сер, 29.06.2022
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info вFacebook horki.info в Twitter Новости horki.info по почте

Як зрабіць лепш

31.05.2013 – 13:57 | 157

Мінула 10 гадоў з часу правядзення шырокай агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!”, якая мела на мэце павелічэнне ролі і аўтарытэту грамадскай дзейнасці ў Беларусі. Маючы пераважна сацыяльны ўхіл, гэтая кампанія ў свой час спарадзіла вялікую колькасць лакальных ініцыятываў, аб’яднала грамадскія арганізацыі і ініцыятывы з розных гарадоў і розных сфераў дзейнасці дзеля вырашэння мясцовых праблемаў. Актыўныя жыхары Горак прымалі ўдзел у кампаніі двойчы: у 2002 і 2003 гадах.

Сёлета Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў заклікае грамадскія арганізацыі, ініцыятывы і іншых неабыякавых людзей далучацца да новай хвалі супольных дзеянняў пад лозунгам “Зробім лепш!”.

Што прапануецца сёлета?

Дамінуючая тэма кампаніі, як і ў 2002 годзе, сацыяльная, але гэта не азначае, што нельга праводзіць акцыі адукацыйнага, экалагічнага ці культурніцкага кірунку. Сацыяльнае трэба разумець, як арыентаванае на запатрабаванне грамадства. Кожная акцыя мусіць вырашаць праблемы канкрэтнай лакальнай супольнасці, далучаць да гэтага працэсу грамадзянаў.

Усе ініцыятывы ў межах кампаніі будуць аб’яднаныя агульным мэсэджам, лагатыпам і ідэяй.

Прыклады паспяховых акцыяў кампаніі мінулых гадоў глядзіце па спасылцы: http://belngo.info/zrobim-lepsh/pryklady

Калі вы маеце ідэі адносна новай кампаніі, то звяртайцеся на эл.адрас: ngo@belngo.info з пазнакай у тэме “Зробім лепш”.

Як у Горках рабілі лепш?

У 2002 годзе ў межах кампаніі "Зробім лепш!" сябры арганізацыяў “Любава”, Задзіночанне беларускіх студэнтаў, Школы маладых журналістаў, Горацкага інфармацыйнага цэнтру правялі святочныя мерапрыемствы ў Раснянскім доме ветэранаў. Падчас свята ветэранам былі перададзеныя рэчы, сабраныя гараджанамі.

У 2003 годзе сябры Асацыяцыі дапамогі дзецям інвалідам і маладым інвалідам правялі акцыю для сябраў арганізацыі (выступ лектара, прэзентацыя тэматычных кніг мясцовай бібліятэкі). Грамадскае аб’яднанне “Надзея” ў СШ №4 арганізавалі конкурс малюнкаў на тэму аховы здароўя. А ў Гімназіі №1 жаночая арганізацыя “Любава” зладзіла для школьнікаў малодшых класаў тэматычны круглы стол.

Ягор Клішэвіч

Падзяліцца