аўт, 22.10.2019
USD2.04|EUR2.27|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Як прыгатаваць куццю?

06.01.2014 – 13:10 | 5173 | 4

Ад 6 студзеня ў нашых продкаў пачыналася Каляда. Яна доўжылася ў ранейшыя часы аж да Вадохрышча (19 студзеня).

Даследчыкі даўніны сведчаць, што ў гэты час беларусы тройчы накрывалі святочны стол.

Першую посную куццю, якая яшчэ называлася Нішчымнай і Вялікай, трэба гатаваць ужо сёння, а есці на Раство – 7 студзеня. Другую – на Новы год (з 13 на 14 студзеня). Гэта Шчодрая куцця. Апошняя, трэцяя, называлася Памінальнаю або Пустою і прыпадала на Вадохрышча – 19 студзеня.

Як жа прыгатаваць тую куццю?

Ёсць некалькі рэцэптаў, якія збольшага адаптаваныя пад сённяшні час.

Куцця з цукатамі

Для гэтага блюда патрэбна: пшаніца – 1 талерка, чорныя або белыя разыні – 100 г, цукаты – 200 г, мёд – 2 чайныя лыжкі, вяршковае масла – 50 г, соль.

Пшанічную крупу трэба добра прамыць і зварыць у падсоленай вадзе (30-40 хвілінаў). Гатаваць трэба так, каб крупа не разварылася, а заставалася рассыпной. Пакуль гатуецца каша, трэба прамыць разынкі і заліць іх кіпнем, а цукаты – нарэзаць.

Калі каша будзе гатова, у яе трэба дадаць масла, мёд, разынкі і цукаты. Усё гэта добра перамяшаць. Вось куцця і гатова!

Панская куцця

Гэты рэцэпт больш складаны, але і багацейшы на смак.

Бяром: 2 шклянкі ячных або пшанічных круп (цэлае зерне), 1,5 шклянкі маку, 1 шклянка цукру, 8 лыжак мёду, 100 г разынак, 100 г лясных арэхаў, 100 г цукатаў з цэдры апельсіна, 1 шклянку смятаны.

Як і ў першым выпадку, спачатку старанна прамываем крупы. Заліваем іх вадою, даводзім да кіпення і варым на невялікім агні 35-40 хвілін. Ізноў жа трэба арыентавацца, каб крупы былі даволі рассыпнымі, а не ўварыліся ў кашу.

Мак заліваем 2 шклянкамі кіпеню, перамяшваем і даводзім да кіпення. Знімаем з агню і так пакідаем на пару гадзін у вадзе. Толькі пасля гэтага ваду зліваем і мелім на дробнае (лепей у камбайне). Дадаем у гэтую макавую масу цукар – ізноў драбнім.

Змешваем адвараныя крупы, мак, мёд, разынкі, арэхі, цукаты і смятану. Чакаем пакуль астыне да пакаёвай тэмпературы.

Рэцэпты збіраў Антон Валадзько