Узгорак
Надвор'е ў Горках
ПершаяГоркіДрыбінМсціслаўБДСГАРэгіёнГоркі ТВ Дадай сваю навіну!
Пашпарт рэгіёну Фотаблог Узгорак

Здарэнні | Інтэрв'ю | Меркаванні | Эканоміка | Спорт | Культура | Афіша | Рэгіянальнае развіццё | Навіны ад чытачоў | Блог Андрэя Юркова | Гісторыя Горак і БДСГА | Нашы выданні | Мясцовы Інтэрнэт

Прывіды на дарозе
03.10.2007 г.

Болей за трыццаць жыхароў Горак рушылі ў бок Оршы, дзе на Крапівенскім полі павінна было адбыцца святкаванне чарговых угодкаў перамогі беларускага войска над войскамі маскоўскага княства. У дарогу запрасілі ўсіх, каму гэтае сьвята было цікавае. Людзі збіраліся ў добрым настроі, чакаючы паглядзець канцэртную праграму (а мо хто і сам хацеў нешта паспяваць, альбо расказаць са сцэны), некаторыя ехалі сем'ямі, было нямала дзяцей. Добрыя клумкі ў руках амаль кожнага, хто сабраўся ў дарогу, сведчылі аб намеры грунтоўна павячэраць на свежым восеньскім паветры ля вогнішча ў кампаніі аднадумцаў, завесці новыя знаёмствы, паразмаўляць на роднай мове. Той-сёй збіраўся перакуліць і чарку-другую, ушанаваўшы памяць гетмана Канстанціна Астрожскага ды ягоных ваяроў, якія восьмага верасня 1514 года абаранілі сваю краіну ад варожага нашэсця. Да таго ж, святу спрыяла нядрэннае восеньскае надвор'е...

...Калі пасля павароту ў бок Дуброўны на дарозе стаў бачны даволі шматлікі натоўп, то адразу падумалася, што гэта нейкія здані з мінулага. Здавалася што фантомы маскоўскага войска зноў стаяць на Крапівенскім полі, а ахоўныя кардоны паўстаўшых з таго свету жудасных прывідаў і цяпер сцерагуць дарогу, каб не дазволіць прайсці туды гаспадарам гэтай зямлі – беларусам. Хоць і ня надта веру ў Бога, але ўзнікла жаданне перахрысціцца. Ды не паспеў: машына пад'ехала бліжэй і стала ясна, што супраць гэтых аніякі Святы крыж не дапаможа – з двух бакоў аўтатрасы стаялі нарады міліцыі.

Канешне, ахова грамадскага парадку – рэч на такіх мерапрыемствах неабходная. І калі б у супрацоўнікаў Аршанскага гараддзелу ўзнікла такое жаданне, то яно магло быць толькі ўхваленае. Але ім зараз было не да парадку. На падставе ўбачанага уласнымі вачыма, бяруся сцвярджаць, што людзі, якія лічаць сябе афіцэрамі, мелі мэтаю якраз-такі адваротнае. Яны павінныя былі ўнесці дэзарганізацыю ў рады святкуючых і у рэшце рэшт – сарваць Дзень вайсковай славы. Як напісаў калісьці нехта з расійскіх літаратурных класікаў: "Тащить и не пущать".

Дарэчы, кардонаў на падыходзе да поля было некалькі. На першым з іх "шманалі" толькі аўтобусы. Нашы чатыры легкавікі праехалі далей. Горацкі ж бус, які рухаўся следам за намі, затрымалі і без аніякіх тлумачэнняў адправілі ў Воршу, у гараддзел, нешта там высвятляць. Мэтаю, як бачна, было адно – пацягнуць час, каб не пусціць людзей на свята. Ніякіх абвінавачванняў ў аддзеле да нашых землякоў прад'яўлена не было (ды і што прад'яўляць?), на бессэнсоўныя пытанні, кшталту "адкуль-куды-навошта" ўсе адказвалі шчыра, не разумеючы, чаго тут ад іх ўвогуле хочуць.

Тыя, хто здолеў праехаць-такі да павароту на вёску Гацькаўшчына (побач з Крапіўнай, па гэтай дарозе і трэба ехаць да славутага поля) наткнуліся там на шматлікі нарад з людзей у пагонах з зоркамі. Не хачу называць іх афіцэрамі, бо ня маюць яны права так звацца. Афіцэр, наколькі мне зразумела, гэта, як мінулым, чалавек з павагаю да сябе, уласным гонарам. А тут – так – служкі, якія хлусяць у вочы, баяцца быць сфатаграфаванымі, і... "нічога ня ведаюць", маўляў, мы не пры чым – гэта ўсё начальства.

Затое з якім смакам адзін з іх распавёў пра хлопца з гітараю, якога яны не пусцілі прайсці, і які сеўшы прама на дарозе, пачаў спяваць. "Мы яго ў аддзел завезлі!"

- Дык можа ён і спяваў па-беларуску? – Задаў пытанне Дрыбінскі ветэран Мікалай Юркоў.

- Да, по-белaруску, - тут жа адказаў адзін з пільных "стражаў".

Прысутныя засмяяліся.

- Я не разумею, чаму мне не даюць прайсці па маёй беларускай зямлі? – Не супакойваўся спадар Юркоў, - я гэтага так не пакіну!

 

- Ды там міна ляжыць, ачапленне сапёры...- завучана тлумачыў міліцыянт.

- Дык што, аж з 1514-га года гэтая міна ляжыць? – Спытаў нехта.

Зноў агульны рогат, але тым хоць бы што. Убачыўшы дзяўчыну з Полацка, якая ў адкрытую фатаграфавала падзеі, вартаўнікі парадку гераічна кінуліся да яе, затрымалі ды пачалі "следчыя дзеянні". Разумелі, напэўна, што хутка надыдзе час, і здымкі тыя могуць стаць доказамі.

Людзей тым часам усё прыбывала і прыбывала. Хто выходзіў з праязджаючых рэйсавых аўтобусаў, іншых падвозілі папуткі. Бачачы бессэнсоўнасць супрацьстаяння, прысутныя прама на прыпынку зладзілі кола, ў цэнтры якога апынуўся горацкі гісторык, кандыдат навук Аляксандр Каданчык. Нячаста выкладчыкам даводзіцца праводзіць свае лекцыі (хоць і кароткія) ў палявых умовах і нячаста іх слухаюць з такой увагаю. Навуковец на працягу каля дзесяці хвілін распавядаў пра падзеі, якія адбыліся на гэтай зямлі напачатку ХVI стагоддзя.

Нялішнімі аказаліся тут і некалькі дзесяткаў асобнікаў нашай газеты з артыкулам спадара Каданчыка пра гэтую бітву.

Урэшце, большасць людзей раз'ехалася. Але хай ня думаюць ўсялякія прывіды, ды іншая нечысць, нібы ўсе скончылася на іх карысць. Прыйдзе час – пераможам, як нашы продкі. І будзе гэтая зямля сапраўды беларускай, 8-е верасня – дзяржаўным святам, а прывіды сыдуць у пекла, дзе ім і месца.

Эдуард Брокараў

 
падзяліся гэтай навіной з сябрамі::


Апошнія каменты
Галоўнае на сайце

далучайся да нас:


КАРТА САЙТА | ПРА ПРАЕКТ | КАНТАКТЫ | ДАПАМОГА

© Рэгіянальны інфармацыйны партал пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці: HORKI.INFO, 2007-2011.
Пры выкарыстанні тэкстаў, фота і відэа з гэтага сайта гіперспасылка на HORKI.INFO абавязковая.
Адказнасць за змест і дакладнасць матэрыялаў ды каментарыяў нясуць іх аўтары.

BELARDA.ORG: Бабруйск, Барысаў, Белаазёрск, Брэст, Бярозаўка, Гарадок, Гомель, Горкі, Гродна, Жодзіна, Масты, Орша, Рэчыца, Светлагорск, Смалявічы, Свiслач