У аграгарадку Радомля Чавускага раёна ў бліжэйшую суботу 27 ліпеня адбудзецца этнічны фестываль эпохі "У госці да радзімічаў". Ён заснаваны на стылістыцы і падзеях ранняга сярэднявечча – 9-11 стагоддзяў.
Свята пачнецца а 17:00.
На фестывалі гасцей чакаюць тэатралізаваныя дзеі з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, звязаныя з побытам племя радзімічаў, абрады, рытуалы, здабыча жывога агню.
А таксама тэматычны канцэрт "Ад мінулага да сучаснага" з удзелам фальклорных ансамбляў Магілёўскай вобласці і конкурс "Радзіміцкія забавы".
Будуць працаваць выставы-продажы народных умельцаў, музей пад адкрытым небам, атракцыёны ў духу ранняга сярэднявечча.
Завершыцца этнасвята а 22:00 рытуальным вогнішчам.
Археолагі адшукалі ў Радомлі шмат унікальных рэчаў: прадметы побыту, фрагменты керамікі, датаваныя 10 стагоддзем. У 12-17 стагоддзях тут было невялікае селішча з умацаваным замкам. У нашы дні ля Замкавай гары на этнафэст збіраецца шмат гасцей. Яны прыязджаюць, каб акунуцца ў эпоху ранняга сярэднявечча і адчуць атмасферу, у якой жылі нашы продкі.