Ёсць вуліцы цэнтральныя. А ёсць малыя – аднапавярховыя. Пра гэта нам паведаміў вядомы спявак яшчэ ў 70-я гады. Цэнтральныя маюць гучныя назвы вядомых дзяржаўных дзеячаў. Мяняюць гэтыя назвы рэгулярна, згодна з генеральнай лініяй. Малыя таксама раз-пораз набываюць новыя імёны. Гэта добра ілюструе матэрыял вядомага горацкага гісторыка Уладзіміра Ліўшыца. Але зараз гаворка пра іншае. Сапраўды, назвы некаторых вуліцаў цягам часу страчваюць актуальнасць, альбо ўвогуле становяцца напамінам пра трагічныя падзеі.
У Горках дагэтуль існуе вуліца Леніна. Праўда, у адрозненні ад шматлікіх іншых райцэнтраў, яна тут зараз не ў ліку “асноўных”. Некалі менавіта на ёй стаяў райвыканкам (зараз у гэтым доме стаматалогія). Пасля раённыя ўлады памянялі дыслакацыю, а назву, так здарылася, пакінулі. Захірэў камунізм, а з ім – вуліца імя ягонага лідэра. Зараз яна – адна з непрывабных і не вельмі дагледжаных у горадзе. “Цэнтралку” ж тагачасныя кіраўнікі перайменавалі тады вельмі ўдала. Пагадзіцеся, маршал Іван Якубоўскі такога гонару заслужыў. Але пры ўсёй да яго павазе, тая частка вуліцы, што знаходзіцца паміж другой школай і Шыманоўскімі могілкамі, у народзе дагэтуль завецца Аршанкай.
Ёсць і іншыя прыклады. Так, ніхто не спрачаецца, што Пушкін – паэт выдатны. Але прычым ён да Горак? Таксама як ды іншыя расійскія літаратары. Ці няма ў Беларусі сваіх? Караткевіч той жа або Быкаў. Іх, дарэчы, і зараз чытаюць ды паважаюць.
Яшчэ адна катэгорыя – вайскоўцы ды палітыкі. Энгельс, Луначарскі... Ні к сялу ні к гораду, як кажуць. А можа варта падумаць, ды ўзгадаць пра мясцовых выбітных людзей? Надалі ж у 90-я гады імя Максіма Гарэцкага вуліцы увогуле з бязглуздаю назваю “40 год кастрычніка”. Менавіта з такіх “шэдэўраў” у кагосьці з аматараў анекдотаў нарадзілася ў тыя часы знакамітае “Стагоддзе каня Будзённага”.
Думаю, шмат хто з жыхароў Горак з задавальненнем прайшоўся б па вуліцы імя мясцовага кампазітара Барыса Магаліфта. Не так даўно пайшоў з жыцця вядомы тутэйшы доктар Васяновіч. Думаю, што цалкам натуральным было б назваць яго імем вуліцу, што вядзе да бальніцы. Бо сталінскі хаўруснік Кіраў, галоўная “заслуга” якога ў тым, што ён стаў ці не першай гучнай ахвярай кланавых бальшавіцкіх “разборак”, тут – ні з якога боку...
Ну і нарэшце. Скажыце, шаноўныя чытачы, як бы вы паставіліся да таго, калі б у вашым горадзе з’явілася вуліца імя гаўляйтэра Кубэ альбо Адольфа Гітлера? Лічыце, такое немагчыма? І сапраўды. Дзякуй Богу. Але чым адрознівацца ад памянёных істотаў расійскі военачальнік Сувораў, войскамі якога была знішчана суверэнная дзяржава нашых продкаў Вялікае Княства Літоўскае ды яе саюзнік па Рэчы Паспалітай – Каралеўства Польскае? Толькі тым, што вешалі нашых суайчыннікаў-патрыётаў у той час крыху меней, чым пры фашыстах, а да газавых камераў ды “гулагаў” з “асвенцімамі” тады яшчэ не дадумаліся?
Пры гэтым у акадэмічным парку ляжыць пад расколатай плітою Войцех Дамарацкі – адзін з тых, хто амаль 150 год таму аддаў жыццё за незалежнасць нашай дзяржавы. Лічу, што не менш за гэтага героя заслугоўвае добрай памяці партызанскі камандзір Вайстроў, што праз 80 гадоў пасля Дамарацкага са сваімі паплечнікамі ў хвост і ў грыву ганяў вакол Горак чарговых “вызваліцеляў”, якія прыперліся на гэты раз з заходняга боку. А чаму б вуліцу, дзе стаіць райаддзел міліцыі не назваць імем міліцыянера Каробкіна, які загінуў на службе?
Не так даўно ў нас быў абраны новы склад Райсавету. Можа варта было б дэпутатам звярнуцца да гэтага пытання? Падумайце, шаноўныя.
Эдуард БРОКАРАЎ
|
Каментарыi
Няма фотак з выпускнога, няма і рэпартажу... На жаль.... ((((((((
проспект Торвальдса?