Узгорак
Горки БГСХА Дрибин Мстиславль Пустынки Добрая Ленино Паршино Рясно Горкі БДСГА Дрыбін Мсціслаў Пустынкі Ходасы Паршына Расна Horki Gorki Drybin
Надвор'е ў Беларусі - %D0%93%D0%BE%D1%80%D0%BA%D1%96 Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ.org

першаябібліятэкавідэаinternet-рэгіёнуфоруммапапра horki.infoкантактыenglish
Пашпарт рэгіёну Фотаблог Узгорак
Дайце эканоміцы свабоду
29.10.2009 г.
Андрэй ЮркоўЧытаю ў адным з нумароў “Савецкай вёскі” інфармацыю пра адкрыццё ў Дрыбіне новага прадпрыемства, якое плануе заняцца выпускам тратуарнай пліткі, бардзюрнага каменю і іншых будаўнічых матэрыялаў. Адразу лаўлю сябе на думцы: хто ж у нас будзе купляць тыя вырабы? У людзей грошай вобмаль – ад авансу да “палучкі”. Дзякую Богу, калі хопіць сродкаў, каб пасадзіць кветкі каля хаты, ды моцы, каб абкасіць падворак. Натуральна, што тыя вырабы новага прадпрыемства за бюджэтныя грошы купіць хіба што наша “вертыкаль”. Чытаю далей і – нарэшце! Новаму прадпрыемству з абласнога бюджэту выдаткавана суда 420 мільёнаў рублёў пад’ёмных! Пачынаю лавіць сябе на тым, што гэта нейкае “дэ-жа-вю”. Інакш кажучы, мы гэта ўжо праходзілі і не раз.

Давайце ўспомнім нядаўняе

Узгадваю, з якой помпай рапартавала раённая “вертыкаль” гадоў 10 таму пра адкрыццё новага мяснога цэха ў Дрыбіне пры раённай спажывецкай кааперацыі. На адкрыццё прыехаў сам колішні прэм’ер Навіцкі. Усюды падкрэслівалася, што дзяржава (чытай бюджэт – мы з вамі, паважаныя землякі) уклала ў новы цэх шалёныя па тым часе грошы – 400 тысяч даляраў.

І як функцыянуе той цэх? Гады праз тры пасля пуску зусім зачынілі былі, дый сёння карысці ад яго мала. Хай бы сказалі тыя, хто кідаў грошы на яго будаўніцтва, пра што яны думалі, прымаючы рашэнне, і адказалі, колькі той цэх пералічыў за гэтыя 10 гадоў падаткаў у бюджэт.

А Дрыбінскі маслазавод? Памятаю падчас выбараў у парламент у 2004 годзе быў на сустрэчы у новым цэльнамалочным цаху. Прадстаўнікі ўладаў падносілі народу гэты цэх, як прыклад граматнага дзяржаўнага падыходу ў палітыцы падтрымкі малых гарадоў. Называлі шалёныя сумы дзяржаўных (чытайце, нашых з вамі) выдаткаў, лік ішоў на мільярды рублёў. І што з таго? Зноў “пшык”. Прадпрыемства стаіць.

Чытаем разам

Што ж распавядае “раёнка” пра новую арганізацыю? “Новая фірма – прыватнае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства “Гранат ПСМ”... належыць прыватным асобам. Ягоны заснавальнік – магілёвец Казімір Леанідавіч Лібузер, уладальнік невялікай будаўнічай кампаніі; дырэктар – Леанід Рыгоравіч Лібузер, таксама прафесійны будаўнік”. Што ж далей? А далей – спрэс адны пазітывы. “Па-першае, гэта выкарыстанне нявыкарыстаных памяшканняў, будынкаў раённай уласнасці. ПУВП “Гранат ПСМ” размясцілася на прамзоне ў ангары былой сельгастэхнікі, перададзеным на баланс УКП “Жылкамгас”. Па-другое, у раёне з’явілася новае прадпрыемства, што дае новыя рабочыя месцы і пастаянны даход мясцовым жыхарам, якія на ім працуюць, а таксама рэгулярныя паступленні падаткаў ад вытворчай дзейнасці ў мясцовы бюджэт”.

А далей – самае цікавае, пра што я ўжо сказаў вышэй. “У чацвёртым квартале мінулага году дадзенае прадпрыемства звярнулася з хадайніцтвам у Магілёўскі аблвыканкам аб выдзяленні яму бюджэтнай суды за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пад стварэнне новых рабочых месцаў. Было прынятае адпаведнае рашэнне аблвыканкама аб выдзяленні бюджэтнай суды на стварэнне 30 новых рабочых месцаў. Выдзеленыя 420 млн рублёў пайшлі на набыццё спецыяльнага сучаснага абсталявання”.

А што ж пра прадукцыю? “Старшыня райвыканкама адзначыў, што сёння вельмі запатрабаваная тратуарная плітка розных формаў. Пры горадабудаўніцтве, добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторыяў даўно сышлі ад асфальтавання. Паўсюдна выкарыстоўваецца плітка розных відаў, формаў. Таму прадукцыя, пры ўмове яе высокай якасці, будзе запатрабаваная, а значыцца, аб’ёмы вытворчасці будуць расці”.

Пра тых, хто плаціць

Я разумею ўладальніка “свежаспечанай” фірмы, пра якую напісала мясцовага газета. Шаноўны прадпрымальнік Лібузер з Магілёва, адчыняючы ў Дрыбіне прадпрыемства, добра зэканоміць на падатках, бо па праграме развіцця малых гарадоў яму прадстаўляюцца ільготы. З горам напалам можна было б пагадзіцца з такой “дзяржаўнай дабрачыннасцю”, калі б прадпрыемства планавала выпускаць нейкую прадукцыю на экспарт ці для рэалізацыі насельніцтву. А так атрымліваецца, здаецца, добры “гешэфт”. “Вертыкаль” за грошы простых людзей фінансуе добраму дзядзьку (прыватніку) адкрыццё новай фірмы, прадукцыю якой потым сама і будзе купляць для “горадабудаўніцтва” ды “добраўпарадкавання” за нашы ж народныя грошы.

Канешне, бюджэтную суду калі-небудзь можа прыйдзецца вяртаць. Але можа стацца так, што і не прыйдзецца. Калгасам бюджэт рэгулярна гасіць раней выдадзеныя суды, якія яны не ў стане вярнуць самастойна, таму надзеі прыватніка на чарговую “халяву”, калі яны ёсць, не беспадстаўныя. Разумееце, паважаныя землякі, калі далей ісці такім шляхам, то нічога добрага не атрымаецца.

Мне могуць запярэчыць, што мы ж усе ходзім па тых тратуарах, і для ўсіх дарогі аддзяляюць бардзюрныя камяні. Так, але калі ісці падобнай логікай далей, дык і калгасы ў нас фінансуюцца дзяржавай, але “бясплатна” для ўсіх ні масла, ні каўбасы пакуль не раздаюць. Чаму? Таму што немагчыма. Камуністычныя ўлады раней у Савецкай Расіі, а зараз у Паўночнай Карэі ды на Кубе спрабавалі ўсё дзяліць пароўну і раздаваць задарма. Аднак усё заканчваецца размеркаваннем харчоў па картках. Узгадайце, макароны, тушонку, шкарпэткі нам з вамі ўжо выдавалі па талонах.

Толькі таварна-грошавыя адносіны ў стане хутка ствараць багацце. Гэта яшчэ Маркс даказаў, але, бачна, некаторыя чыноўнікі класіка эканомікі не чыталі. Менавіта таму ў любой развітай краіне бюджэт імкнецца мінімізаваць ўмяшанне ў народную гаспадарку. Выключэннем з’яўляюцца толькі сферы агульнаграмадскай важнасці: ахова здароўя, ахова правапарадку, армія, адукацыя (як правіла, пачатковая альбо сярэдняя), камунікацыі (дарогі, масты, транспарт і г.д). Бадай што гэта ўсё. Астатнія сферы жыцця і эканомікі, безумоўна, рэгулююцца, але ўмяшанне наўпрост забаронена. Мільёны ж грамадзянаў і юрыдычных асобаў, штодзень уступаючы ў таварна-грошавыя адносіны, ствараюць багацце. І калі яно ёсць, дык ёсць, што дзяліць і спажываць.

У нас жа атрымліваецца, што для народа – “камунізм” (свайго нічога амаль няма – усё ў бюджэт забірае дзяржава), а для тых, хто пры ўладным стырне – “дзікі капіталізм” (мажлівасць за народныя сродкі ствараць прадпрыемствы).

Зробім просты разлік

Давайце падлічым разам укладанне дзяржавы ў новае прадпрыемства. Бярэм сярэдні заробак у Дрыбіне тысяч у 600 рублёў. 30 чалавек (запланаваная колькасць працоўных месцаў) x 600 = 18 млн у месяц. Дзелім атрыманую ад дзяржавы суду 420 млн : 18 млн = 23,3 месяцы. Выходзіць, за гэтыя грошы амаль два гады можна плаціць персаналу прыстойны заробак, нічога не робячы. А калі пакласці гэтыя сродкі ў банк пад 24% гадавых, будзе 100 млн рублёў гадавога даходу. Гэтага хопіць, каб плаціць 30 працоўным па 280 тыс. рублёў у месяц з адных працэнтаў. Вось так.

Калі правесці падлік дзяржаўных укладанняў на Дрыбіншчыне за апошнія 15 гадоў, карціна ўвогуле атрымаецца цікавая. На абсалютную дакладнасць я не прэтэндую, бо не маю доступу да поўнай статыстычнай інфармацыі. Але агульныя тэндэнцыі магу спрагназаваць даволі трапна. За гэтыя гады ў эканоміку раёна былі ўкінуты дзесяткі мільёнаў даляраў. Калі б гэтыя грошы дасталіся людзям, мы б не мелі сёння аграгарадкоў, калгасаў (гэта былі б прыватныя гаспадаркі). Не было б пустых новых хат у вёсках. Просты люд жыў бы на парадак заможней, былі б ужо свае багатыя дрыбінскія бізнесмены, здольныя за ўласныя сродкі адчыняць новыя прадпрыемствы.

Гэта не проста было б зрабіць, бо такі ўзровень эканомікі патрабуе і адпаведнага ўзроўню ведаў ды адказнасці ўладаў. А гэтага ў нас на Беларусі, здаецца, пакуль няма. Але ж патрэбна разуменне, і ў першую чаргу ўладаў, што так далей жыць і кіраваць нельга.

Пазычаем, пазычаем

Так, народ у нас цярплівы (калі быць больш дакладным – запалоханы), яшчэ шмат чаго стрывае. Але ўладам, якія сёння так бязглузда раскідваюць грошы, прыйдзе час і збіраць камяні (а разам з уладамі, на вялікі жаль, і ўсім нам). Бо гэтыя мільёны зароблены не намі, не нашай эканомікай, а праўдамі і няпраўдамі выцягнуты ў выглядзе датацый з Расіі. Цяпер яна перастала нас датаваць у ранейшым аб’ёме ды ўвогуле пагражае спыніць “халяву”.

Натуральна, што сёлета, каб не вялізныя крэдыты з Захаду і Усходу (за апошні год каля 3,5 млрд даляраў), якія ўлады ўжо праелі, а зараз ліхаманкава шукаюць новыя, мы б жылі цяпер у іншых умовах. А крэдыты неўзабаве прыйдзецца вяртаць. А дзе ўзяць тыя грошы, калі умеем толькі ў калгасы ды аграгарадкі закапваць ды цягаць з бюджэту пад быццам добрыя намеры? Часу вобмаль. Трэба тэрмінова прымаць жорсткія захады па эканоміі кожнай капейчыны, якая пакуль не пушчана на вецер, і даць рэальную свабоду эканоміцы.

Тут індыкатар просты: калі нашы тутэйшыя людзі за ўласныя ці крэдытныя сродкі пачнуць адчыняць прадпрыемствы і набіраць на працу людзей, значыць, становішча выпраўляецца. Да таго часу, пакуль не запрацуе ўласны бізнес, ніякі інвестар з вялікімі кішэнямі і гатоўнасцю рэальных укладанняў сюды не прыйдзе. Да гэтага часу сюды могуць прыйсці толькі розныя прайдзісветы з адной мэтай: забраць апошняе, што засталося. Вось так, паважаныя землякі. А “Савецкай вёсцы” – дзякуй. Можа і не знарок, а праўду напісала.

Андрэй Юркоў

 

падзяліся з сябрамі:

Апошняе ў фотаблогу

Відэа
Vinsent: Восеньскі вальс
 
Галоўнае на сайце

Cюжэты:

Чэмпіянат вобласці па футболе   Інтэрв'ю   Меркаванні  Эканоміка   Даслана чытачамі   Андрэй Юркоў   Уладзімір Ліўшыц   Акадэмія   Падзеі   Афіша   Рэгіянальнае развіццё   Сайт   Спынім карупцыю   АЭС

Навіны TUT.BY



Апытанні
Дзе Вы ёсць?

далучайся да нас: Горки вконтакте Відэа з Горак Горкі на twitter Мой статус

© 2010 horki.info Інфармацыйны сайт пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці.
Belarda.org: Бабруйск, Барысаў, Белаазёрск, Брэст, Бярозаўка, Гарадок, Гомель, Горкі, Гродна, Жодзіна, Масты, Орша, Рэчыца, Светлагорск, Смалявічы, Свiслач
Рух «За Свабоду»  НАША НІВА  Нашыя дзеткі  Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ.org Будзьма разам! Гіт-парад Тузін Гітоў. Слухай ды выбірай!