліся сярэднія навучальныя ўстановы. Толькі ў 1919 годзе ў Горках аднавілі ВНУ і адкрылі тут Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

Студэнцкі гарадок займае 54 гектары. Студэнты тут і жывуць, і вучацца. Гэта паўнавартасны кампус, як у клясычных эўрапейскіх і амэрыканскіх унівэрсытэтах.

Узьбярэжная ўздоўж штучных сажалак, дэндрапарк, вялікі палац культуры, амфітэатар – усё гэта месьціцца на тэрыторыі кампуса.

У адміністрацыі акадэміі падкрэсьліваюць, што месцаў у інтэрнаце хапае ўсім студэнтам.

Горацкія армрэсьлеры і армрэсьлеркі – адныя з наймацнейшых сярод беларускіх студэнтаў. Іхнія заняткі праходзяць у трэнажорнай залі пры інтэрнаце.

У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі навучаецца каля 12 тысяч слухачоў. Сярод іх – каля 5 тысяч студэнтаў вочнай формы, і столькі ж – завочнай. Рэшта – гэта магістранты, асьпіранты, тыя хто павышаюць кваліфікацыю і атрымліваюць другую адукацыю.

Акадэмія – гэта, так бы мовіць, "горадаўтваральнае прадпрыемства" і самы вялікі працадаўца горада. Тут працуюць 1600 чалавек. Разам са студэнтамі-вочнікамі, якія зарэгістраваныя ў Горках, сельгасакадэмія складае вялікую частку ад насельніцтва горада.

"Кожны шосты жыхар Горак мае дачыненьне да акадэміі", – кажа Максім Патапенка, прарэктар па выхаваўчай працы.

Яблыкі ў студэнцкай сталовай і буфэтах – бясплатныя. Яны вырашчаныя ў садах акадэміі. У навучальнай установе ёсьць 250 гектараў вопытных палёў, дзе студэнты праводзяць дасьледаваньні і адпрацоўваюць новыя тэхналёгіі.

Вучыцца ў Горкі прыяжджаюць замежныя студэнты.

Большасьць бараў і кавярняў у Горках разьмешчаныя "на Акадэміі" – раёне вакол студэнцкага гарадка.

"У горад выбіраюся раз на тыдзень, – кажа студэнтка Аляксандра, якая працуе барыстай у кавярні каля студэнцкага гарадка. – У вялікую краму ці на рынак па спэцыі. А так тут усё ёсьць".

Антон Трафімовіч, фота: Уладзь Грыдзін, svaboda.org

Падзяліцца

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба ўвайсці або зарэгістравацца.