У Магілёве актывісты антыядзернага руху Беларусі стварылі кааліцыю “Рэгіёны супраць АЭС”. Першай яе акцыяй стане агульнабеларускі дзень інфармавання насельніцтва пра небяспеку АЭС. Так пастанавілі заснавальнікі кааліцыі з Гораччыны, Бялыніччыны, Вілейшчыны, а таксама з Мінску ды Магілёва. Дні інфармавання, заяўляюць актывісты, будуць праводзіцца рэгулярна.
Падчас гэтых акцыяў актывісты-антыядзершыкі збіраюцца казаць людзям тое, што, на іх думку, не кажуць дзяржаўныя мас-медыі ды чыноўнікі.
“Інфармацыі ў нас хапае. І яна абапіраецца не толькі на нашы эмоцыі, што мы баімся нейкай катастрофы ці яшчэ чаго. Яна абапіраецца перадусім на высновы навукоўцаў, на высновы эканамістаў, якія кажуць, што АЭС — гэта цалкам нявыгадны праект, тут палітыка. А калі на першы план выходзяць палітычныя моманты, логіку адсоўваюць убок, а крайнімі, як кажуць, будзем мы”, — зазначае каардынатар кааліцыі Эдуард Брокараў.
У беларускім грамадстве, цвердзяць актывісты, няма аднадушша адносна будоўлі АЭС і яе небяспекі.
“Мы не хочам эксплуатаваць чарнобыльскі сіндром. Людзі пацярпелі і на сваім уласным жыцці ведаюць, што такое атам. Мы хочам распавесці і пра тое, што атамная станцыя можа быць небяспечнай у плане эканамічным, у плане залежнасці ад аднаго пастаўшчыка сыравіны”, — кажа пра намеры кааліцыі эколаг, намеснік старшыні Цэнтру падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў Юры Міляшкевіч.
Страх і пасіўнасць не толькі чыноўнікаў, але і большай часткі насельніцтва Беларусі пакуль не дазваляюць праводзіць масавыя акцыі пратэсту, прызналі ўдзельнікі сходу. Дзеля гэтага варта больш актыўна тлумачыць людзям негатыўныя наступствы мірнага атаму. Агульнанацыянальныя дні інфармавання і пакажуць, наколькі здольныя мы змяніць сітуацыю, кажуць актывісты-антыядзершыкі. Першы дзень інфармавання павінен адбыцца ў ліпені.
Атамную электрастанцыю збіраюцца будаваць на Астравеччыне. Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, узводзіць яе будуць расіяне. АЭС абыдзецца Беларусі прыкладна ў 6,5 мільярда даляраў. Беларускі ўрад ужо звярнуўся да Расіі па крэдыт у 9 мільярдаў.
Першапачаткова пад АЭС разглядаліся тры пляцоўкі: дзве на Магілёўшчыне — Краснапалянская і Кукшынаўская, і адна на Гарадзеншчыне — у Астравецкім раёне. Супраць будаўніцтва АЭС ля вёскі Кукшынава ў Горацкім раёне выступілі мясцовыя грамадскія актывісты. Ад лістапада 2007 году яны сабралі пяць тысяч подпісаў праціўнікаў узвядзеньня станцыі. Подпісы дасланыя ва ўрад і адміністрацыю прэзідэнта.
Радыё Свабода |