У бiблiятэцы БДСГА 15 верасня адбудзецца адкрыццё праекта "Духоўны патэнцыял кнiжнай культуры", прысвечаны 500-годдзю беларускага кнiгадрукавання. Пачнецца ён з выставы “Лепшых кніг адкрыты нам старонкі”, якая будзе дзейнічаць у бiблiятэцы акадэмii штодзённа з 8 да 17 гадзiны акрамя суботы i нядзелi. Таксама на працягу кастрычнiка i лiстапада будуць адбывацца самыя розныя культурна-асветнiцкiя мерапрыемствы.
Экспазіцыя “Лепшых кніг адкрыты нам старонкі” прадэманструе самую цікавую прадукцыю беларускіх выдавецтваў, якая захоўваецца ў фондах бібліятэкi БДСГА i раённай бiблiятэкi iмя Максiма Гарэцкага. Наведвальнікі пазнаёмяцца з працамі аб лёсе і дзейнасці Францыска Скарыны і іншых асветнікаў беларускай зямлі. У раздзеле “Кнігі… яны такія розныя” можна будзе ўбачыць самыя вялікія і самыя маленькія выданні, якія захоўваюцца ў фондах двух кнiгасховiшчаў.
Асобны раздзел выставы “Жыццё, адданае кнігам” будзе прысвечаны Дзям’яну Раманавічу Новікаву, які ўзначальваў бібліятэку акадэміі з 1920 па 1976 год. Асаблівую цікавасць могуць выклікаць кнігі, сабраныя ў раздзеле “Літаратурная прастора Горак” – там можна будзе ўбачыць творы мясцовых аўтараў. Выданні, сабраныя пад назвай “Аўтограф на памяць”, нагадаюць нам аб тых людзях, якія вучыліся ў акадэміі, наведвалі наш горад ці жывуць у ім і пакінулі ў бібліятэках кнігі са сваімі пажаданнямі.
У межах праекта на працягу кастрычніка і лістапада чакаецца правядзенне літаратурна-музычных вечарынаў, прысвечаных 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама літаратурна-гістарычнае падарожжа “Кніжнымі шляхамі Беларусі”, у якім будуць згаданы тыя кнігі, якія пакінулі значны след у развіцці нашай літаратуры і культуры, творчыя сустрэчы з горацкімі аўтарамі. Акрамя гэтага, адбудуцца гутаркі “Скарына і яго час” сярод студэнцкай і вучнёўскай моладзі на куратарскіх і класных гадзінах.