Вясна прыйшла насуперак усім крызісам. Як кажуць: “паміраць збірайся, а жыта сей”. Менавіта непазбежнасць надыходу вясны і справакавала нядаўні канфлікт старшыняў большасці горацкіх гаспадарак і кіраўніцтва маслазавода. Узімку плацяць ці не плацяць рэгулярна за малако – трываць можна. Бо і вытворчыя выдаткі невялікія і дастаткова ручайка дызпаліва ды каністры бензіну, каб трактары на фермах гурчалі ды жвава гойсаў узад-уперад старшынёўскі “УАЗік” ці “джып”. А зарплату ў апошні дзень месяца выдадуць. Нідзе не дзенуцца. Хай пра гэта ў “вертыкалі” галовы баляць.
Вясна ж – зусім іншая справа. Гаручка павінна ліцца ракою. Угнаенні ісці эшалонамі, а розныя хімікаты сотнямі тысяч даляраў сыпацца на калгасныя абшары. Ці патрэбна гэта ўвогуле – мала хто задумваецца. Але апошнія гадоў 25-30 так і было, таму амаль усе чыноўнікі ўпэўнены, што так мусіць быць і надалей. А тут старшыні былых “перадавых” калгасаў наперабой крычаць: “Як нам жыць далей? Мы ўжо банкруты!” – і пачынаюць шукаць вінаватага, бы тую сякеру пад лаўкай – маслазавод.
Яны там на маслазаводзе, такія-сякія, не плацяць грошы, рэжуць гатунак, не пускаюць нават на парог. Ды яшчэ горш за тое не ходзяць рэгулярна на паклон да старшыні райвыканкаму. Вось дык крамола!
У дырэктара завода – свая праўда. Малако ваша, паважаныя кіраўнікі, патыхае не кветкамі, на двары – сусветны крызіс, ды і ўвогуле, мы – прыватнае прадпрыемства, сыравінныя зоны падзелены, нікуды не дзенецеся. Вашу прадукцыю на завод загоніць “вертыкаль”, бо ёй трэба “планы партыі” выконваць. Адным словам крыку, эмоцый багата з усіх бакоў (нават чутны прапановы аб нацыяналізацыі завода), а плённай, заснаванай на даверы размовы пакуль не чуваць.
Яшчэ год таму я меркаваў, што гэта “прыхватызацыя” Горацкага МСЗ карысці раёну не дасць (глядзіце, калі ласка, матэрыял “Маслазавод і досвед Украіны”). На жаль, так усё і адбылося. На сёння можна канстатаваць, што за мінулы год горацкі аграпром, практычна, не змяніўся, не правёў ніякіх (!!!) структурных эканамічных пераўтварэнняў і, самае кепскае, ні на кроплю не змяніў стратэгічнае мысленне свайго кіраўніцтва.
Ва ўмовах крызісу такая пазіцыя – прамы шлях да поўнага развалу сельгасвытворчасці. Бо любы студэнт (не лайдак) трэцяга курсу экфаку ведае, што ў эканоміцы ў цяжкія часы выжываюць толькі самыя спрытныя і гнуткія, здольныя да нестандартнага мыслення. У нас жа сёння пануе прынцып Мальчыша-Кібальчыша: “Дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца”. А там глядзіш, усё само сабой.
Не, магу вас запэўніць, спадары-кіраўнікі, у гэты раз не пранясе. Паглядзіце, што рабілася паўгады таму ва Украіне, 3-4 месяцы ў Расіі. Хутка дойдзе чарга і да нас, бо ў свеце усё звязана. Апошнія вынікі збору падаткаў у бюджэт, якія хоць зрэдку, але прасочваюцца у прэсу скрозь сіта цэнзуры, паказваюць іх рэальнае зніжэнне прыкладна на 40%. Ды гэта толькі пачатак. Далей будзе значна горай і менавіта сельгасвытворцам, бо сельская гаспадарка ў нас заўсёды датавалася за кошт прамысловасці, гандлю і іншых галін эканомікі. А ім усім зараз і самім патрэбна дапамога. Таму, безумоўна, датацыі ў стратную калгасную сістэму скароцяць па максімуму.
Мажліва, нашы ўлады спадзяюцца прафінансаваць бюджэт праз эмісію (уключаць, як было раней, друкарскі станок), як у Амерыцы. Але мы не маем эфектыўнай эканомікі і сёння вытворчасць працы ў нас у 5-10 разоў ніжэй, чым у развітых краінах. Гэта на Захадзе грошы друкуюць, і цэны падаюць. У нас спробы залапіць дзюркі ў бюджэце пустымі паперкамі прывядуць толькі да рэзкага росту коштаў і падымуць курс даляра на новыя вышыні. Крэдыты МВФ ці Расіі – таксама слабае суцяшэнне. Бо дазваляе толькі сплачваць бягучыя пазыкі, накопленыя раней, і не дапусціць дэфолту ўсёй краіны, абвалу нашага рубля і ўсёй банкаўскай сістэмы.
Што рабіць у гэтым становішчы? Любому мінімальна адукаванаму чалавеку зразумела: структурныя рэформы. Бо пакуль “усе і ўся” у нашай краіне падпарадкавана арміі “чыноўнікаў-вертыкальшчыкаў”, ніякія касметычныя змены ў заканадаўстве не прывядуць да паляпшэння ў эканоміцы краіны.
Якія дзеянні трэба прыняць для ўратавання эканомікі нашага раёна, я добра разумею і мог бы паспяхова давесці сваю рацыю. Але ўлады ў гэтым не зацікаўлены, бо любыя рэформы ў эканоміцы, якія б далі хуткі эфект для кожнага простага грамадзяніна, могуць сёння адбыцца толькі пры адной умове: ліквідацыі манаполіі “вертыкалі” на прыняцце эканамічных рашэнняў. А гэта, у сваю чаргу, азначае і ліквідацыю татальнай манаполіі ўлады.
Пайсці самастойна на такі крок могуць толькі самакрытычныя і свядомыя людзі. Такіх у вышэйшых уладных колах у нас амаль не засталося. Таму і тлумачыць штосьці ці даводзіць глухім – не бачу сэнсу.
Магу спрагназаваць далейшы ход падзей пры ўмове, што ўсё застанецца, як ёсць. Горацкі МСЗ як прыватнае прадпрыемства будзе адчуваць сябе даволі добра. Бо, па-першае, мае досыць граматнае кіраўніцтва, а па-другое, моцны адмінрэсурс, які будзе ганяць на завод танную сыравіну. Калгасы будуць хутка разбурацца, бо датацыі скароцяцца. Адсутнасць прыватнага ўласніка не дабавіць глузду кіраўнікам гаспадарак, а адсутнасць матывацыі да эфектыўнай працы шараговага калгасніка даб’е іх да канца. “Перадавы” досвед Краснапольшчыны, дзе ўсе калгасы раёну аб’ядналі ў адзін, чакае процьму паслядоўнікаў.
Увогуле, прыватнікам і “буйной” вертыкалі гэта выгадна. Дабітыя калгасы потым прасцей будзе “прыхватызаваць”. Уласнікаў завода (Горацкага МСЗ) лёс горацкіх калгасаў таксама мала хвалюе. Галоўнае – завод. А калгасы… Выжывуць, дык выжывуць, не – дык не. Ну не з аднаго, дык з трох ці чатырох раёнаў назбіраць можна малака. А потым забраць у калгасаў за даўгі зямлю і заснаваць хоць латыфундыю, хоць аграімперыю. Вось такая логіка. Тое, што яна не ўлічвае нашы інтарэсы, паважаныя землякі, павінна турбаваць у першую чаргу нас саміх. Але, на жаль, гэтага пакуль амаль незаўважна. Пакуль “дэбатаў” не ідзе. А шкада. Бо марнуем самае дарагое – час і ўласнае жыццё. Але надзею надае вясна. Няхай сабе яна і вясна крызісу.
Андрэй Юркоў
|
Дадаць каментарый