пят, 13.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Са знакамітым "дылетантам" Юрыем Жыгамонтам можна будзе сустрэцца ў Горках

16.10.2017 – 17:23 | 1005

20 кастрычніка ў Горках тэлевядучы "Падарожжа дылетанта" Юрый Жыгамонт правядзе творчую сустрэчу. Яна адбудзецца ў Дзіцячай школе мастацтваў а 16:00 па адрасе: вул.Якубоўскага, 40. Уваход вольны.

Самы вядомы вандроўнік Беларусі 15 гадоў цешыў тэлегледачоў апавяданнямі пра культуру і гісторыю нашай краіны. Праграма "Падарожжа дылетанта" за сваю гісторыю сабрала вялікую калекцыю легенд і апавяданняў пра цікавыя і незвычайныя беларускія мясціны, а вобраз вядучага-"дылетанта" нават стаў своеасаблівым сімвалам беларускай культуры.

У 2016 годзе Юрый Жыгамонт на некаторы час прыпыніў свае падарожжы з-за хваробы. Акцёр перанёс інфаркт міякарда, пасля якога адбылася складаная аперацыя і працяглы працэс рэабілітацыі. Пасля выздараўлення знакаміты "дылетант" аднавіў здымкі перадачы, але ўжо ў новым фармаце. Пра гэтыя змены, пра сваё жыццё, творчасць і захапляльныя падарожжы, якія засталіся за кадрам праграмы, Юрый Жыгамонт раскажа на сваіх творчых сустрэчах.

– Правядзенне такіх сустрэч невыпадкова. Калі Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа запрасіла мяне паўдзельнічаць у кампаніі па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў, я адразу пагадзіўся. Бо ў нядаўнім мінулым сам перанёс інфаркт. Каб аднавіцца, я змяніў свой лад жыцця на больш здаровы і працягваю працу над сабой. Пра гэта, а таксама пра мае падарожжы і творчасць я раскажу ўдзельнікам сустрэч. Я выступлю па-за вобразам "дылетанта", гэта будзе адкрытая размова з гледачамі ў прыязнай абстаноўцы", – паведаміў Юры Жыгамонт.

Серыя творчых сустрэч з Юрыем Жыгамонтам праходзіць у рамках праекта "Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця" Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), Швейцарскага Чырвонага Крыжа і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У 2017 годзе БТЧК ініцыявала правядзенне кампаніі па прафілактыцы хвароб сістэмы кровазвароту "Выбірай сэрцам!", мэта якой – праінфармаваць насельніцтва Беларусі аб захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, фактарах рызыкі іх развіцця і мерах прафілактыкі.

– З дапамогай кампаніі мы хочам расказаць, як можна знізіць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў і матываваць людзей змяніць свае паводзіны ў бок здаровага ладу жыцця. Рады, што вядомыя людзі Беларусі падтрымліваюць кампанію і далучаюцца да яе. Спадзяемся, творчыя сустрэчы з Юрыем Жыгамонтам стануць для ўдзельнікаў добрым стымулам беражліва і адказна ставіцца да свайго здароўя", – пракаментавала менеджар праекта БТЧК Таццяна Святловіч.

Сустрэчы з Юрыем Жыгамонтам пройдуць у пяці гарадах Беларусі. Удзельнікамі мерапрыемстваў стануць жыхары і госці гарадоў Горкі, Ашмяны, Слонім, Полацк і Сянно.

Кацярына Ермаловіч

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email