У пятнаццаты раз у Беларусі Амбасада ФРГ ладзіць Тыдні Германіі. Сёлета культурніцкія імпрэзы пройдуць у 11 гарадах. Дзве падзеі запланаваны ў Магілёве.
13 кастрычніка, субота
11:00 – "Shorts at Moonlight" – фестываль кароткаметражных фільмаў з Майнца ў Магілёве.
Што? З 2010 года Таварыства дружбы Майнц-Мінск дэманструе ў рамках Тыдняў Германіі ў Беларусі кароткаметражныя фільмы нямецкага фестывалю "Shorts at Moonlight".
З больш чым 100 прагледжаных стужак былі адабраны лепшыя фільмы, якія будуць прадстаўлены магілёўскай публіцы.
Таварыства дружбы Майнц-Мінск было заснавана ў 1995 г. і з таго часу актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі розных мерапрыемстваў у Беларусі.
Умовы: на нямецкай мове, уваход вольны.
Дзе? Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт.
11 лістапада, нядзеля
19:00 – Спецыяльны паказ "Кінемо".
У рамках Тыдняў Германіі ў чатырох гарадах Беларусі адбудуцца спецыяльныя паказы шэдэўра Фрыдрыха Вільгельма Мурнау "Насферату, сімфонія жаху" (1922 год) у жывым музычным суправаджэнні ад Five-storey Ensemble. Музыку да фільму напісала беларуская арганістка і кампазітарка Вольга Падгайская.
Пра што фільм? У 1838 годзе эпідэмія халеры спустошыла Вісбарг. У чым прычына трагедыі? Усё пачынаецца з паездкі служачага агенцтва нерухомасці Томаса Хутэра ў таемны замак у Карпатах. Нягледзячы на непрыязнасць праваднікоў, малады чалавек дабіраецца да замка і трапляе ў палон да яго гаспадара, упыра Насферату…
Першая вольная экранізацыя рамана Брэма Стокера "Дракула", фільм "Насферату, сімфонія жаху" па праве лічыцца шэдэўрам нямецкага экспрэсіянізму. У нямой карціне пры дапамозе трукаў з ценямі і асвятленнем Фрыдрых Вільгельм Мурнау стварыў чароўную і пужлівую атмасферу начнога кашмару і заклаў асновы стылю, якому было наканавана беспаваротна змяніць ход гісторыі кіно.
Фільм Мурнау, які натхніў на стварэнне відавочных (і не вельмі відавочных) рымэйкаў мноства рэжысёраў – ад Вернера Херцага ("Насферату, прывід ночы") да Абеля Ферары ("Кароль Нью-Йорка" і "Залежнасць" і Эліаса Мерыджа ("Цень упыра"), дагэтуль застаецца непахісным прыкладам жанру "хорар".
Five-storey ensemble. Склад: Вольга Падгайская (арган), Віталь Эпаў (духавыя), Аксана Герасімёнак (скрыпка).
Ансамбль сучаснай камернай музыкі Five-storey ensemble існуе ўжо больш за пяць гадоў. Касцяком калектыву з’яўляюцца кампазітары Вольга Падгайская і Віталь Эпаў, творы якіх складаюць аснову рэпертуару ансамбля. Калектыў актыўна супрацоўнічае з тэатральнымі праектамі, а таксамі піша музыку да кіно.
"Кінемо" – адзіны ў Беларусі open air фестываль, у рамках якога дэманструюцца нямыя фільмы класікаў сусветнага кінематографа, агучаныя сучаснымі музыкамі і кампазітарамі. Фестываль заснаваны праектам Cinemascope і Асацыяцыяй маладых беларускіх кампазітараў.
Умовы: уваход вольны.
Дзе? Магілёўскі абласны тэатр лялек, вул. Першамайская, 73 Магілёў
***
Сёлета Тыдні Германіі ў Беларусі праходзяць з 23 верасня па 18 лістапада. Іх ладзяць амбасада ФРГ і Інстытут імя Гётэ, прадстаўнікі нямецкіх культурных арганізацый сумесна з беларускімі партнёрамі. У праграме – фотавыставы, віктарыны, майстар-класы баварскай кухні, лекцыі, сустрэчы з германскімі дзеячамі культуры і мастацтва. Імпрэзы запланаваны ў Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве, Маладзечна, Мінску, Пінску і Полацку.