Узгорак
Надвор'е ў Горках
ПершаяГоркіДрыбінМсціслаўБДСГАРэгіёнГоркі ТВ Дадай сваю навіну!
Пашпарт рэгіёну Фотаблог Узгорак

Здарэнні | Інтэрв'ю | Меркаванні | Эканоміка | Спорт | Культура | Афіша | Рэгіянальнае развіццё | Навіны ад чытачоў | Блог Андрэя Юркова | Гісторыя Горак і БДСГА | Нашы выданні | Мясцовы Інтэрнэт

Вайна і мір Барыса Іофе
10.05.2010 г.

Лiсты з фронту. Няма больш цiкавых і праўдзiвых сведчанняў Вялiкай Айчыннай вайны.

Вядома не ўсё мог напiсаць салдат, бо была тут i ваенная тайна, пiльна глядзелi iх ваенныя цэнзары. Але цяпер тыя лісты – гэта дакументальныя сведкi ужо далёкiх часоў, якiя захавалi нам праўду пра вайну. На вялiкi жаль, большасць лiстоў згінула ўжо пасля вайны, так i не стаўшы набыткам грамадскасцi.

У фондзе Горацкага гiсторыка-этнаграфiчнага музея захоўваецца калекцыя лiстоў нашага земляка – Барыса Іофе, якiя ён пiсаў свайму роднаму брату, удзельнiку вайны, падпалкоўнiку ў адстаўцы Хацкелю.

Мір

Барыс пражыў вельмi кароткае жыцце – 25 гадоў i загiнуў на фронце. Усяго два гады – у 1939-1940 гг. – ён займаўся лiтаратуразнаўчай працай i надрукаваў чатыры артыкулы ў часопiсе “Полымя рэвалюцыi” ды штотыднёвiку “Лiтаратура i мастацтва”.

Але за гэты вельмi кароткi час Барыс зрабiў столькi, што iмя яго па праву ўключана ў бiблiяграфiчны слоўнiк “Беларускiя пiсьменнiкi”, у “Энцыклапедыю лiтаратуры i мастацтва Беларусi”, у энцыклапедычны даведнiк “Янка Купала”. Некалькi разоў ён згадваецца ў кнiзе Г.Кiсялёва “Пошукi iмя”. З 1997 года яго імя носіць Горацкае яўрэйскае культурна-асветніцкае таварыства.

У 1937 годзе Барыс з адзнакай скончыў сярэднюю школу. Сумненняў у выбары жыццёвага шляху ў яго не было. Ён паступіў на філалагічны факультэт Ленінградскага універсітэта без экзаменаў, паколькі з адзнакай скончыў сярэднюю школу.

Ва ўніверсітэце ён таксам вучыўся толькі на “выдатна”. Актыўна займаўся і грамадскай працай, уваходзіў у шматлікія студэнцкія арганізацыі і гурткі.

На трэцім курсе Барыс захапіўся гісторыяй беларускай літаратуры і, у прыватнасці, гісторыяй напісання знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе».

Аб гэтым ён надрукаваў артыкул у часопісе «Полымя» у 1940 годзе. У ім аўтар разгледзеў пытанне пра час напісання паэмы і выказаў меркаванне, што хутчэй за ўсё яна была напісана ў 1843 годзе. Іофе першым тапаграфічна прывязаў паэму да Горак і быў упэўнены, што яна напісана менавіта ў нашым горадзе. Рукапіс гэтага артыкула зараз захоўваецца ў Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі.

Вайна

Пачалася Вялiкая Айчынная вайна. У чэрвені 1941 года Барыс разам з сябрамі па ўніверсітэце будуе абарончыя збудаванні пад Ленінградам.

А ў ліпені 1941 года спецыяльнай пастановай Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта студэнтам, якія добра вучыліся, было дазволена здаць дзяржаўныя іспыты. Сярод іх быў і Барыс Іофе, які здаў усе іспыты на “выдатна” і атрымаў дыплом з адзнакай (дыплом першай ступені).

Па дзяржаўным размеркаванні яго накіравалі працаваць настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Новасібірск. Аднак праз тое, што Ленінград у гэты час быў ужо ў блакадзе фашысцкіх войск, Барыс пайшоў працаваць на абарончы завод.

У лісце ад 4 лістапада 1941 года брату Хацкелю Барыс піша: “...Ленiнградцы тры месяцы стрымлiваюць полчышчы немцаў, якiя асаджаюць горад. Вось пайшоў ужо чацверты месяц абароны. Немцы акапалiся i зараз мерзнуць каля гарадскiх сцен. Частая бамбёжка i артылерыйскi абстрэл не далi iм чаканых вынiкаў. Рыхтуюцца новыя папаўненнi на Ленiнградскi рубеж. Немцы зараз моцна ірванулiся да Масквы. Яны могуць выйграць сто бiтваў, але вайну ўсё адно прайграюць. Добра было б застацца жывым i быць сведкам перамогi...”

З ліста бачна, што Барыс Іофе працаваў у ваенны час на заводзе ў пажарнай ахове. “Гэта работа, – піша наш зямляк, – стала патрэбнай асаблiва пасля таго, як нямецкiя бамбардзiроўшчыкi пачалi кiдаць запальныя бомбы...

Учора захацелася наведаць Публiчку (публічную бібліятэку – У. Л.), глынуць кнiжны пыл, які ва унiверсiтэце стаў родным...

...Я зраблю усё, каб дапамагчы фронту, працуючы без стомы. Галоўнае – жыць нашай краiне, а потым i нам ў ёй...

...Я веру, што родная Беларусь i нашы Горкi будуць вызвалены. Мы яшчэ вернемся – перажыць бы толькi вырашальны час”.

Апошняе выпрабаванне

Прайшло яшчэ некалькі месяцаў вельмі цяжкага і галоднага жыцця ў Ленінградзе.

У пачатку 1942 года Барыс разам з сястрой Златай па “дарозе жыцця” быў эвакуіраваны.

Як гэта адбывалася, ён красамоўна напісаў у лісце ад 22.07.1942 года да брата.

“Ужо студзень iшоў да канца. Голад i бамбёжка дапаўнялi адзiн аднаго. З лiстапада няма лазні. Няма трамвая. Няма электрычнасцi. Я i Злата спачатку апухлi, а потым схуднелi.

Зусiм нечакана 31 студзеня 1942 года мяне выклікалі ва унiверсiтэт, выдалi эвакалiст i сказалi: “Едзь”. 1 лютага пайшло на неабходныя даведкi i iншую мiтусню. Дабiлiся дазволу на выезд Златы. Ноччу мы збiралiся, але не было сiл цягнуць вяроўку. 2 лютага ранiцай я i Злата павезлi да Фiнляндскага вакзала свае рэчы. Злата везла iх, я не мог везцi, толькi дапамагаў. На паўдарозе я сустрэў Iсака Ляндрэса. Ён без рэчаў iшоў на вакзал, але не перанёс дарогi i памёр у мяне на руках. Ужо на вакзале памерлi мае аднакурснiкi Лiпа Марголiн i Коля Дракiн.”

Па прыбыцці ў Волагду, эвакуіраваных накіравалі на папраўку ў вёску Вялікі Двор Сокальскага раёна Валагодскай вобласці. Яны жылі на хатах у калгаснікаў, якім на папраўку і аздараўленне эвакуіраваных выдавалі асобны паёк.

Некалькі месяцаў Барыс Іофе лячыўся ад дыстрафіі, а затым добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію. Яго накіравалі ў Свярдлоўскае пяхотнае вучылішча, дзе ён вучыўся на мінамётным аддзяленні.

Аб месяцах вучобы засталіся лісты Барыса.

“24.05.1942 ...Я знаходжуся ў Свярдлоўскiм пяхотным вучылiшчы на мiнамётным аддзяленнi.

Мяне мацуе думка, што я рыхтуюся адпомсцiць за Горкi, за мацi, за Веру, Фаню i Женю.” Маці і сёстры Іофе былі расстраляныя фашыстамі 7 кастрычніка 1941 года.

“20.06.1942 ... Мне вельмi цяжка фiзiчна. Адчуваю, што не спраўляюся з вялiкай фiзiчнай нагрузкай. Але наперадзе фронт i жаданне барацьбы з немцамі”.

“4. 08. 1942 ... Шмат чытаю. За час вучобы прачытаў 20-25 кнiг, нягледзячы на тое, што часу не стае”.

“8. 01. 1943 ... Я жыву, як i заўсёды. Адзiная мая мара – хутчэй быць на фронце, вельмi надакучыла быць у тыле той час, калi iдуць гарачыя i паспяховыя баi”.

“9.02.1943 ... Год таму назад мы з Златай, змерзлыя і згаладалыя, прыехалi ў Вялiкi Двор з Ленiнграда. Галодны час у блакадным Ленiнградзе для мяне, як сон, як прачытаная кнiга, – журботная i да болю жорсткая...

Усiм нам радасныя перамогi нашай слаўнай армii. Пад Сталiнградам яна цуд стварыла, але паведамленне аб прарыве блакады Ленiнграда сагрэла сэрца шчасцем – такiм, як быццам яно адносiцца толькi да мяне i да нiкога iншага...”

Барыс з адзнакай заканчвае курс вучылішча і яго пакідаюць там камандзірам аддзялення новага набору, выбіраюць сакратаром камсамольскай арганізацыі. Аднак ён хоча ісці на фронт і падае некалькі рапартаў з просьбай адправіць яго непасрэдна змагацца з фашыстамі. І з лютага 1943 года Барыс – камандзір мінамётнага ўзводу 1105 стралковага палка 328 стралковай дывізіі.

Ён прыняў удзел у баях па вызваленні Каўказа, Краснадарскага краю, Кіева і Жытомірскай вобласці. Камандзір ягонай роты Павел Іванавіч Жайваронак у лісце да брата Іофе пісаў: “Iофе Барыс Iсакавiч прыбыў да мяне ў роту прыкладна ў лютым-сакавiку 1943 года непасрэдна на перадавую лiнiю, дзе мы вялi баi на Каўказе i раёне Краснадарскага краю за станiцу Крымская... З першых дзён ён паказаў сябе дысцыплiнаваным, палiтычна адукаваным, ведаючым сваю працу. Бору салдаты з першых дзён палюбiлi, i ён сярод салдат карыстаўся вялiкiм аўтарытэтам”.

Захаваліся лісты, якія з фронту Барыс пісаў свайму брату.

“9.06.1943 ... Знаходжуся непасрэдна на перадавой. У перапынку памiж агнявымi налётамi выпаўзаю глядзець на мудрагелiстыя горы Каўказа, на знявечаную зямлю i спаленыя лясы”.

“5.07.1943 ... Жыву франтавым жыццём у 50-цi метрах ад працiўнiка.

... Як тут скапана зямля сапёрнымi лапатамi, як пераараная артылерыяй!... Вiдаць, дарагая ты, зямлiца. Зараз больш, чым калi хочацца, каб немцаў хутчэй разбiць, вярнуцца да сваiх родных, бачыць свабоднай сваю Беларусь, квiтнеючы свой Ленiнград”.

“30.06.1943. Да фронту прывык. Вяду сябе актыўна. Iнтэнсiўна абстрэльваю фрыцаў i не даю iм падняць галавы... ...Што б не здарылася, зараз не страшна: ёсць поўная ўпэўненасць, што фрыц прайграе вайну, i наша Радзiма будзе свабоднай.

“9.10.1943 ... Радасна, што вызвалiлi людзей са звярынага засценка”. ... Нашы войскі падыйшлi да нашых родных Горак, мяркуючы па зводках, там iдуць баi.”

Гэта быў апошні ліст. 15 снежня 1943 года ў баях пад горадам Радомышль Барыс гераічна загінуў.

Аб тым, як гэта адбылося, можна даведацца з ліста згаданага намі камандзіра Жайваронка. У ім вайсковец апавядае, што 15 снежня 1943 года пад горадам Радомышль Жытомірскай вобласці фашысты пайшлі ў контрнаступленне. На яго батальён было кінута больш за 40 фашыскіх танкаў. Воіны роты гераічна змагаліся з фашыстамі, падбілі некалькі танкаў. Аднак большасць асабовага складу роты ў гэтым баі загінулі, а ў жывых засталося ўсяго 7 чалавек. Яны пад покрывам ночы пайшлі на злучэнне са сваімі. Сярод іх быў і цяжка паранены Жайваронак, якому праз 6 дзён блуканняў удалося выйсці да сваіх войскаў. Менавіта ў тым баі загінуў наш зямляк Барыс Іофе.

Уладзiмiр Лiўшыц

 
падзяліся гэтай навіной з сябрамі::

Апошнія каменты
Галоўнае на сайце

далучайся да нас:


КАРТА САЙТА | ПРА ПРАЕКТ | КАНТАКТЫ | ДАПАМОГА

© Рэгіянальны інфармацыйны партал пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці: HORKI.INFO, 2007-2011.
Пры выкарыстанні тэкстаў, фота і відэа з гэтага сайта гіперспасылка на HORKI.INFO абавязковая.
Адказнасць за змест і дакладнасць матэрыялаў ды каментарыяў нясуць іх аўтары.

BELARDA.ORG: Бабруйск, Барысаў, Белаазёрск, Брэст, Бярозаўка, Гарадок, Гомель, Горкі, Гродна, Жодзіна, Масты, Орша, Рэчыца, Светлагорск, Смалявічы, Свiслач