суб, 24.10.2020
USD2.54|EUR3.00|RUB3.32
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в ВК Facebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

У Магілёве прэзентуюць ідэі для паляпшэння культурніцкага жыцця гарадоў і мястэчак нашай вобласці

11.11.2013 – 11:39 | 186

Новы “Кірмаш праектаў” у межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Магілёве адбудзецца 15 лістапада. Будуць прэзентаваныя ідэі паляпшэння культурніцкага жыцця “глыбінкі” – гарадоў і мястэчак Магілёўскай вобласці.

За год у статусе культурніцкай сталіцы Магілёў папрыгажэў і пасталеў, ды так, што цяпер па-бацькоўску бярэ на сябе клопат пра актуальную для вобласці і краіны (не толькі нашай, але і любой іншай) тэму: як цікава і сучасна перадаваць новым пакаленням народныя культурныя традыцыі?

На разважанні натхнілі праекты, прапанаваныя аўтарамі з Крычава і Чэрыкава, але тэма нашмат больш шырокая і глыбокая. Тут схаваны адзін з парадоксаў жыцця і мыслення сучасных беларусаў: з аднаго боку, лічыцца, што правінцыя грае выключна важную ролю ў захаванні культурніцкай спадчыны народа, з іншага — колькі людзей у невялікіх гарадах і вёсках размаўляюць на чыстай беларускай мове, якія легенды ці гістарычныя звесткі пра сваю мясцовасць ведаюць, ці пазнаюць на вуліцы рэдкіх выбітных майстроў-рамеснікаў і іншых?

Ці трэба гэта наогул? Калі так, то каму, акрамя тых, хто займаецца беларускай культурай “па абавязку службы”, то бок прафесійна? Якія практычныя інструменты трансфармацыі “спрадвечна беларускага” ў “актуальнае беларускае” можна прапанаваць культурніцкім мэнэджарам? Як з проста зацікаўленага актывіста ў сферы культуры зрабіць прафесіянала?

Гэтыя і многія іншыя пытанні будуць цэнтральнымі для Кірмашу праектаў, які пройдзе 15 лістапада па адрасе: “Тэхнапарк”, вул. Ленінская, 63; аўд. 806-807. У абмеркаванні возьмуць удзел знаныя і паважаныя культурніцкія дзеячы краіны, якія ўжо знайшлі свае рашэнні ў дадзенай сітуацыі.

Уваход вольны.

Калі вы маеце праект, мэта якога — папулярызацыя беларускай культуры сярод шырокіх грамадскіх колаў, і жадаеце стаць удзельнікам Кірмашу праектаў у Магілёве, дасылайце прэзентацыю свайго праекта на email: kirmash.praektau@gmail.com да 11 лістапада ўключна. Як падрыхтавацца да ўдзелу, чытайце тут.

budzma.org

Падзяліцца

telega.jpg viber2.jpg