|
Выходзім а палове шостай раніцы на “Галоўным Надражы” (Цэнтральны чыгуначны вакзал) у Празе. Наша невялічкая група (10 асобаў) – прадстаўнікі грамадскіх ініцыятываў з розных куткоў Беларусі. Адразу пачынаем прыпамінаць: хто што згадвае пра сталіцу Чэхіі. Мне адразу прыходзіць на розум кароль Карл, мост у яго імя над Влтавай, бравы жаўнер Швейк, чэшская сталь і піва. Хтосьці ўзгадвае пражскую вясну 1968, хтосьці чэшскі крышталь і фарфор, хтосьці нешта яшчэ, але піва – усе. Таму адразу, засяліўшыся ў гатэль, выпраўляюся вырашаць “піўное пытанне”. І толькі наталіўшы смагу добрым куфлем “Гамбрыныса” (гатунак піва), пачынаю аглядацца ў новым месцы.
Чароўная Прага
Прага зачароўвае адразу. Сваёй старажытасцю, ціхімі вулачкамі, касцёламі, якія то ірвуцца ўгару (гатычныя), то ўражваюць сваёй вялікасцю, грунтоўнасцю, быццам падкрэсліваючы, хто мы перад Богам (барока).
Калі гуляю па Ваўлаўскім памесці, Пражскім градзе і чую, што Карлаву масту (Карл IV, кароль, за якім пачала будавацца сённяшняя Прага) 650 гадоў, пачынаю разумець. Толькі народ, які ўмее будаваць, захоўваць і любіць сваю краіну можа стварыць такую прыгажосць. Старыя вулачкі, якім ужо сотні гадоў, быццам пранізаныя потам муляроў, цесляроў, усіх астатніх дойлідаў, што прыклалі сваю руку да стварэння гэтага хараства. Крывёю жаўнераў, што баранілі родны горад і слязамі іх удоваў і мацярэй, што праваджалі на бой. Смехам і радасцю вяселляў, радзінаў, хрысцінаў, што ёсць надзеяй на працяг роду і будучыні.
Здзіўляюся, колькі люду ў розных кавярнях і рэстарацыях, якія на любой вулачцы праз кожныя 50 – 100 крокаў. Багата моладзі, а ў будні болей людзей сталага веку, якія бавяць час куфлем піва ў размове альбо гледзячы тэлевізар. Піць, гуляць дома ў Чэхіі не заведзена. Навошта турбаваць суседзяў ды паказваць нялепшы прыклад дзецям? Дома людзі адпачываюць ціха, і гэта ў чэхаў частка культуры.
Пашанцавала з каралямі
Нашы сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і грамадскасці далі магчымасць зразумець, як здолела паўстаць такая цудоўная краіна. На сустрэчах з намеснікам главы цэнтральначэшскага краю ці ў МУС (міністэрства ўнутраных справаў) чыноўнікі падкрэслівалі, што дэмакратыя вельмі недасканалая форма праўлення. Але лепшай на сёння няма. Згадваючы сваю гісторыю, прадстаўнікі ўлады ці то жартам (але хутчэй усур’ёз) казалі, што найлепей Чэхія развівалася за каралеўскай уладай. Будавалі гарады, дарогі, заводы, гледзячы на сотні гадоў наперад і наймаючы на адказныя пасады лепшых спецыялістаў у свеце. Сачылі, каб просты народ багацеў, станавіўся заможным і меў уласную маёмасць (ці, як казалі б цяпер, бізнес). І сапраўды, дарогі, будынкі, масты ў Чэхіі здзіўляюць сваёй старажытнасцю, у той сама час добрым станам.
Новага жылля не шмат, бо старое рабілі на вякі, з густам. І сёння гэтыя сапраўдныя архітэктурныя шэдэўры дастаткова падрамантаваць ці падрэстаўраваць, і будуць служыць яны яшчэ сотні гадоў.
На наша пытанне, а чаму ў нас не так, са смехам краявы віцэ-стараста адказаў: “Напэўна вам з каралямі не пашанцавала”. Гэта грунтоўнасць у вырашэнні любога пытання, закладзеная каралямі была не выбіта з чэхаў нават савецкімі акупацыйнымі танкамі. Бо і за саветамі, у 70 – 80 гады, чэшскія ўлады вельмі шмат увагі надавалі старатэхнічнаму планаванню развіцця тэрыторыяў, падводу камунікацыяў, горадабудаўніцтву. Таму сёння Чэхія, у адрозненні ад суседняй Польшчы ці Прыбалтыкі, не трэба вялізныя сродкі ўкладаць у вытворчую ці жыллёвую інфраструктуру. І, па словах прадстаўнікоў улады, выдзеленыя на наступныя 6 гадоў з бюджэту Еўразвязу каля 40 млрд. даляраў пойдуць у асноўным на розныя сацыяльныя праекты. Што яны там збіраюцца паляпшаць, нам уявіць цяжка. Бо пры сярэднім заробку 800 – 900 даляраў пенсія дасягае 500 – 600 даляраў на месяц.
Мясцовыя пытанні
Гарадскі і міжгародні транспарт працуе ідэальна, па секундах. На кожным прыпынку дакладны расклад. Напрыклад, які трамвай у колькі і куды адыдзе. Усе школы маюць цудоўныя спартзалы, стадыёны з натуральным і штучным пакрыццём, басейны. Лядовых палацаў у Чэхіі больш за 200 і ў кожным населеным пункце, дзе жыве больш за 5000 жыхароў, ёсць палац. Дзеці сапраўды масава карыстаюцца гэтым дабром, бо для іх плата чыста сімвалічная. Наведаўшы сацыяльныя дамы для сталых людзей, усёй групай заўважылі, што мала які з нашых гатэляў можа пахваліцца такім узроўнем быту. Але, што вельмі цікава, уся сацыяльная сфера (школы, бальніцы і г.д.) фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў. Урад і міністэрствы практычна толькі кантралююць выканне законаў, палажэнняў і не умешваюцца ў мясцовыя справы. А яшчэ дапамагаюць у распрацоўцы мясцовых праектаў, пад якія плануецца залучыць грошы з Еўразвязу. Інакш кажучы, дзяржава скідае з сябе цэлы воз непатрэбных абавязкаў і самі людзі з абранаю імі ўладаю на месцах вырашаюць свае праблемы. Вось такой мне падалася сённяшняя Чэхія.
Нам так не жыць?
На развітанне чэшскія гаспадары нас запыталі пра ўражанні. Скажу шчыра, першая думка, што трапіла ў галаву: “нам так не жыць”. Але падумаўшы сказаў: “дзякуй за навуку”. Бо і чэхі калісьці пачыналі з нуля. Трэба і нам урэшце пачынаць адбудоўваць не чарговы “ізм”, а сапраўдную дзяржаву–матулю. І толькі ад нас, паважаныя землякі, залежыць калі мы распачнём гэтую будоўлю.
|