пан, 24.06.2019
USD2.04|EUR2.31|RUB3.24
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

"Бульбаш" гэта абраза? А "маскаль", "жыд" і "нігер"? Інстытут мовазнаўства даў афіцыйны адказ

15.09.2018 – 18:08 | 762 | 1

Некаторыя з гэтых словаў, паводле заключэньня, зусім не абразьлівыя, хіба ў пэўным кантэксьце. Некаторыя "валодаюць дваістай афарбоўкай", а некаторыя – выразна нэгатыўныя. Выснову зрабілі на падставе слоўнікаў і Вікіпэдыі.

Юрыст Ігар Случак, вядомы ў інтэрнэце пад мянушкай "моўны інспэктар", і паліттэхноляг Аліна Нагорная, якая разам зь ім пачала кампанію "Стоп-бульбаш", атрымалі ад беларускай Акадэміі навук вынікі лінгвістычнага аналізу шэрагу словаў, якімі называюць нацыянальнасьці.

Яны хацелі даведацца, ці зьяўляюцца абразьлівымі словы "бульбаш", "маскаль", "жыд", "хач", "нігер", "пшэк", "лабус" і "хахол". Акадэмія навук адказала цытаваньнем слоўнікаў і кароткім вэрдыктам.

Заключэньне дала кандыдатка філялягічных навук, загадчыца аддзелу лексыкалёгіі і лексыкаграфіі філіі Інстытуту мовазнаўства Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Алена Лапцёнак. Ці толькі яна брала ўдзел у экспэртызе, з адказу незразумела.

Але вядома, якія крыніцы выкарыстоўваліся ў аналізе. Гэта беларуская Вікіпэдыя (толькі афіцыйным правапісам – Вікіпэдыю клясычным правапісам не ўжывалі), Тлумачальны слоўнік беларускай мовы пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы (1977–1984), Беларуска-расейскі слоўнік Байкова і Некрашэвіча (1925), слоўнік мовы "Нашай Нівы" (2007), а таксама шэраг сучасных расейскіх слоўнікаў і сайтаў, ад звычайных тлумачальных слоўнікаў да слоўнікаў жаргону.

Пры гэтым Вікіпэдыя, якую можа рэдагаваць любы ахвочы, у аналізе ідзе першай крыніцай зьвестак пра сучаснае маўленьне (і адзінай, дзе слову "бульбаш" прыпісваецца "сяброўскі характар"). Акрамя "Вікіпэдыі" і цытатаў са слоўнікаў у адказе на зварот Случака ёсьць толькі заключэньне.

Што пастанавілі

Паводле экспэртызы:

  • "Маскаль" і "нігер" – словы з выразнай нэгатыўнай канатацыяй, але выявіць іхны абразьлівы характар можна толькі пры ўжываньні ў пэўным тэксьце, у канкрэтнай камунікатыўнай сытуацыі. Пры ўжываньні на адрас канкрэтнага чалавека могуць быць крыўднымі і зьняважлівымі.
  • "Бульбаш", "жыд" і "хахол" – словы з дваістай эмацыйна-экспрэсіўнай афарбоўкай, адмоўнай і станоўчай. Абразьлівы характар можа быць вызначаны толькі ў пэўным кантэксьце. Пры гэтым слова "жыд" дае выразна нэгатыўную ацэнку ў расейскамоўнай культуры і нэўтральную ў беларускамоўнай.
  • "Лабус", "пшэк" і "хач" – словы без нэгатыўнай канатацыі, характар ацэнкі і абразьлівасьць могуць быць вызначаныя толькі ў канкрэтным кантэксьце. Але словы адносяцца да жаргоннай лексыкі, маюць заніжаную стылістычную афарбоўку.

"Гэта не экспэртыза"

Случак і Нагорная засталіся незадаволенымі тым, як праводзілася экспэртыза. Аліна Нагорная кажа, што яны зьбіраюцца абскарджваць экспэртызу, якую называе "не экспэртызай, а сумнеўным дакумэнтам без навуковых зьвестак, але з граматычнымі памылкамі", і рабіць новыя запыты і крокі, каб атрымаць "нармальную экспэртызу".

Случак называе аналіз "непрафэсійным і дылетанцкім", "вельмі павярхоўным" і "ненавуковым" дадаючы, што заяўляе гэта, напісаўшы магістарскую дысэртацыю. У аналізе ёсьць спасылкі на некампэтэнтныя крыніцы – маўляў, на тую ж Вікіпэдыю нельга спасылацца нават у курсавых работах ва ўнівэрсытэтах (і ў артыкулах Вікіпэдыі, на якія спасылаюцца ў экспэртызе, няма спасылак на крыніцы зьвестак).

Ён дадае, што экспэртыза шмат калі спасылаецца на расейскія крыніцы. І калі для слова "нігер", кажа Случак, гэта яшчэ можна лічыць абгрунтаваным, то ў выпадку словаў "маскаль" і "бульбаш" – не, бо для расейцаў першае будзе відавочна абразьлівым, а другое нармальным. Беларускія рэаліі, лічыць ён, не прааналізаваныя.

svaboda.org

Падзяліцца

Абмяркуйце гэту навіну ў нашых групах:
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook