Хочацца нагадаць жыхарам Аўсянкі, што з 2006 года жывуць яны ў аграгардку. Не ў горадзе, канечне, але ўжо і не ў вёсцы. Але ж ці адпавядае гэта рэчаіснасці?
У “Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла на 2005—2010 гады” аграгарадок апісваецца, як добраўпарадкаваны населены пункт з цэнтральным і лакальным водазабеспячэннем, з вуліцамі з цвёрдым дарожным пакрыццём, пасажырскай транспартнай сувяззю з раённым і абласнымі цэнтрамі, структурамі па абслугоўванні асабістых падсобных гаспадарак насельніцтва, установамі культуры і многім іншым.
Калі ўважліва спыніцца на гэтых характарыстыках, дык бачна, што многія з іх у нашым аграгарадку патрабуюць удакладнення і даробак. Вось і даводзіцца мне, як дэпутату сельскага Савета, неаднаразова звяртацца ў райвыканкам з запытамі аб вырашэнні праблем, якія існуюць у нас. Каб кожны дэпутат гэта рабіў, можа і хутчэй тыя праблемы вырашаліся б, але...
Нядаўна мною атрыманы адказ з Горацкага райвыканкама па найбольш актуальных для жыхароў Аўсянкі тэмах.
Па-першае, райвыканкам накіраваў чарговае папярэджанне СПК “Аўсянка”. Яно працягвае парушаць ўмовы дамовы арэнды мясцовага возера, дзе людзям не даюць лавіць рыбу. Раённае кіраўніцтва папярэдзіла старшыню кааператыва А.П.Салдаценку: у выпадку далейшых парушэнняў умоў дамовы на чарговым пасяджэнні райвыканкама будзе разгледжана пытанне аб скасаванні дамовы арэнды вадаёма. Можа пасля ўсяго гэтага жыхарам вёскі нарэшце дазволяць свабодна лавіць рыбу?
Па-другое, многія вяскоўцы абураліся наконт будаўніцтва жывёлагадоўчага аб’екту каля вёс-кі Цімохаўка. Лічылі, што там будуюць вялізны свінакомплекс, які размесціцца паблізу возера і аздараўленчай базы “Купалінка”. У адказе з райвыканкама ёсць тлумачэнне, што на дадзены момант будаўніцтва комплексу каля вёскі Аўсянка не вядзецца і на бліжэйшыя гады не плануецца. Комплекс будуецца ці ферма – вялікай розніцы, здаецца, няма. Бо месца для будаўніцтва выбрана няўдала, і з жыхарамі аб гэтым ніхто не раіўся.
Але радуе, што нягледзячы на адмоўны адказ аб будаўніцтве станцыі абезжалезьвання вады, у вёсцы Аўсянка гэты патрэбны для здароўя грамадзянаў аб’ект усё ж з’явіцца. Па неафіцыйнай інфармацыі нават да новага года.
Яшчэ адна праблема, якую спрабуюць не адзін год вырашыць жыхары аграгарадка, — увядзенне аўтобуснага рэйсу па маршруце Аўсянка-Горкі-Аўсянка. Раніцай даехаць да райцэнтра жыхары не маюць ніякай магчымасці. Да таго ж адменены многія рэйсы, на якіх раней можна было выехаць з Горак. Вадзіцелі маршрутных таксі, якія едуць да Магілёва, бяруць пасажыраў да Аўсянкі толькі пры наяўнасці свабодных месцаў, а часам за плату кошту білета, як да Магілёва. Пачынаецца зіма, па прагнозах сіноптыкаў яна сёлета будзе вельмі сцюдзёнай. Якім чынам і хто вырашыць транспартную праблему? Пытанне застаецца адкрытым.
Можна, напрыклад, прапанаваць аўтапарку набыць новы аўтобус і пусціць яго па маршруце з Горак да Аўсянкі і назад. Як паведамілі на Мінскім аўтамабільным заводзе, прыгарадны аўтобус на дваццаць чатыры пасадачныя месцы каштуе 479 млн. 699 тыс. рублёў. Невялікая сума ў параўнанні з той, якая адводзіцца на падрыхтоўку “Дажынак- 2012” у Горках. У горадзе будзе і лядовы палац, і амфітэатр каля Ніжняга возера. А ў аграгарадку? Можа хто б спытаўся і ў мясцовых жыхароў, што ім трэба і ці хопіць працаўніку сяла грошай ды магчымасцяў дабрацца да новых забаваў у Горкі?
Як не круці, жыццё ў вёсцы ніколі не было салодкім. А ці лепшае яно зараз? Можна, вядома, назваць вёску аграгарадком, як і старую хату — цудоўным домам. Толькі каму ад гэтага карысць?
Жанна Шчарбініна |
Каментарыi
Глубоки грязи твоих дорог,
Вот теперь я точно понимаю,
Что за жопа агрогородок!