Хачу падзяліцца думкамі аб стане спраў у сельскай гаспадарцы. Фактычна лічаныя гаспадаркі ў стане сплачваць заробкі сваімі грашыма. Як жа так - людзі, якія кормяць усіх, самі застаюцца напаўгалоднымі. У чым жа справа? Здаецца, з усіх галін вытворчасці сельская гаспадарка нават у час крызісу знаходзіцца ў лепшым умовах. Гэта падраныя штаны можна залапіць, а есці ж хочацца кожны дзень і не адзін раз.
Вытворчасць расце, штогод на 10%, прадукцыя прадаецца, што яшчэ трэба? Але годнага заробку няма – у чым справа?
Не хацелася быць нясціплым, але маю пэўны вопыт і хачу падзяліцца ім, і нават вызваць дыскусію. Бо справы сапраўды, мякка кажучы, нездавальняючыя. З чаго прышлося пачынаць мне? Прыйшоўшы на пасаду дырэктара саўгаса “Дрыбінскі” у 73 годзе мінулага стагоддзя, адразу адчуў усю прыкрасць безграшоўя. Яно не толькі прыніжае годнасць, але і разбэшчвае кіраўнікоў. І ў тыя гады таксама дзяржава больш падтрымлівала стратныя гаспадаркі.
З чаго ж пачынаць? Я быў добра дасведчаны ў раслінаводстве, а вось у жывёлагадоўлі, калі не “0”, то блізка. Я адразу звярнуўся да адмыслоўца ў гэтай справе (на сёння, на жаль, нябожчыка, У.Грынюка, былога галоўнага заатэхніка калгаса “17 партз’езд”. Ён мне даў вельмі многа, асабліва ў свінагадоўлі. У саўгасе было тры матачныя фермы, трыста асноўных свінаматак. Парасят мала, заробкаў няма, страты ад свінагадоўлі 100 тысяч савецкіх рублёў (МТЗ–52 каштаваў тады 4000 рублёў). Першае, што зрабіў, вывез на мясакамбінат больш за 150 матак. Што тут паднялося, не расказаць, не апісаць. Ат, думаю, не выганіце – яшчэ толькі першы год працую. Праўда, дзень пачынаўся і канчаўся на свінарніку. Ферма матачная засталася адна – Нікольская, ды і на ёй усе свінаркі напісалі заявы на звальненне. Але меней чым праз год, без вялікіх укладанняў, выхад парасят падвоіўся, заробкі ў свінарак узраслі таксама ў два разы, працаваць пачалі ў дзве змены па 8 гадзін. Свінагадоўля стала даваць больш за 100 тысяч прыбытку.
І ўсё ж галоўныя грошы былі за малако і ялавічыну. Што з малаком? Тады яшчэ 24-ая форма была адзін раз на год – першага студзеня. Таму адразу пасля Новага года, імкнуўся збыць усіх нягодных кароў, і пагалоўе фактычна было менш, чым лічылася па дакументах. А таму і надоі былі не надта, але кожны рубель, укладзены ў малочную галіну, на выхадзе даваў 1 рубель 50 капеек. Уявіце сабе, што малако наогул стратнае усё, а тады якія ж страты даюць тыя каровы, якіх трымаюць для пагалоўя, або каб на 100 грам падвысіць надоі. Я не агітую за не выкананне даведзеных паказчыкаў, але калі на справе так атрымалася, то што загадаеце рабіць, трымаць для справаздачы? А за чый кошт? Я гэтага не разумею. Гэта ўжо – хварэць не за справу, а за пасаду. Галоўнае ж у жывёлагадоўлі – кармы, у дастатку і збалансаваныя.
Я зрабіў аналіз забеспячэння кармамі за 20 гадоў. Не прэтэндую на вялікую дакладнасць, але выснову зрабіў для сябе трывалую. Калі забеспячэнне кармамі на 100%, то ўмоўна на 100% атрымаем і прадукцыі, але калі не хапае 10% кармоў, то прадукцыі атрымаем ужо на 25-30% менш. Таму калі ўжо здараўся ў дрэнныя гады, недахоп кармоў, то збываў усё непатрэбнае пагалоўе любымі шляхамі. Інакш замест першацёлкі трэба карміць бракаваную карову для ліку, або тых жа быкоў. Таму ў нас у галаднаватыя гады, цёлкі давалі большую прывагу за быкоў, а ў сытыя – наадварот. Пры такім падыходзе хутка ўсё пагалоўе аднаўляецца.
У нас розныя глебы. Ад пясчана-жвіровых да лёсавідных суглінкаў. І з гэтым трэба лічыцца, як з аб’ектыўнай рэальнасцю, бо кожная культура патрабуе сваіх глеб, і кожная глеба дае найбольшы вынік для пэўнай культуры. І не ўлічваць гэта – небяспечна.
Першае, што зрабіў: звёў кармавыя буракі з першага аддзялення (пяскі), а потым і ўсе іх вывеў (надта вялікі сабекошт кармавой адзінкі). Першымі ў Горацкім тады раёне аднавілі кукурузу і ў 1980 годзе давялі яе пасевы да 500 га, але “надарвалі пуп” і прышлося скараціць да 350 га. Хаця, у тыя часы насенне яе было танным. Аміячная вада, па сённяшніх мерках, лічы што дармавая, і ўсё ж кармавая адзінка з кукурузы выходзіла не самай таннай. Самыя танныя і паўнавартасныя кармы гэта – сена, сянаж з бабовых і бабовазлакавых шматгадовых траў і натуральных лугоў. На суглінках лічу, што мы знайшлі найлепшы варыянт вытворчасці найтаннейшага і дабраякаснага корму. Вельмі цяжка атрымаць добрыя травы, падсяваючы пад збожжа высокага ўраджаю. А вось пад аднагадовыя: віка-аўсяныя, гароха-аўсяныя сумесі – вельмі добра. Заправіўшы толькі PK, на два гады падсяваем канюшыну, 8-10 кг насення на га, азоту не даём ні граму. Улетку здымаем 200-250 ц/га зялёнай масы, на сянаж, сілас, сена. Канюшына, паколькі яна своечасова пазбаўляецца покрыва, яшчэ ў гэтым жа годзе дае паўнавартасны ўкос. І на наступны год пасля двух укосаў заворваем пад збожжа. Дзеля падстрахоўкі, на ўсялякі выпадак, можна да канюшыны дабавіць пяць кг цімафееўкі (насенне не праблема), і тады касіць два гады і таксама без азоту. Але лепей карыстацца адзін год, давайце разлічым, колькі б не каштавала насенне канюшыны, яго набываць вельмі выгадна, на той жа ўраджай злакавых трэба ды ўсяго за два ўкосы, тры-чатыры ц мачавіны па 50-60 тысяч за цэнтнер. Вось вам і 200 тысяч, толькі на азот. А яшчэ ж добрая канюшына пакідае ў глебе да 200 кг азоту, і кармы з яе не трэба балансаваць бялком. Вось і лічыце, ці такое яно ўжо дарагое насенне канюшыны. У нас жа заўсёды быў трывалы запас яго на некалькі гадоў. Кукуруза ж – корм для багатых. Яна сама патрабуе шмат выдаткаў: насенне, угнаенне, сродкі абароны. Ды яшчэ яе балансаваць бялком трэба – рапс, лубін, гарох. Лічу яе страхавой культурай і сеяць трэба столькі, на колькі хапае рэсурсаў, каб выканаць усю тэхналогію вырошчвання. Мы яшчэ далёка не выкарысталі патэнцыялу нашых натуральных танных крыніц кармоў. У першую чаргу намаганні павінны быць накіраваны на своечасовую нарыхтоўку і якасць кармоў сеяных траў і натуральных сенажацяў. Гэта абыдзецца значна танней.
Ну гэта ж не справа, атрымліваць высокі ўраджай збожжа з тым, каб яго затым скарміць карове. Ёй у першую чаргу трэба добрае сена, сянаж, сілас, а збожжа, гэта так, для высокаўдойных кароў. Памятаю 1978 год, еду з Мінска з В.Лявонавым (першы сакратар Горацкага райкама), ён просіць мяне дапамагчы кармамі калгасу імя Мічурына. Я адразу даў згоду і патлумачыў, што калі яны атрымалі 50 ц з га зерня, то жывёлу карміць не будзе чым. Ну, гэта было тады. Але ж і сёння для таннага малака трэба мець танныя кармы, бо збожжа – далёка не самы танны корм.
У імкненні хутка павялічыць надой шмат хто спрабаваў купляць племянных цёлак, нават і з замежжа, гэта добра, але не кожная, 6000-7000 карова можа даць прыбытак ў пэўных умовах. Трэба, каб на тую карову была адпаведна кваліфікацыя ўсёй абслугі, памяшканне, кармы і гэтак далей, інакш – адны страты. Наша стаўка была на сваіх цёлак, каб праверыць, на што яны сапраўды здатныя. Узялі, не выбіраючы, групу нецеляў, я папрасіў адну з лепшых даярак М.Жачкіну раздаіць іх. Кармоў далі колькі з’ядуць, але сваіх. І што вы думаеце? Першацёлкі далі больш чым па 4000 кг малака. Тады я зразумеў, што справа не ў замежных цёлках, а ў парадку на фермах. Зацікавілі даярак у раздоі, заробак у іх быў большы за мой дырэктарскі. А добра раздоеная першацёлка – гэта падмурак для добрай каровы.
Мяса: вядома быкі даюць лепшыя прывагі, але ёсць жа і цёлкі, іх вага ніжэй, выдаткі болей, у выніку прыбытак меней. Дык мы сталі тых цёлак асемяняць, плацілі 10 рублёў за злучаную цёлку, і яны ўжо цельныя ішлі нарасхват па коштах даражэй за быкоў. І на ўкладзены рубель атрымлівалі да 20 рублёў прыбытку. Усяго такім чынам прадавалі па 300 і больш галоў.
І яшчэ раз пра кармы. Бывае так, што меншы ўраджай дае большую карысць, напрыклад. Той жа лубін, гарох, ці віка – ураджай даюць не вялікі, а выгада вялікая. Адным кілаграмам можна збалансаваць некалькі кілаграмаў ячменю. Таму ў нас ніколі не было вялікіх ураджаяў, надояў, прываг, але прыбыткі былі высокія.
Мне могуць супярэчыць сённяшнія кіраўнікі: час быў другі, гэта так, але і ў той час былі стратныя гаспадаркі, былі і кіраўнікі гатовыя, вобразна кажучы, затраціць 200 грамаў малака, каб павялічыць надой на 100 грам. Вось, што я хацеў распавесці каротка, кіраўнік не павінны скардзіцца ў самастойным прыняцці рашэння. На тое ты і кіраўнік, каб ставіць інтарэсы сваёй гаспадаркі вышэй за ўсё, інакш ты проста цівун з бізуном.
З павагай, Мікалай Юркоў
|
Дадаць каментарый