аўт, 18.12.2018
USD2.12|EUR2.40|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Інстаграме Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Твітары Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Фэйсбуку Навіны, фота і відэа з Горак, Дрыбіна, Мсціслава праз RSS Атрымліваць навіны з Горак, Дрыбіна, Мсціслава на e-mail

Ня "наша" вайна? 10 беларускіх "пазлаў" Першай усясьветнай. Унікальныя фота

11.11.2018 – 22:47 | 592

100 гадоў таму, 11 лістапада 1918-га, было падпісанае Камп'енскае замірэньне, якое паклала канец Першай усясьветнай вайне. У гэты дзень памяць тых, хто загінуў, ушаноўваецца ва ўсіх краінах, уцягнутых у канфлікт, хоць для Расеі вайна скончылася на паўгода раней – яна выйшла зь яе ў выніку Берасьцейскага міру.

У глябальным процістаяньні бралі ўдзел блізу чатырох дзясяткаў дзяржаў з агульнай колькасьцю насельніцтва 1,5 мільярда чалавек. Сумарныя страты ўсіх армій склалі прыблізна 8 мільёнаў – гэты тыя, хто быў забіты і памёр ад раненьняў. А калі палічыць і мірных жыхароў, то колькасьць ахвяр наблізіцца да 17 мільёнаў.

У Беларусі, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, тагачасным падзеям не надавалася асаблівай увагі – найперш празь непрывабную ролю бальшавікоў у той вайне. Працэсы, якія прывялі да кастрычніцкага перавароту, сталі галоўнай прычынай развалу расейскай арміі, чым неадкладна скарыстаўся праціўнік. Бязвольная капітуляцыя, выплата кантрыбуцыі, страта тэрыторый – яўна ня тое, чым можна ганарыцца.

Аднак факт застаецца фактам: беларусы прайшлі праз самую гарлавіну "Вялікай вайны". Сотні тысяч тутэйшых мужчын былі мабілізаваныя ў царскую армію, кожны дзясяты палёг на фронце. Мільёны ўцекачоў пакінулі свае дамы, вярнулася толькі палова. Зраўнаныя зь зямлёй гарады, зьнішчаныя помнікі. Ці можна на такое забыцца?

Беларускія фрагмэнты Першай усясьветнай аднаўляем зУладзімерам Багданавым. Ягоная цікавасьць да забытай вайны пачалася з калекцыянаваньня трафэйных фатаграфій, а перарасла ў дасьледчую працу. Ён сябра фонду памяці "Крокі", і апошнія 15 гадоў шукае і ўлічвае вайсковыя пахаваньні. Сёньня ў ягоным каталёгу каля 350 пунктаў на Берасьцейшчыне, Віцебшчыне, Гарадзеншчыне, Меншчыне, празь якія праходзіла лінія фронту 1915-1918 гадоў.

У творчым багажы шэраг кніг і фотаальбомаў, тысячы выяваў. Але па-ранейшаму ён набывае на аўкцыёнах паштоўкі, карціны, літаграфіі, палкавыя кнігі – усё, што зьвязана з падзеямі 100-гадовай даўнасьці. Свабода публікуе сёньня многія зь іх упершыню.

1. Разруха: якія мясьціны Беларусі пацярпелі найбольш? Як адбілася вайна на эканоміцы, інфраструктуры, помніках?

Найбольшыя разбурэньні – у месцах жорсткага супрацьстаяньня: Смаргонь, Паставы, Ляхавічы, Баранавічы і г.д. Аднак часьцей перадавая праходзіла ўдалечыні ад гарадоў, таму руйнаваньні былі не такія значныя.

Разбураны шэраг архітэктурных помнікаў, якія апынуліся па розныя бакі лініі фронту і рэгулярна абстрэльваліся. Напрыклад, Крэўскі замак і былы касьцёл у Наваспаску пад Смаргонямі: у замку хаваліся немцы, у храме – расейцы.

Да сёньня ў руінах цэрквы ў Беразаўцы пад Карэлічамі і ў Івашкавічах пад Зэльвай. Збудаваны перад вайной касьцёл у вёсцы Задзеўе пад Паставамі спачатку разьбіла расейская артылерыя, а рэшткі разабралі немцы на цэглу для акопных печак. Касьцёл у Відзах на Браслаўшчыне стаў мішэньню для расейскай артылерыі ў першым акце Нарачанскай апэрацыі: 5 сакавіка 1916 году на яго абрынулі шквал агню, каб зьнішчыць нямецкі назіральны пункт у 60-мэтровых вежах. Касьцёл аднавілі, але меткі вайны засталіся.

Вялізныя страты эканоміцы і інфраструктуры нанесла тактыка "выпаленай зямлі", якую ўжывала расейская імпэратарская армія. Гэта тлумачылася лёгікай ваенных дзеяньняў: ва ўмовах, калі авіяцыя яшчэ не была разьвітая, для нямецкай арміі сур'ёзнай праблемай было забесьпячэньне войска.

Харчы, матэрыялы, жывую сілу для розных работ немцы мусілі шукаць на акупаванай тэрыторыі. Таму, адступаючы, расейцы нішчылі ня толькі стратэгічныя аб'екты, як фарты Берасьцейскай і Гарадзенскай крэпасьцяў, але і камунікацыі – масты, чыгункі, вытворчыя будынкі, абсталяваньне на фабрыках і заводах.

Расейцы вывозілі прадукты харчаваньня, палілі пасевы, зганялі скаціну. Мясцовым жыхарам выдавалі даведкі, каб потым кампэнсаваць страты, але пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі ні пра якія кампэнсацыі гаворкі ўжо не было.

2. Ахвяры: ці значныя страты сярод мірнага насельніцтва? Адкуль найбольш уцекачоў, якая частка вярнулася на радзіму?

Страты мірнага насельніцтва ў выніку баявых дзеяньняў былі непараўнальна меншыя, чым у Другую ўсясьветную вайну. Называецца лічба да 60 тысяч, хоць не да канца зразумелы мэханізм падліку. Тая вайна яшчэ не была так прасякнутая ідэалёгіяй, як наступная. Гэта было змаганьне перадусім армій – яны ваявалі паміж сабой, не закранаючы наўпрост мясцовых жыхароў. Не праводзіліся карныя акцыі, не было "партызанкі" ў звыклым разуменьні.

Партызаны Першай усясьветнай – гэта рэгулярныя падразьдзяленьні расейскай арміі, якія рабілі дывэрсійныя рэйды ў тыл праціўніка. Так, пад Пінскам у лістападзе 1915-га быў захоплены нямецкі генэрал Фабарыюс, начальнік штабу 82-й рэзэрвовай дывізіі – адзіная германская "генэральская" страта на беларускім участку фронту за ўсю вайну. А вось з расейскімі генэраламі такое здаралася значна часьцей.

Што тычыцца масавага бежанства, то яно шмат у чым зьвязанае са згаданай тактыкай выпаленай зямлі: трэба было прыбраць працоўную сілу зь мясцовасьці, якой пагражала акупацыя, і перакінуць яе ў тыл.

Расейская прапаганда, каб заахвоціць беларусаў да выезду, малявала немцаў самымі чорнымі фарбамі, прыпісваючы ім страшныя зьверствы. Бежанства не заўсёды бывала добраахвотным. Так, жыхарам Смаргоняў загадалі эвакуавацца з гораду тэрмінова – на зборы далі 3 гадзіны.

Па розных ацэнках, з тэрыторыі цяперашняй Беларусі, пераважна з найбольш заселеных заходніх рэгіёнаў, было эвакуавана да 2 мільёнаў жыхароў. Пасьля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны назад вярнуліся менш за палову. Наступствы тых дэмаграфічных стратаў адчуваюцца дагэтуль.

3. Мабілізацыя: прызывалі ў царскую армію з усёй Беларусі ці з прыфрантавых рэгіёнаў? Якая колькасьць забітых і параненых?

Паводле наяўных дадзеных, зь беларускіх губэрняў за час вайны было мабілізавана каля 700 тысяч чалавек. Вызначыць баявыя страты сярод тутэйшых мужчын даволі цяжка, бо пад канец вайны ўлік быў дрэнны, многія дакумэнты не захаваліся, а некаторыя мабілізаваныя з розных прычын дадому не вярнуліся.

Разам з тым выклікае неразуменьне пазыцыя Расеі, дзе мабілізацыя была татальнай. За выключэньнем некалькіх выпадкаў, рэальнага ўдзелу ў доглядзе за пахаваньнямі сваіх жа суайчыньнікаў няма. Гэта пры тым, што на тэрыторыі самой Расеі захаваліся толькі адны ўпарадкаваныя баявыя могілкі Першай усясьветнай – у цяперашняй Калінінградзкай вобласьці.

Сёлета ў верасьні ў Паставах праводзілі перапахаваньне парэшткаў 160 расейскіх салдат, выяўленых пошукавікамі 52-га спэцыялізаванага батальёну. Тут царская армія панесла самыя вялікія страты ў Нарачанскай апэрацыі 1916 году – больш за 50 тысяч чалавек за 4 дні. Прыехалі прадстаўнікі амбасады Францыі (згаданая апэрацыя была дапамогай саюзьнікам, каб аслабіць ціск немцаў на францускі Вэрдэн), а ў расейскай дыпмісіі не знайшлося нікога, хто б наведаў паніхіду па сваіх земляках.

4. Суіснаваньне: як ставіліся мясцовыя жыхары да варагуючых армій? І як цывільных успрымалі ваенныя?

Мяркуючы па фатаграфіях таго часу, вайскоўцы дзьвюх армій суіснавалі зь мясцовым насельніцтвам досыць мірна. Першая ўсясьветная ў гэтым сэнсе – унікальная для беларускай гісторыі. Калі дагэтуль баявыя дзеяньні пракочваліся "транзытам", дык тады цягам двух з паловай гадоў фронт стаяў практычна стабільна. Як вынік, працягвалася прыстасаванае да вайны "мірнае жыцьцё": і тыя, і другія сеялі і зьбіралі ўраджай.

Шмат фота сельгасработ, на якіх немцы зьнятыя сумесна зь мясцовымі жыхарамі. Яны тут вялі гаспадарку, мелі зносіны з насельніцтвам, нават заводзілі адносіны. Ёсьць і здымкі расейскіх салдат зь беларускімі дзяўчатамі. Частыя пэрсанажы на выявах – мясцовыя дзеці, зь якімі гуляюць і расейцы, і немцы.

Беларускія вёскі, дзе стаялі немцы, вельмі зьмяніліся: тут клалі ходнікі, асушвалі дарогі, праводзілі электрычнасьць, зьявіліся першыя кінатэатры. Жыхар палескай вёскі пераказваў адно зь яскравых уражаньняў сваёй бабулі: немцы ўвечары сабралі дзяцей перад нацягнутай прасьцінай, і раптам адтуль на іх паехаў цягнік. Усе разьбегліся, акурат як у братоў Люм'ер.

Зразумела, расейскае войска таксама зьмяніла жыцьцё вёсак, дзе стаялі іх часткі. Але пра гэта складана рабіць аб'ектыўныя высновы, бо арыгінальных фотаматэрыялаў захавалася надзвычай мала.

5. Пахаваньні: ці прынцыповая розьніца паміж станам могілак германскай і расейскай армій?

Розьніца істотная. Немцы яшчэ падчас вайны перабудоўвалі пахаваньні як капітальныя: цягам 1916-1918 гадоў усталёўвалі каменныя помнікі, рабілі агароджы, будавалі мэмарыялы. Як правіла, кожнага салдата хавалі ў індывідуальнай магіле, "брацкія" пахаваньні былі рэдкасьцю. Распаўсюджанай была практыка, калі побач з магіламі сваіх салдат немцы хавалі загінулых расейцаў, ставілі ім крыжы і каменныя помнікі. Адносіны былі хоць і варожыя, але паважлівыя, безь нянавісьці, якая зьявілася ў Другую ўсясьветную.

У расейскай арміі арганізацыя могілак, улік забітых і памерлых ад ранаў таксама былі. Кожная магіла фіксавалася, ставіўся драўляны крыж, у пляны і дакумэнты заносілі арыенціры. Аднак "брацкія" магілы ўжо тады былі распаўсюджанай зьявай, і камень амаль не ўжываўся.

На рубяжы 1920-1930-х пад эгідай Чырвонага Крыжа прайшла міжнародная акцыя добраўпарадкаваньня могілак. Гэта закранула і Заходнюю Беларусь, якая ўжо была пад Польшчай. Драўляныя крыжы памянялі на бэтонныя надмагільлі, новыя надпісы былі ўжо па-польску. Аднак праца вялася пераважна на нямецкіх ці зьмяшаных пахаваньнях, "чыста расейскія" могілкі – як у Браславе, Снове, Пагарэльцах – былі выключэньнем.

СССР удзелу ў той акцыі ня браў – для яго Першая ўсясьветная стала "чужой" вайной. Пасьля таго як у 1939 годзе заходнія землі былі далучаныя да БССР, ніякіх працаў на могілках ужо не вялося. Большая частка расейскіх пахаваньняў паступова зьнікла: там давалі ўчасткі пад забудову, бралі адтуль зямлю падсыпаць дарогі і г.д.

Толькі апошнім часам сытуацыя пачала мяняцца, у асноўным за кошт энтузіястаў. З удзелам уладаў адноўленыя і добраўпарадкаваныя Менскія брацкія вайсковыя могілкі ў раёне Старажоўкі. Вядзецца праца ў Вілейскім, Пастаўскім, Мядзельскім, Пінскім, Баранавіцкім раёнах. Ад пачатку 1990-х у Беларусі працуе дабрачынная арганізацыя "Народны саюз Германіі дзеля догляду за ваеннымі пахаваньнямі" – адноўленыя дзясяткі могілак, у тым ліку зьмяшаных.

6. Умацаваньні: бэтонныя доты і драўляныя "капаніры". Чаму расейцы амаль ня ўзводзілі капітальных канструкцый?

На 400 кілямэтраў праз тэрыторыю Беларусі працягнулася лінія фронту 1915-1918 гадоў. Як вынік, захавалася мноства аб'ектаў – ніводная вайна не пакінула столькі сьлядоў.

Бэтонныя бліндажы – як правіла, нямецкія. Прыблізная колькасьць капітальных пабудоваў таго часу – ня менш за 5 тысяч. Расейцы будавалі ўмацаваньні зь зямлі і дрэва, за 100 гадоў ад іх засталіся толькі ляндшафтныя сьляды. Вядомыя толькі некалькі іхніх фартыфікацыйных аб'ектаў з выкарыстаньнем каменю і бэтону.

Нямецкая армія на ўсходнім фронце вяла наступ да восені 1915 году. Пасьля таго як немцы паспрабавалі дзёрзка прарвацца праз расейскія пазыцыі пад Сьвянцянамі, наступ быў спынены, далейшая тактыка – абарона.

Весьці вайну на некалькі франтоў – у Заходняй Эўропе, Расеі, Афрыцы, на Блізкім Усходзе – было складана. Галоўнай задачай стала ўтрымацца на дасягнутых рубяжах. Да восені 1915-га на тэрыторыі Беларусі немцы выходзяць на лінію супрацьстаяньня і пачынаюць капітальна ўмацоўваць свае пазыцыі. Бэтонныя аб'екты будуюцца ў асноўным у 1916-1917 гадах.

Расейская армія ўвесь гэты час рыхтуецца да наступу. У такіх умовах для абароны ад варожай артылерыі хапала дрэваземляных умацаваньняў з бліндажамі ў сем накатаў. Гэта галоўная прычына таго, што 100-гадовага нямецкага бэтону захавалася шмат, а расейскага практычна няма.

У 1916 годзе расейская армія некалькі разоў спрабавала прарваць нямецкую абарону. У гісторыю ўвайшлі Нарачанская і Баранавіцкая апэрацыі, Брусілаўскі прарыў і іншыя. Загінулі дзясяткі тысяч салдат, але без сур'ёзных посьпехаў. Апошні буйны наступ здарыўся летам 1917-га на адрэзку паміж Смаргонямі і Крэвам. Але армія ўжо была падарваная рэвалюцыйнай агітацыяй. Пасьля артпадрыхтоўкі пяхота ў бой не пайшла.

Да пачатку 1918-га немцы разумеюць, што расейская армія разваленая знутры, і пачынаюць наступ, які амаль не сустракае супраціву...

7. Адметнасьці: газавыя атакі, авіяцыя, братаньне, жаночыя батальёны ды іншыя навацыі Першай усясьветнай вайны

Сёньня даволі шмат інфармацыі пра газавыя атакі. Праўда, у расейскамоўным інфармацыйным полі часьцей гаворка пра страшныя напады зь нямецкага боку і тысячы загінулых расейскіх салдат. Радзей згадваецца, што расейская армія таксама ўжывала атрутны газ. Факт, што хімічныя снарады і іншыя спосабы масавых забойстваў ужываліся з абодвух бакоў.

Аднак зь цягам часу газавыя атакі здараліся ўсё радзей. І не з прычыны сваёй антыгуманнай сутнасьці, а праз складанасьць прымяненьня і, як вынік, нізкую эфэктыўнасьць – любая раптоўная перамена ветру разварочвала газавыя аблокі на ўласныя акопы. Да таго ж войскі ўжо ў дастатковай меры былі забясьпечаныя адгазьнікамі ды іншымі сродкамі абароны.

А вось авіяцыя дзейнічала актыўна. Адзін з трагічных эпізодаў – крушэньне пад Крэвам у верасьні 1916 году цяжкога паветранага карабля "Ільля Мурамец" (ІМ-16) – гэта адзіная баявая страта такога самалёта расейцамі за ўсю вайну. Немцы з вайсковымі ўшанаваньнямі пахавалі экіпаж на могілках пад Барунамі.

Яшчэ адна незвычайная старонка той вайны – жаночы батальён сьмерці Марыі Бачкаровай. Калі войска ва ўмовах бальшавіцкай агітацыі пачало развальвацца, спатрэбіліся патрыятычныя прыклады, каб падняць маральны дух. Ніхто ня меў ілюзій, што жанчыны стануць рэальнай баявой сілай. Аднак гатовасьць добраахвотніц ісьці ў атаку павінна была стаць дакорам для слабакоў.

Адзіны раз у баявых дзеяньнях батальён удзельнічаў летам 1917-га. Хоць падначаленыя Бачкаровай у Наваспаскім лесе праявілі сябе гераічна – былі загінулыя і параненыя – відавочна, што падразьдзяленьне было створана ў прапагандысцкіх мэтах.

Некалькі гадоў дабрачынны фонд памяці Першай усясьветнай вайны "Крокі" спрабуе паставіць у раёне, дзе вёў наступ жаночы батальён, памятны знак, аднак узгадненьня дагэтуль атрымаць не ўдаецца.

Зрэшты, батальён Бачкаровай ня быў адзіным. У 1917 годзе такія часткі фармавалі паўсюль, хоць у рэальных баях з загінулымі і параненымі больш ніхто ня ўдзельнічаў. Гэтым прапагандысцкая фантазія не вычэрпваецца: быў створаны інвалідзкі батальён зь ліку пакалечаных салдатаў. Сьляпых, бязрукіх і бязногіх вярнулі ў баявыя шэрагі, каб падтрымаць патрыятычны дух у войску. Праўда, да справы таксама не дайшло.

Масавыя братаньні – яшчэ адна асаблівасьць Першай усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Традыцыйна гэта падаюць як прыклад салдацкай ініцыятывы за спыненьне ненавіснай вайны. Аднак для ваеннага часу гэта ганебная старонка, бо расейскія салдаты самавольна пакідалі пазыцыі, адкрываючы іх для ворага. Немцы, са свайго боку, удзельнічалі ў братаньнях пад кантролем афіцэраў, выкарыстоўваючы момант, каб зьбіраць інфармацыю і весьці прапаганду.

8. Міты: бальшавікі сьцьвярджалі, што вайна "ня наша" – праз гэта яе ня згадвалі амаль 100 гадоў. Адкуль такі падыход?

Першая ўсясьветная вайна шмат гадоў заставалася "забытай" з прычыны непрывабнай ролі ў ёй бальшавікоў. Рэвалюцыйныя працэсы, самую актыўную ролю ў якіх яны гралі, сталі прычынай развалу расейскай арміі. Да лютага 1918-га, калі немцы пачалі наступ углыб Расеі, Нямеччына ўжо стаяла на парозе паразы – не было рэсурсаў. І каб расейцы проста стаялі на сваіх пазыцыях, 100-годзьдзе заканчэньня вайны сьвет адзначаў бы не ў лістападзе, а значна раней – вясной ці максымум летам.

Але да таго часу ўжо здарылася рэвалюцыя, у войску ідзе так званая "самадэмабілізацыя". Немцы выходзяць з акопаў, маршам займаюць Менск і далей ідуць транзытам на ўсход. Ажно да прад'яўленьня Леніну ўльтыматуму – пакорлівае прыняцьце якога і расейскія, і беларускія ўлады адзначаюць як "сьвята 23 лютага", дзень абаронцы Айчыны.

Сьледам "здалі" саюзьнікаў па Антанце – адбыліся сэпаратныя перамовы зь Нямеччынай, фактычная капітуляцыя, ганебны Берасьцейскі мір з выплатай кантрыбуцый, стратай тэрыторый, у тым ліку беларускіх. І выхад бальшавіцкай Расеі з вайны.

У выніку немцы атрымліваюць магчымасьць зьняць з Усходняга фронту больш за 40 баявых дывізій і перакінуць іх у Эўропу. Там пачынаецца магутны наступ супраць англа-францускіх войскаў, і кайзэраўцы ледзь не паварочваюць ход вайны на сваю карысьць. Але высадка ў Эўропе войскаў ЗША канчаткова вызначыла перамогу краін Антанты.

Расея стала адзінай краінай, што ўмудрылася пацярпець паразу ад Нямеччыны, якая прайграла вайну. Гэта была цана, якую бальшавікі заплацілі за ўтрыманьне сваёй улады. Паколькі ганарыцца такой ганьбай не выпадала, падзеі вайны перайшлі ў катэгорыю "забытых".

Вызваленьне беларускіх земляў ад нямецкай акупацыі пачалося пасьля перамогі саюзьнікаў у Эўропе і зьвязана з падпісаньнем Камп'енскага пагадненьня 11 лістапада 1918 году. Па яго ўмовах Нямеччына павінна была вывесьці свае войскі з занятых тэрыторый.

Зь Менску немцы сыходзяць у сьнежні таго году, а заходнія рэгіёны канчаткова пакідаюць толькі ўвесну 1919-га. Так што фармальна беларусам адзначаць 100-годзьдзе заканчэньня Першай усясьветнай яшчэ рана.

9. Мэмарыялізацыя: недабудаваны комплекс у Смаргонях – рэальнае стаўленьне дзяржавы да падзей 100-гадовай даўнасьці?

Што тычыцца мэмарыялу Першай усясьветнай вайны ў Смаргонях, дык гэтая гісторыя цалкам у духу савецкіх часоў, зь іх гіганцкімі плянамі і такімі ж даўгабудамі.

За гады вайны немцы пабудавалі на тэрыторыі Беларусі некалькі дзясяткаў буйных мэмарыялаў з помнікамі, многія зь якіх прастаялі 100 гадоў і дайшлі да нашых дзён – дастаткова згадаць Дзясятнікі, Нарач, Пронькі.

У Смаргонях задумалі не ляканічны манумэнт, а цэлы комплекс. Будуюць ужо шмат гадоў. У мірны час. Сіламі дзьвюх дзяржаў. Хацелі здаць да 100-годзьдзя пачатку вайны. Не пасьпелі, запэўнілі, што да 100-годзьдзя заканчэньня будзе адназначна. Мінулі "ваенныя" юбілеі. Зноў не ўдалося. Фармальная прычына – адсутнасьць фінансаваньня, перш за ўсё з расейскага боку. Насамрэч праблема ў тым, што ўспамінаюць пра тыя падзеі толькі да нейкіх дат. Як і цяпер, калі сьвет адзначае 100-годзьдзе заканчэньня адной з галоўных войнаў ХХ стагодзьдзя. Калі згадаюць наступным разам?

10. Беларусь дагэтуль выступае ад імя Расейскай імпэрыі. А чаму не заклікаць да агульнага замірэньня?

З такой пастаноўкай пытаньня трэба толькі пагадзіцца. Але нэўтралітэт нават у адносінах да мёртвых – не ў савецкай мэнтальнасьці, бо сьвет павінен дзяліцца на сваіх і чужых. Так што нават разважаць на гэтую тэму праблематычна.

Немцы чамусьці змаглі яшчэ ў 1917 годзе пабудаваць у Невелі на Піншчыне помнік на вайсковых могілках і напісаць на ім на двух мовах (нямецкай і расейскай) словы, што аднолькава адносіліся да салдат усіх армій, якія знайшлі тут апошні прытулак: "Друзья и враги смертью соединены. В память погибших с честью за Отечество"...

P.S. Cпадчына Першай усясьветнай, як ні дзіўна гэта прагучыць у дачыненьні да вайны, мае выразны культурны складнік. Ніколі раней Беларусь не фатаграфавалі так актыўна, як у тыя гады – перадусім нямецкія салдаты і афіцэры. Толькі ў калекцыі Ўладзімера Багданава – тысячы выяваў (у тым ліку сотні малюнкаў), па якіх можна вывучаць ня толькі вайсковыя аспэкты, але абліччы беларускіх гарадоў і вёсак, архітэктурныя помнікі і знакавыя мясьціны, уклад і побыт беларусаў таго часу.

У гэтыя дні частка калекцыі Ўладзімера Багданава выстаўлена ў Смаргонскім краязнаўчым музэі. Перадусім тут сабраныя здымкі, фотаальбомы і малюнкі, прысьвечаныя 810-дзённай абароне гораду, а таксама адсылаюць да супрацьстаяньня ў Крэве, Асанах, Барунах, Наваспаску ды іншых гарачых пунктах уздоўж ліні фронту.

Ігар Карней, svaboda.org. Фота: Уладзімер Багданаў (Courtesy Photo)

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба ўвайсці або зарэгістравацца.