нядз, 16.06.2019
USD2.07|EUR2.33|RUB3.21
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Чаму Магілёў – адзіны абласны цэнтар, дзе не паказваюць "Багемную рапсодыю"

16.11.2018 – 16:50 | 378

Магілёў – адзіны абласны цэнтар краіны, у якім не паказваюць фільм "Багемная рапсодыя". Каб пабачыць стужку пра культавы рок-гурт Queen і яго лідэра Фрэдзі Мэрк'юры, гледачы едуць у суседнія вобласьці і ў Менск. Свабода даведалася, у чым прычына.

"300-400 чалавек сходзіць, і ўсё на гэтым"

Дырэктарка магілёўскага "Кінавідэапракату" Ірына Дарафеева лічыць "Багемную рапсодыю" спэцыфічным фільмам: "Гэта не для падлеткаў".

"Той, хто пойдзе на "Дэдпул", на "Багемную рапсодыю" можа і не пайсьці", – мяркуе яна.

Паводле Дарафеевай, каб акупіўся фільм, на яго павінны схадзіць тысячы чалавек. Але такой аўдыторыі для "Багемнай рапсодыі" яна не чакае.

"Магчыма, так, частка, якая цікавіцца, 300-400 чалавек, сходзіць – і ўсё. Але на гэтым ніколі не адпрацуеш фільм".

Тым ня менш, зважаючы на шматлікія просьбы магілёўцаў, яна ня выключыла, што фільм з суботы пачнуць паказваць у адным з кінатэатраў – "хаця б і на страту для прадпрыемства".

"Буду спадзявацца, што будуць ламіцца туды", – сказала Дарафеева.

У іншых абласьцях паказ стужкі субсыдуюць, мяркуе яна і адзначае, што магілёўскі кінавідэапракат "ня мае субсыдый, толькі ўласныя сродкі".

Ірына Дарафеева кажа, што магілёўскія пракатчыкі вядуць актыўныя перамовы, "каб кінакампанія скінула цану".

"Непасільную фінансавую паставілі задачу, – кажа яна. – Перамовы вядзём. Гэта пакупны фільм, ні на якія іншыя ўмовы кінакампанія не ідзе, толькі купля. А яна вельмі дарагая".

Усё-ткі пакажуць. Як стала вядома horki.info, у Магілёве ўсё ж вырашылі паказаць "Багемную рапсодыю". Фільм можна паглядзець у кінатэатры "Ветразь" з 22 лістапада па 26 снежня.

Дыстрыб'ютар: У нас умовы для ўсіх стандартныя

У маскоўскім прадстаўніцтве кампаніі "Дваццаты Век Фокс СНД" Свабодзе сказалі, што магілёўскія кінапракатчыкі да іх не зьвярталіся.

"Умовы стандартныя, – кажа мэнэджар пракату. – Нічога незвычайнага па гэтым фільме не было. Відаць, зь нейкіх прычын кінатэатар не захацеў ставіць гэты фільм у сваю сетку, у свой рэпэртуар. І гэтае пытаньне лепш задаць ім".

Просьбы з Магілёва зьменшыць кошт пракату не было, – дадала прадстаўніца "Дваццаты Век Фокс СНД".

Віцебскія ж пракатчыкі сказалі Свабодзе, што задаволеныя колькасьцю гледачоў "Багемнай рапсодыі". У аршанскім кінатэатры "Перамога", куды езьдзяць і з Магілёва, фільм пасьля пачатку паказаў перавялі ў залю на 200 крэслаў, бо ў меншай усім ахвотным месцаў не хапала.

У Менску "Багемная рапсодыя" стала самым касавым фільмам пракату мінулага тыдня, сабраўшы 150,7 тысячы рублёў, паведаміў Tut.by са спасылкай на УП "Кінавідэапракат".

Паводле найбуйнейшай у сьвеце базы фільмаў IMDb, стужка ўжо трапіла ў сьпіс 250 фільмаў з самым высокім рэйтынгам. Гэтая ацэнка адлюстроўвае меркаваньне карыстальнікаў сайту.

svaboda.org

Абмяркуйце гэту навіну ў нашых групах:
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook