аўт, 16.07.2019
USD2.03|EUR2.29|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Хто дабярэцца да яе вяршыні?

28.12.2013 – 13:54 | 400 | 6

Паважаныя жыхары Горак! Пытанне, пастаўленае ў загалоўку артыкула, зусім не рытарычнае, а актуальнае і жыццёва важнае. Яно тычыцца цяперашняга стану лесвіцы, якая пачынаецца ад завулка Мсціслаўскага, побач з батанічным садам, і заканчваецца на горцы каля раённай паліклінікі.

Лесвіца каля паліклінікі ў Горках знаходзіцца ў жаласным стане.

Карыстаюцца гэтай лесвіцай дзясяткі людзей штодня. Яны ідуць на работу або па розных асабістых справах – у паліклініку, бальніцу, акадэмію, ваенкамат і іншыя ўстановы і арганізацыі горада. З гэтай нагоды, не толькі я, а і шмат хто з іншых жыхароў Горак, ведаюць, што ўяўляе з сябе на сёння гэтае інжынерна-архітэктурнае збудаванне.

Знаходзіцца гэтая лесвіца, мякка кажучы, у вельмі жаласным стане. Пра гэта сведчаць глыбокія шматлікія ямкі, шчыліны, арматурны дрот, які павылазіў тырчма, пагоркі, якія з цягам часу ўтварыліся ў выніку зносу бетонных пліт, бардзюраў і ўздзеяння прыродных працэсаў.

Не кожны чалавек можа падняцца або спусціцца па лесвічных прыступках без усялякіх праблем. Прыходзіцца глядзець, як кажуць, у абодва, каб не адарваць падэшву ў абутку або не пакінуць абцас пантофлі ў шчыліне, ці, не дай Бог, не грукнуцца і не атрымаць якой-небудзь траўмы канечнасцяў альбо цялесных ран. А гэта здаралася з прахожымі нават на маіх вачах (адна жанчына пенсійнага веку ўпала, зачапіўшыся за арматурны дрот і пашкодзіла калена).

З надыходам зімы небяспека і рызыка для здароў’я людзей пры шпацыраванні па прыступках гэтага важнага збудавання павялічваецца ў некалькі разоў.

Мне прыходзілася дапамагаць некаторым нямоглым людзям, якія самі не здольны паўнавартасна гэта зрабіць, падняцца або спусціцца па лесвіцы. Частка прахожых, асабліва пажылых і хворых людзей, абмінаюць гэтую па-сапраўднаму альпінісцкую трасу і падымаюцца або спускаюцца па сцяжынцы, якую даўно пратапталі на горцы побач.

Трэба адзначыць, што ад паліклінікі ўніз падчас падрыхтоўкі да "Дажынак" 2012 года, добра адрамантавана метраў 35 спуску, а астатняя, самая абрывістая і працяглая яго частка, да гэтага часу засталася ў вельмі дрэнным стане. Невядома, калі адпаведныя службы, пад наглядам якіх знаходзіцца гэты аб’ект, пачнуць рабіць капітальны рамонт.

Перафразіраваўшы словы класіка Карла Маркса: “В науке нет широкой столбовой дороги, и только тот может достигнуть ее сияющих вершин, кто, не страшась усталости, карабкается по ее каменистым тропам”, можна сцвярджаць, што калі ў хуткім часе не будзе зроблены капітальны рамонт лесвіцы, то толькі той хадок дабярэцца да яе вяршыні, хто, не баючыся стомленасці і траўм, будзе карабкацца па яе зношаных, бетонных прыступках.

Пры дастатковым выдаткаванні грошай і цікавым эстэтычна-архітэктурным рашэнні па рэканструкцыі лесвіцы, яна магла б стаць годным упрыгожаннем Горак, як калісьці – лесвіца на беразе Ніжняга возера ў акадэміі.

Уладзімір Шчур