Узгорак
Надвор'е ў Горках
першаянашы выданніГоркі TVмясцовы Internetнаш форумдадай сваю навіну!english
Пашпарт рэгіёну Фотаблог Узгорак

Горки | Дрибин | Мстиславль | БГСХА | Рэгіён | Здарэнні | Інтэрв'ю | Меркаванні | Эканоміка | Спорт | Культура | Афіша | Рэгіянальнае развіццё | Навіны ад чытачоў | Блог Андрэя Юркова | Гісторыя Горак і БДСГА

Ці будзе нашым гарадам слава?
16.02.2010 г.
Пытанне паўстала 12 студзеня 2010 г., калі расійскія тэлеканалы паведамілі, што прэзідэнт Расіі Д.А. Мядзведзеў падпісаў указ аб прысваенні звання “Горад воінскай славы” Архангельску, Казельску і Пскову. Увагу прыцягнуў Казельск, які ў 1238 годзе 7 тыдняў трымаўся супраць татара-мангольскага войска. Пасля яго захопу рэшткі насельніцтва былі знішчаны, а горад разбураны.

Прыклад Мядзведзева

Матывацыя прэзідэнта была такая: выхаванне патрыятызму ў насельніцтва, найперш у моладзі, павінна абапірацца на расійскую гісторыю ў цэлым, а не толькі на вайну 1941–1945 гг.

Звярніце ўвагу: сказана перад набліжэннем 65-годдзя свята Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне! Ды яшчэ ў краіне, дзе пражываюць мільёны татараў. І не збаяўся абвінавачвання “в разжигании межнациональной розни”.

Я згодзен з Д.А. Мядзведзевым.

Бо менавіта гісторыя была і будзе тым падмуркам, на якім адбываецца выхаванне чалавека-грамадзяніна і патрыёта.

Падобна таму, як сямейныя традыцыі і выхаванне аказваюць велізарны ўплыў на погляды і характар дзяцей, так і ў дзяржаве праз мінулую і сучасную гісторыю ўмацоўваюцца традыцыі народа і выхоўваюцца новыя пакаленні.

Я падумаў: а дзе ж нашы, беларускія, гарады вайсковай славы?

Канечне, чытачы адразу нагадаюць пра Брэст (“Крепость-герой”), Горад-герой Мінск, а таксама гарады Беларусі, узнагароджаныя савецкімі ордэнамі. Напрыклад, пра Магілёў, якому выдзелілі ордэн Айчыннай вайны (потым такія ордэны канвеерам давалі ўсім ветэранам вайны).

Атрымліваецца, што да вайны 1941–1945 гг. у нашай гісторыі няма гераічных старонак?

Ды і прыпісваць толькі Беларусі подзвігі абаронцаў Брэста, Мінска, Магілёва, Оршы і г.д. нават неяк няёмка, хоць яны і знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны. Усе ведаюць, што ў складзе савецкіх войскаў, якія тут змагаліся, былі прадстаўнікі розных народаў агульнай на той час дзяржавы – СССР.

Прэзідэнт Расіі падаў прыклад павагі да гісторыі народа, успомніўшы пра гераізм абаронцаў Казельска.

Мы таксама маем права пашукаць падобныя прыклады ў нашай гісторыі. Тут, як кажуць, і хадзіць далёка не трэба.

Ці маюць беларусы гісторыю?

Першым на такое званне я назваў бы Мсціслаў. Як і Казельск, ён не скарыўся перад захопнікамі, два месяцы мужна адбіваў напады ворага, а калі заваёўнікі ўрэшце захапілі яго, то застаўшыяся яшчэ жывымі абаронцы, у тым ліку жыхары горада, былі амаль усе забіты (толькі асобных вывелі ў палон), а сам горад разбураны. Мсціславу, з яго абаронцамі і жыхарамі, выпала такая ж доля, як і Казельску.

Толькі у школьныя гады пра Казельск я павінен быў ведаць абавязкова, і пра Сусаніна таксама, а вось пра лёс Мсціслава нават на гістарычным факультэце БДУ ніхто не ўспамінаў. Ды і зараз вы пра гэта наўрад ці пачуеце ў школе ці па тэлебачанні.

А чаму так? – можа спытаць чытач.

А таму, што трагедыя Мсціслава адбылася на 416 год пазней, і заваёўнікамі былі не воіны хана Батыя, а войскі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча.

Было гэта у час вайны 1654–1667 г.г., якую часам называюць “невядомая вайна”. Падзеі гэтай вайны расійскія і савецкія гісторыкі карэнным чынам перакручвалі, а ў лепшым выпадку проста замоўчвалі. Ды і зараз не асабліва пішуць пра яе.

Пра што маўчаць падручнікі

Вось перада мною школьны сшытак па гісторыі маёй дачкі, якая закончыла горацкую СШ №4 у 1990 г. І што бачу: як і мне колісь, так і ў другой палове 1980-х гадоў дзецям убівалі ў галаву, што ў гэтай вайне, аказваецца, беларускі народ вёў вызваленчую барацьбу за ўз’яднанне(!) з Расіяй, а рускі народ дапамагаў яму. Цікава, а што кажуць цяперашнія школьныя настаўнікі?

Дык вось, у траўні 1654 г. 80-тысячнае маскоўскае войска з трох напрамкаў уварвалася ў нашу незалежную дзяржаву, Вялікае Княства Літоўскае, на (як цяпер кажуць) беларускія землі. З поўдня на дапамогу маскоўцам Б.Хмяльніцкі выслаў 20 тыс. украінскіх казакоў начале з палкоўнікам Залатарэнкам. І ўжо ў траўні вялікая групоўка начале з ваяводам А.Трубяцкім узяла ў аблогу Мсціслаў. Невялікі гарнізон і жыхары горада мужна абараняліся ад захопнікаў аж да 27 ліпеня.

Па загаду раз’юшанага Трубяцкога ацалеўшыя жыхары Мсціслава амаль усе былі забіты, асобныя выведзены ў палон, горад быў зруйнаваны.

Войны, як вядома, пачынаюць палітыкі. Аднак паводзіны ваюючых бакоў на занятых тэрыторыях – красамоўны паказчык адносінаў заваёўнікаў да мясцовага насельніцтва. На жаль, аб’ём газетнага артыкула не дазваляе больш падрабязна спыняцца на падзеях гэтай вайны. А між іншым, яна, на мой погляд, па сваіх наступствах самая (!) трагічная у гісторыі беларускага народа. Вы толькі ўявіце сабе: за 13 год вайны насельніцтва Беларусі скарацілася на 53%!

Увайшоўшая ў гісторыю так званая “Трубяцкая разня” 27 ліпеня 1654 г. была не адзіным фактам выключнай жорсткасці заваёўнікаў з усходу.

Падобны лёс выпаў і на Дуброўну: за спробу абароны ад маскоўцаў усіх яе жыхароў забралі ў няволю, горад спалілі, нават абарончыя земляныя валы скапалі.

У 1655 г. амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі апынулася пад акупацыяй. Аднак некалькі фартэцый, у прыватнасці Слуцк, Ляхавічы, Стары Быхаў, засталіся непакоранымі. 20-тысячная армія таго самага Трубяцкога доўга і зацята штурмавала Слуцк і была вымушана адступіць. Потым на змену прыйшлі казакі Залатарэнкі, якія таксама поспеху не здабылі. Не здолелі маскоўскія войскі захапіць і Стары Быхаў. Мужна адстойвалі свае гарады вайсковыя залогі і мяшчане Віцебска, Гомеля, Смаленска.

Ці тых герояў мы памятаем?

Даследчыкі адзначаюць паказальны факт: адзінства жыхароў Беларусі незалежна ад іх этнічнага паходжання і канфесійнай прыналежнасці, якое праявілася ў сумесным змаганні супраць захопнікаў. Беларускія гарады разам баранілі праваслаўныя і уніяты, іудзеі і пратэстанты. Нашы продкі пры сумесным жыцці на беларускіх землях здаўна дэманстравалі “дружбу народаў”, агульнае разуменне сваёй радзімы і сваёй дзяржавы. Здавалася б, чым не бліскучыя прыклады для нас?!

Аднак пасля далучэння нашых земляў да Расійскай Імперыі расійскія чыноўнікі дзейнічалі ў адпаведнасці з указам Кацярыны ІІ, які патрабаваў: “Великое княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ её белорусами, чем на века привяжем её к России.

Замирить Белую Русь военной силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа.

Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя…”.

Вам нічога не нагадваюць гэтыя словы?

І што мы бачым цяпер: прэзідэнт Расіі дзеля патрыятычнага выхавання сваіх грамадзян адкрыта абапіраецца на прыклады самаадданасці і гераізму з даўняй гісторыі: Казельск, Кулікава поле, Мінін і Пажарскі, Сусанін, Палтава, Барадзіно, Дзяніс Давыдаў і г.д.

А што ў незалежнай Беларусі? – а ў нас па-ранейшаму ў якасці асновы выхавання патрыятызму выкарыстоўваецца пераважна савецкі перыяд гісторыі. Быццам бы гісторыя Беларусі пачынаецца толькі з часоў савецкай улады. Рэцыдывы гістарычнай амнезіі не пераадолены.

Таму і святкуем мы “День Октябрьской революции”, а ў цэнтры сталіцы нашай краіны вуліцы Свярдлова, Урыцкага, Валадарскага, Берсана, Мяснікова, я яшчэ Бялінскага, Чэрнышэўскага, Някрасава, Ландара, Пляханава, Фабрыцыўса і г. д.

– ну, проста цэлы пантэон знакавых для Беларусі людзей. Ды яшчэ ўспомнілі так званую “лінію Сталіна”, назва якой у свой час з’явілася з падачы Геббельса і якая практычна ніякай ролі ў абароне Беларусі ў 1941 г. не адыграла. Усе ж ведаюць, што Мінск быў захоплены на шосты дзень вайны. Пытанне аб тым, ці трэба ганарыцца афіцыйным выкарыстаннем на Беларусі такога брэнда як Сталін, пакінем пакуль за кадрам.

Сумны эпілог

Хутка надыйдзе 65-годдзе Перамогі, а ў наступным годзе будзе адзначацца (спадзяюся, што будзе!) 20-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларусі. У сувязі з гэтым ці не звярнуцца грамадзянам Беларусі ў Палату Прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і да Прэзідэнта з прапановай аб ушанаванні гераізму нашых продкаў, праяўленаму пры абароне Бацькаўшчыны ў мінулыя стагоддзі?

Магчыма, па прыкладу свайго калегі з Расіі прэзідэнт Беларусі таксама падпіша адпаведны указ і беларускія гарады, якія ў мінулым праявілі не меншы гераізм, чым Казельск, і перажылі падобную трагедыю, таксама атрымаюць званне “Горад вайсковай славы”.

А чаму не? Чаму не выкарыстаць гісторыю беларускага народа і краіны ў мэтах выхавання патрыятызму ў насельніцтва незалежнай Беларусі? Думаю, што большасць жыхароў Мсціслава, а магчыма, і некаторых іншых гарадоў не будуць супраць.

А як лічыце вы, паважаныя чытачы?

А.Каданчык, кандыдат гістарычных навук.

Рэкамендую пачытаць:

1. Сагановіч Г. Невядомая вайна. Мн., 1995.

2. Тарас А. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в ХIV-XVI веках. Мн., 2006.

3. Дзеружинский В. Тайны белорусской истории. Мн., 2009.

 
падзяліся гэтай навіной з сябрамі::

Каментарыi 

 
0 #1 Агурок 2010-02-23 23:39
Аляксандр Ісакавіч, помню Вашыя выклады! Вельмі цікава было! Шкада, што такіх добрых выкладчыкаў вельмі мала ў акадэміі. Многія толькі і ўмеюць як з падручніка ці канспекта лекцыі перачытваць! Дзякую за артыкул!
Цытаваць
 
Апошнія каменты
Галоўнае на сайце

далучайся да нас:


КАРТА САЙТА | ПРА ПРАЕКТ | КАНТАКТЫ | ДАПАМОГА

© Рэгіянальны інфармацыйны партал пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці: HORKI.INFO, 2007-2011.
Пры выкарыстанні тэкстаў, фота і відэа з гэтага сайта гіперспасылка на HORKI.INFO абавязковая.
Адказнасць за змест і дакладнасць матэрыялаў ды каментарыяў нясуць іх аўтары.

BELARDA.ORG: Бабруйск, Барысаў, Белаазёрск, Брэст, Бярозаўка, Гарадок, Гомель, Горкі, Гродна, Жодзіна, Масты, Орша, Рэчыца, Светлагорск, Смалявічы, Свiслач