суб, 24.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

У Віцебску адкрылася выстава пра старавераў

24.04.2014 – 15:26 | 912 | 1

23 красавіка ў Віцебску адкрылася асветніцка-этнаграфічная фотавыстава “Віцебскія стараверы: даўнія прыбышы”.

У канцы 2013 году дадзены праект стаў адным з пераможцаў конкурса культурніцкіх ідэй і цяпер ажыццяўляецца аўтарам праекта этнолагам Уладзіславам Івановым пры інфармацыйнай падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

У Віцебску адкрылася асветніцка-этнаграфічная фотавыстава “Віцебскія стараверы: даўнія прыбышы”.

Фотавыстава прысвечаная сучаснаму стану стараверскай культуры Віцебску і Віцебшчыны наогул. Прэзентаваныя на выставе фоты — вынік этнаграфічных экспедыцый, прадпрынятых У. Івановым з 2002 па 2013 гады.

Выстава знаёміць наведвальнікаў з сучаснымі стараверамі і стараверкамі, вядомымі бальшыні як маскалі, маскоўцы, якія жывуць зусім побач з беларусамі больш за 300 год. Навіна выставы палягае ў тым, што стараверства разглядаецца ня толькі, як з’ява рэлігійная ці гістарычная, а перадусім, як з’ява этналагічна-гуманістычная, якая робіць акцэнт на стасункі паміж людзьмі, рознымі сагласамі ўнутры стараверства, а таксама з іншымі супольнасцямі рэгіёна.

У цені застаюцца Віцебск беларускі, Віцебск стараверскі.

Як кажа этнолаг Уладзіслаў Іваноў, “свету вядомы Віцебск жыдоўскі, Віцебск польскі, Віцебск расейскі, у цені застаюцца Віцебск беларускі, Віцебск стараверскі. Выстава ярказ спрабуе выправіць сітуацыю і паказаць культурную, рэлігійную, ідэйную разнастайнасць міфічнага гораду на Дзвіне.

Тым больш, што па колькасці старавераў Віцебск здаўна стаў стараверскай сталіцай Беларусі, дзе суіснуюць між іншым розныя стараверскія сагласы: папоўцы і беспапоўцы.

Зрэшты, заняпад і асіміляцыя віцебскага стараверства штурхаюць нас актыўней цікавіцца багатай культурай даўніх прыбышоў, якія сталі роднай і неадымнай часткай Віцебшчыны.”

Фотавыстава прадоўжыцца да 10 траўня. Акрамя фотавыставы наведвальнікаў чакаюць іншыя цікавыя мерапрыемствы: гістарычна-этналагічная лекцыя “Эвалюцыя стараверства Віцебшчыны: XIX-XXI стст.” (29 красавіка а 16.00) і дэгустацыя стараверскай кухні (1 траўня а 13.00).

Акрамя фотавыставы наведвальнікаў чакаюць: лекцыя “Эвалюцыя стараверства Віцебшчыны: XIX-XXI стст.” і дэгустацыя стараверскай кухні.

Фотавыстава і імпрэзы адбываюцца ў культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола Віцебска “Дзвіна” (вул. Чайкоўскага, 5). Усіх наведвальнікаў чакаюць падарункі — паштоўкі з выявамі старавераў.

Аўтар праекта: Уладзіслаў Іваноў, этнолаг, выкладчык палітычнай навукі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня), vitsba@yahoo.fr

Даведка ад Уладзіслава Іванова

Стараверы, ці больш вядомыя, як маскалі, маскоўцы, філіпоны, ці радзей раскольнікі і стараабрадцы, за стагоддзі мірнага суіснавання з беларусамі абмяняліся багатымі культурамі, стварыўшы пры гэтым новую ўзбагачаную стараверска-беларускую культуру.

Першыя стараверы з’явіліся на віцебскай зямлі ў 1669-м, па іншых звестках у 1679 годзе. Масава яны пачалі прыбываць у Віцебскае ваяводзтва ВКЛ у 1680-90-ыя гады.

Потым у 1735-м і 1764 гг. у Віцебску, Полацку і Лепелі ў выніку выгнання з Веткі пасяляюцца папоўцы-веткаўцы (Гарбацкі). Да 19-га стагоддзя беларускія, летувіскія і польскія землі зведвалі хвалі “стараверызацыі” (Заварина, Iwaniec): стараверы паступова прасоўваліся з Усходу Віцебшчыны на Захад, а часам і далей — у Летуву і Польшчу.

Падчас першага расейскага перапісу 1897 году ў Віцебскай губэрні налічвалася 83 022 стараверы.

Стараверства — з’ява, якую нават ў межах Беларусі нельга ахапіць з першага наварату.

Цікава, што ўжо тады каля 25% з іх прызналі роднаю моваю беларускую (“белорусское наречие”) (Первая всеобщая перепись населения Витебской губернии). У 20-ым стагоддзі ліхалецці дзьвюх войнаў і выпрабаванні савецкім свецкім, а часам і атэісцкім ладам жыцця прывялі да таго, што стараверы заняпалі, асыміляваліся і знаходзяцца на сучасным этапе ў досыць уразлівым стане.

На сяння ў Віцебскай вобласці налічваецца, па адных звестках, каля 20 000, а паводле іншых, каля 50 000 – старавераў.

Прыгэтым асноўную частку складаюць стараверы-беспапоўцы паморскага сагласу. Некаторыя даследнікі смела лічаць, што сяння каля 5%, то бок каля 500 000 усяго беларускага насельніцтва мае стараверскія карані (Чупров). На 2014 год у Віцебскай вобласці зарэгістраваныя 20 стараверскіх суполак, налічваецца амаль 90 стараверскіх пасяленняў.

Для разумення стараверства неабходна мець на ўвазе прынцыповы падзел унутры гэтай культуры на папоўства і беспапоўства. Вельмі важнай паўстае лінія падзелу ўнутры стараверства паміж тымі суполкамі, якія прызнаюць інстытут святарства і тымі, якія катэгарычна адмаўляюць яго.

У самой назве «беспапоўцы» чытаецца вельмі важная рыса, уласцівасць гэтай катэгорыі: без папоў, без святара, гэта значыць, без святарства.

І, наадварот, у назве «папоўцы» бачна прынцыповая важнасць гэтага інстытуту для дадзенай суполкі. Таму ў гэтым сэнсе стараверы-папоўцы значна бліжэй па сваёй структуры да праваслаўных, якія таксама прызнаюць святарства, без якога яны проста ня могуць існаваць. А стараверы-беспапоўцы, такім чынам, становяцца ім чужымі, ці прынамсі значна чужэй за праваслаўных.

Некаторыя стараверы застаюцца прынцыповымі тэхнафобамі, трактуючы тэхнічны прагрэс, мабільную сувязь, інтэрнэт, напрыклад, як нячысціка.

Такім парадкам, з саміх азначэнняў — папоўцы і беспапоўцы — добра вынікае іх асноўны антаганізм, разыходжанне. Ён, між іншым, адбіваецца ў мове: вядомыя прымаўкі “лепей жыдоўка, чым беспапоўка”, ці “лепей злябоўка, чым беспапоўка” цудоўна ілюструюць прынцыповасць ідэалагічнага і культурнага разыходжання паміж папоўствам і беспапоўствам. Гэта часткова тлумачыць чаму так важна беспапоўцам захаваць сваю спецыфіку, так бымовіць аўтэнтычнасць ад папоўцаў і тым больш праваслаўных.

На Віцебшчыне гістарычна дамінуе беспапоўства (больш за 85% старавераў Віцебшчыны складаюць менавіта беспапоўцы, астатнія — папоўцы). Папоўства, як адзначае А. Гарбацкі, канчаткова адасобілася ад беспапоўства ў 18-ым стагоддзі. У Беларусі папоўцы паходзяць пераважна з веткаўцаў: пасля выгнання з Веткі ў 1735 і 1764 гадах менавіта Віцебск стаўся іх сталіцай, тады як Ветка абязлюдзіла.

Сяння большая частка папоўцаў жывуць у Віцебску ці ля Віцебску, а таксама ў Лёзне і Лёзенскім раёне. Даследнікі мясцовага стараверства называюць папоўцаў “царыстымі” сярод усіх старавераў, бо з’яўляліся найбольш заможнай, а таксама найбольш кансэрватыўнай часткай прыбышоў. Хоць цара яны і не прызнавалі памазанікам бога, “царыстымі” яны былі з прычыны больш удалага і перспектыўнага эканамічнага становішча.

А вось беспапоўцы расселеныя па ўсёй Віцебшчыне: у Віцебску яны жывуць упярэмешку з папоўцамі, а ў цэнтральных і заходніх частках Віцебшчыны яны маюць вялікія суполкі ў Полацку, Мёрах, Браславе, Паставах, Шуміліне, Бешанковічах і Шаркоўшчыне. У Беларусі беспапоўцы прэзэнтаваныя найбольш вядомым цяпер сагласам — паморскім і зусім малалікім цяпер федасееўскім сагласам. Адзінаверцаў у Віцебскай вобласці не зафіксавана.

Такім парадкам, стараверства — з’ява цікавая і разнастайная, якую нават ў межах Беларусі нельга ахапіць з першага наварату.

Даўнія прыбышы сталі ўжо роднымі і сваімі, цудоўна інтэграваліся ў мясцовую культуру.

Стараверства мае дзясяткі вобразаў і мадэляў паводзінаў і інтэграцыі ў свет. Так, напрыклад, стараверы-папоўцы застаюцца досыць кансэрватыўнымі, тады як унутры беспапоўскіх сагласаў паўсталі вельмі адкрытыя суполкі. Так, напрыклад, у паморцаў, у звязку з нястачай мужчынаў, было афіцыйна дазволена кабетам выконваць функцыі бацюшкі.

У моўным і нацыянальным плане стараверства таксама гэтэрагеннае: частка старавераў лічаць сябе беларусамі, размаўляюць на дыялектнай беларускай мове, на трасянцы, а частка працягвае бачыць сябе “рускімі”.

Некаторыя стараверы застаюцца прынцыповымі тэхнафобамі, трактуючы тэхнічны прагрэс, мабільную сувязь, інтэрнэт, напрыклад, як нячысціка, іншыя ж, наадварот, адкрыта ўспрымаюць новыя павевы часу.

Даўнія прыбышы сталі ўжо роднымі і сваімі, цудоўна інтэграваліся ў мясцовую культуру. Сёння, праўда, беларускія стараверы імкліва знікаюць, асымілююцца, пакідаючы незабыўны след у беларускай культуры, пакідаючы след у назвах вёсак (Маскаляняты, Маскоўцы), раёнаў Віцебску (Маскалі, Кліны), у памяці, як адначасова чужынцы і тутэйшыя, як іншыя і цалкам свае.

Паводле прэс-рэлізу

Падзяліцца