Тое, што тэма роднай мовы пакуль не стала маветонам, нагадалі адразу два высокапастаўленыя айчынныя чыноўнікі. Намеснік міністра адукацыі Таццяна Кавалёва агучыла статыстыку, паводле якой школаў з беларускай мовай навучання ў краіне больш, чым з рускай. У сваю чаргу губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік распарадзіўся распрацаваць план паэтапнага вяртання мовы ў публічнае жыццё. У Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнах амаль усе сельскія школы гавораць з вучнямі па-беларуску, а ў Горках для ахвотных працуе тры класы з беларускай мовай навучання.
Як распавяла намеснік начальніка па вучэбна-выхаваўчай рабоце Горацкага раённага аддзелу адукацыі Іна Курціна, у пяці школах горада выкладанне вядзецца па-руску, затое ў астатніх шаснаццаці, якія працуюць у рэгіёне, па-беларуску. Выключэннем тут з’яўляецца хіба што СШ№3, дзе працуе ажно тры беларускамоўныя класы. Па словах Іны Аляксандраўны ні вучні ні настаўнікі не маюць з моваю ніякіх праблемаў, бо забяспечаны неабходнымі метадычнымі матэрыяламі ды падручнікамі. А летась, калі з’явіліся “класы са штрыхамі”, школы атрымалі ўсю неабходную літаратуру, у тым ліку, і на электронных носьбітах. Апошняе, дарэчы, было ўспрынятае старшакласнікамі на “ўра”.
4-В, 6-В і 9-Г – не звычайныя назвы класаў трэцяй школы. У іх настаўнікі і вучні карыстаюцца мовай Купалы ды Коласа, а над роднай літарай “і” ставяць кропкі не толькі ў пераносным сэнсе. Дырэктар школы Ніна Паўлаўна Рудашка кажа, што няма чаму здзіўляцца: “Мы ж усе беларусы. Якія тут могуць быць пытанні ці цяжкасці?” Усе, хто пісаў заявы на навучанне з беларускай мовай, атрымалі такое права. “Дзеці маюць неабходныя падручнікі, якія мы атрымліваем з вясковых школаў па абмене, у бібліятэцы таксама маюцца неабходныя адукацыйныя матэрыялы, а навучальны план – ён жа аднолькавы, што на беларускай мове, што на рускай”. У класах хаця дзяцей і не шмат (у чацвёрты ходзіць шасцёра, у шосты – трое, а дзевяты наведвае восем вучняў), затое, трэба меркаваць, увага з боку настаўнікаў да іх большая: з нявывучаным урокам не прыйдзеш, бо за 45 хвілінаў можна апытаць усіх прысутных.
У сваю чаргу на Дрыбіншчыне сітуацыя, як кажуць, пяцьдзесят на пяцьдзесят. Як распавяла заведуючая метадычным кабінетам Дрыбінскага аддзелу адукацыі Т.Хальчукова, у раёне працуе дзевяць сярэдніх агульнаадукацыйных установаў. Амаль усе яны знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Да гарадской школы адносіцца толькі Дрыбінская раённая. Пяць школаў вядуць выкладанне на рускай мове, чатыры вучаць дзяцей па-беларуску. Дзейнічае ў Дрыбінскім раёне і пераходны варыянт. Так, у вёсцы Пудаўня да пятага класу дзеці карыстаюцца беларускамоўнымі падручнікамі, далей выкладанне прадметаў вядзецца на другой дзяржаўнай мове.
Тое, што беларускамоўная якасць навучання ні чым не горшая, даказвае Мсціслаўскі раён. Раман Шыхлін, вучань Сялецкай сярэдняй школы, летась перамог у Берне (Германія) на міжнародным конкурсе сачыненняў, прысвечаных талерантнасці і цярпімасці. Аднак у адрозненні ад Горак у Мсціславе ні мясцовая гімназія, ні сярэдняя школа №2 не маюць беларускіх класаў – няма заяваў ад бацькоў. Ва ўсім жа раёне беларускамоўныя школы (іх усяго дванаццаць) перавышаюць па колькасці рускамоўныя (іх дзевяць). Пра гэта расказала заведуючая метадычным кабінетам РАА Святлана Кісялёва, якая ўжо 26 гадоў працуе на гэтай глебе і лічыць работу мясцовых педагогаў ды настаўнікаў па-сапраўднаму душэўнай. “Мы стараемся выхоўваць нашых дзяцей на традыцыях беларускага народу, на яго духоўнасці, павазе да роднага краю”, – заўважае Святлана Афанасьеўна.
Сярэдняя ж карціна па краіне выглядае наступным чынам. Паводле звестак намесніка міністра адукацыі Таццяны Кавалёвай, якія яна агучыла падчас прэс-канферэнцыі 18 жніўня, у новым навучальным годзе прыкладна 57% агульнаадукацыйных устаноў Беларусі будзе працаваць на беларускай мове, яшчэ ў 4,7% выкладанне будзе весціся на дзвюх мовах. Прыкладна столькі ж беларускамоўных школ налічвалася ў краіне і летась. Нягледзячы на тое што беларускамоўных школаў больш, чым рускамоўных, у іх вучыцца менш дзяцей, адзначыла намеснік міністра.
Паводле звестак Мінадукацыі, на пачатак мінулага года ў агульнаадукацыйных беларускамоўных установах усіх тыпаў вучыліся 195 тысяч 592 вучні (18,4% агульнай колькасці), у тым ліку 14 тысяч 712 першакласнікаў (16,7% агульнай колькасці першакласнікаў). У гарадах гэты паказальнік складае ўсяго 1,9%.
Магчыма, на Магілёўшчыне сітуацыя можа паступова змяніцца. На гэта дае надзею інфармацыя пра стварэнне ў вобласці спецыяльнай камісіі, якая павінна распрацаваць праграму паступовага вяртання беларускай мовы ў публічнае жыццё. Гэтая камісія створана згодна з афіцыйным распараджэннем старшыні аблвыканкаму Пятра Рудніка.
Кіраўнік Магілёўскай гарадской суполкі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” Алег Дз’ячкоў, які займаецца экскурсіямі па рэгіёнах Магілёўскай вобласці, мяркуе, што для адраджэння мовы вельмі важна стварыць беларускае асяроддзе. “Візуальная рэклама, шыльды, аб’явы на вакзалах павінны рабіцца па-беларуску. Таксама вартая справа – сустрэчы з айчыннымі пісьменнікамі і паэтамі па навучальных установах”, – адзначае сп.Дз’ячкоў. Дарэчы
Кіраўнік абласнога ўпраўлення ідэалагічнай работы Валер Ільянкоў паведаміў карэспандэнту Радыё "Свабода" наступнае: “Будзем размерана, не спяшаючыся ўсё гэта рабіць. Будзем старацца на ўзроўні вобласці свой унёсак зрабіць. Да жалю, у нас бальшыня нашых газет выходзяць на рускай мове. Вось з гэтага будзем пачынаць”.
Ілля Заранок |