Ад нараджэння да сённяшняга дня так ці інакш маю справу з сельскай гаспадаркай. У восем гадоў навучыўся даіць карову, даводзілася не мала пасвіць людскі статак, збіраць каласы на лусту хлеба. У 1962 годзе праходзіў практыку ў калгасе “Радзіма Хрушчова” Курскай вобласці, слава пра які грымела на ўвесь Саюз. Пасля дзесяць гадоў працаваў галоўным аграномам ў саўгасе “Леніна” Горацкага раёну. І амаль тры дзесяцігоддзі ўзначальваў “Дрыбінскі”. Бачыў розныя гаспадаркі і дасягненні, але ўсюды і заўсёды галоўнымі праблемамі былі: нізкая дысцыпліна, крадзяжы, малыя заробкі.
Калгасы былі памылкай
Гэтыя ж праблемы былі 80 гадоў таму, не памяняліся яны і да сённяшняга часу. І тады і сёння, брыгадзір дае нарад (калі ёсць каму даваць), улічвае колькасць і якасць заробленага, а па колькі не магчыма за кожным прасачыць, то і колькасць ды, асабліва, якасць улічваюцца як Бог на душу пакладзе. І гэта за рэдкім выключэнням ад нізу да верху. Колькі было спробаў палепшыць становішча: і аж тры формы гаспадарчага разліку, і брыгады інтэнсіўнай працы, і кантроль з нізу да верху, і самаправеркі, і патрабаванні “жесточайшей дисциплины” – нічога не дапамагала. Ішлі гады, дзесяцігоддзі, а воз, як кажуць, і сёння там. Чаму самае горшае становішча менавіта ў сельскай гаспадарцы? Я ў першую чаргу маю на ўвазе заробкі і ўзровень жыцця сялян. Чаму так адбываецца? Хачу выказаць свой погляд.
У сельскай гаспадарцы галоўным сродкам вытворчасці з’яўляецца зямля. Зямля ці не адзіны сродак вытворчасці, які ў працэсе вытворчасці можа павялічыць свой кошт. Праца на зямлі вельмі складаная, пад адкрытым небам – і гэтым усё сказана. Тут заўсёды рызыка. Наогул кантраляваць працу селяніна немагчыма, бо тут, як ні дзе, акрамя рук патрэбна ўкласці і душу. Таму і ацаніць працу можа толькі рынак і даход, якога часам і год, і болей даводзіцца чакаць. Адным словам прымаць рашэнне, браць на сябе адказнасць, рызыкаваць, можа толькі гаспадар. А які гаспадар без зямлі?
Я лічу і ўпэўнены, што стварэнне калгасаў было вялікай памылкай і нават злачынствам. Гэта наш першы “Чарнобыль”. Таму свет павінен нам быць вельмі ўдзячным. Яны ўсе на нашым горкім досведзе навучыліся, як не трэба рабіць. Зямля не можа эфектыўна працаваць без гаспадара. Гаспадара няма без зямлі. Сёння за калгасніка прымаюць рашэнні іншыя, а адказнасць нясе калгаснік сваім узроўнем жыцця.
Тое, што калектыўнае валоданне зямлёй неэфектыўнае, было даказана ў першыя ж гады. Стварылі калгасы з добрымі намерамі: распрыгоніць селяніна ад цяжкай працы, зраўняць усіх. Але ж пачаўся голад і прыйшлося, каб не паўміралі, даваць “соткі”. Вось і ўсё: тысячы гектараў не маглі пракарміць сям’ю, а маленькія соткі не давалі памерці з голаду.
Пасля дзе-нідзе дадумаліся, гэтыя соткі зводзіць у адзіны масіў для ўсіх, каб можна было механізаваць тую ж бульбу. На першы погляд – прагрэс. Але толькі на першы. Бо гэта той жа калгас, толькі на маленькай плошчы. Карацей, маленькі калгас у вялікім калгасе. Чаму ён павінен карміць, калі вялікі не можа. І так усюды. Калі давалі сенакос, усё, і старое і малое было на лузе, і не прыпомню, каб чыя пайка згніла. Чаму даярка, якая доіць 50 ці 100 кароў павінна яшчэ і сваю рукамі даіць? На заводзе так, там дах, канвеер, пэўныя часы працы, кантроль больш менш магчымы. На зямлі ўсё іначай.
Шмат хто запярэчыць, што сёння ў калгасах ураджай вышэйшы, гэта так, але шаноўныя апаненты, гэта вынікі тэхналогіі, механізацыі, а не адносін да працы. На вёсцы сёння ў большасці не тое, што працаваць, хутка і есці не будзе каму.
У коле адставання
Калі я пачынаў працаваць аграномам, ураджай збожжа быў у нас недзе 7-8 цэнтнераў, ну няхай з прыпіскамі 10 (вось жа халера – прыпіскі – ці ёсць яны ў сапраўднага гаспадара?). У той час у капіталістаў было 30. Выходзіць, розніца паміж намі і імі – 20 цэнтнераў. Дасягнуць гэтага ўзроўню было маёй марай. Неяк дасягнулі ажно 35 па рэспубліцы, а ў тых ужо 70, розніца 35. Колькі ні хвалі калгас, а розніца з гадамі расце, і не на нашу карысць.
Скажуць тэхніка ў іх лепшая, гэта так, але і мы набываем тую ж тэхніку, а вынік? Чаму? Таму што там і зямлёю, і тэхнікаю, і прадукцыяй валодае і распараджаецца гаспадар-уласнік. Мне скажуць, бяры зямлю і працуй на здароў’е. Але ж права працаваць на зямлі і магчымасць валодаць ёю – гэта вялікая розніца. Давайце паразважаем абстрактна. Два чалавекі маюць па 50 га зямлі. Адзін ўсё жыццё шчыраваў на ёй, угнойваў, звозіў пустазелле і г.д. Давёў яе ўрадлівасць, скажам, да 30 цэнтнераў. А другі – праз пень калоду, неяк жыў на тых жа 10 цэнтнерах, і вось не стала сілы, прыйшлося сыходзіць. І хто ацэніць шматгадовую працу? Калі зямля ў пажыццёвым карыстанні, то пенсію прызначае чыноўнік. А калі свая, то рынак. Ад добрай зямлі, хай і ўласнай, выйграюць усе – і гаспадар, і грамадства.
Кажуць, што сёння вельмі мала ахвочых працаваць на зямлі, ніхто яе браць не будзе. Па-першае, пры сённяшняй тэхналогіі і тэхніцы, столькі працаўнікоў і не трэба. Па-другое, ва ўласнасць зямлю, яшчэ нікому не давалі.
Складаная задача
Я трохі папрацаваў у Расіі, і на свае вочы бачыў, як за сваю пайку людзі змагаюцца, нават стары і нямоглы. Адны здаюць яе у арэнду, другія пакідаюць нашчадкам. Там зямля ўжо не нічыйная. У той жа Украіне не ўсе ўладальнікі могуць на ёй працаваць, там здаюць фермерам, фірмам, і галоўнае – здаюць тым, хто эфектыўна працуе, бо ён можа больш плаціць. Глядзіш, добры прыбытак да пенсіі.
Так, перадача зямлі – задача вельмі складаная, трэба напэўна стос законаў вызначыць: каму, калі і колькі, па якім кошце, ці задарма. Тут трэба ўсенароднае абмеркаванне, выкарыстанне сусветнага досведу, і асабліва досведу краін “сацыялістычнага лагеру” і постсавецкіх краін. Галоўнае, патрэба палітычная воля, усведамленне грамадства, што без карэннага вырашэння гэтага пытання, наперад мы не прасунемся. І зноў і зноў, пры высокіх ураджаях і дасягненнях напрыканцы кожнага месяца ў кіраўнікоў гаспадарак будзе балець галава, дзе ўзяць грошы на заробак.
Урок на ўсё жыццё
Першы і найбольш важны зямельны ўрок мне выклаў мой бацька. Калі я студэнт эканамічнага факультэту акадэміі, заўзяты камсамолец, пачаў даказваць, што калектывізацыя была неабходна. Што раскулачылі яго і саслалі – правільна. Што была эксплуатацыя чалавека. Бацька, які скончыў ЦПШ, адказаў мне тады: “Так, наймаў твой дзед улетку жняцоў. Але за дзень працы плаціў пуд жыта, два разы карміў і не абы як – абед і вячэра. Дрэнна працаваць было немагчыма, таму што разам з ім жалі яго дочкі і нявесткі. А ты ўчора прывёз мой гадавы заробак у калгасе: тры з паловай мяхі збожжа. Вось і думай, хто эксплуататар. Ты ж студэнт, павінен быць разумнейшы за мяне”.
А я ў той час, напрыканцы пяцідзесятых, захапляўся заробкамі калгаснікаў “Рассвету”, якім К.Арлоўскі даваў на працадзень па 2,5 кілаграмы збожжа. Гэта прымусіла задумацца, а ўся далейшая праца прывяла мяне да высновы, што калі б калгаснікі не кралі, то зніклі б як від з твару зямлі. Дзяржава абкрадала іх шматкроць, таму што пазбавіла селяніна галоўнага сродку вытворчасці – зямлі.
Так што зямля павінна належыць тым, хто на ёй працуе.
Мікалай Юркоў, дырэктар СПК “Дрыбінскі” (1973-2001 г.г.)
|
Дадаць каментарый