Узгорак
Надвор'е ў Горках
першаянашы выданніГоркі TVмясцовы Internetнаш форумдадай сваю навіну!english
Пашпарт рэгіёну Фотаблог Узгорак

Горки | Дрибин | Мстиславль | БГСХА | Рэгіён | Здарэнні | Інтэрв'ю | Меркаванні | Эканоміка | Спорт | Культура | Афіша | Рэгіянальнае развіццё | Навіны ад чытачоў | Блог Андрэя Юркова | Гісторыя Горак і БДСГА

Фантазіі на тэму “рэвалюцыі”
10.11.2007 г.
Андрэй ЮркоўНазіраючы апошнім часам за хуткім ростам цэнаў на харчы і збядненнем асартыменту на паліцах не толькі сельмагаў, але і мінскіх гіпермаркетаў, прыходжу да высновы: так быць не павінна! Урадавыя чыноўнікі, якія столькі гадоў палохалі нас жахамі рынку, казалі, што “нябачная рука рынкавай эканомікі” (па Адаму Сміту) задушыць простага чалавека, апошнім часам, падобна, самі жахнуліся свайго ўлюбёнага дзіцяці – адміністрацыйна–каманднай сістэмы.

А як інакш можна успрымаць артыкул міністра сельскай гаспадаркі Л.Русака, змешчаны нядаўна на старонках “Беларускай нівы” і выклікаўшы сярод вясковага дырэктарата хвалю эмоцый: “Малайчына! Смела рубануў праўду-матку і г.д.” Разважае эканаміст Андрэй Юркоў

Прачытаўшы гэты артыкул мне стала дзіўна: чаму міністр дагэтуль не падаў у адстаўку? Бо ў артыкуле спадар Русак канстатуе поўны крах нашай калгаснай сістэмы, а гэта значыць – падводзіць вынік сваёй “плённай” працы. Можна толькі парадавацца за спадара міністра, бо і да яго напрыканцы дзевятага дзесятка гадоў (пачынаючы ад 17-га) пачало даходзіць, што будавалі мы і па сёння ўпарта будуем далёка не тое што адпавядае інтарэсам простага чалавека. Бо ні годнага жыцця, ні стабільных цэнаў, ні сацыяльнай роўнасці як не было амаль сто гадоў таму, так і няма. А адставанне ад цывілізаваных краінаў пабольшала за гэты час у разы.

Але сёння, на мой погляд, куды важней не проста канстатаваць, што справы ў эканоміцы вельмі благія (нават міністры з іх заробкамі гэта пачынаюць разумець), а паразважаць, нават пафантазіраваць, як мы будзем адраджаць нашу вёску.

Пачаць трэба з рэальнай ацэнкі перспектыў сельскай гаспадаркі, з ацэнкі магчымага месца ў сусветным падзеле працы. І тут скажу прама: здымі датацыі (гэта значыць перастань карміць калгасы з чужой кішэні) і ў Горацкім рэгіёне застануцца не болей за 1-2 гаспадаркі. Астатнія вельмі хутка сканаюць.

Таму, улічваючы досвед падобных на нас па глебе і клімату Літвы і Польшчы, якія працуюць у рынкавых умовах, трэба рашуча адкінуць гаспадаранне на дрэнных (пясчаных, завалуненых, неўрадлівых) глебах. Перастаць займацца неэфектыўным экспартам сельгаспрадукцыі (не можам мы канкурыраваць з чарназёмамі), а сканцэнтравацца на лепшых глебах і імкнуцца забяспечваць свой народ таннымі экалагічна чыстымі прадуктамі. Выведзеныя з сельгасугоддзяў землі засадзіць лесам, а бюджэтныя грошы накіраваць на паглыбленне перапрацоўкі лесу, стварэнне дадатковых працоўных месцаў людзям, якія застануцца без працы пасля скону калгасаў.

Далей зямельнае пытанне. Зямлю трэба будзе дзяліць. Бо яшчэ не хутка на вёсцы з’явяцца вялікія грошы, якіх хопіць, каб плаціць прыстойны заробак. А заахвоціць людзей працаваць трэба сёння. Давядзецца ўзгадаць распаёўку пачатку 90-х гадоў, спыненую за Лукашэнкам. Створым рынак арэнды зямлі, каб кожны просты селянін мог здаць свой пай у арэнду і атрымаць даход. Калі калгас разваліўся, усталюем плату за кожны гектар, які чалавек засадзіў лесам і будзем выплочваць 25 – 50 гадоў, пакуль лес не вырасце.

Наступным крокам будзе арганізацыя рынку зямлі, купля – продаж з аўкцыёнаў. Вызначэнне рэальнага кошту зямлі дасць магчымасць уласнікам закладаць зямлю ў банках і браць крэдыты на развіццё вёскі. Таксама трэба шчыра прызнаць, што на вёсцы шмат залішняй працоўнай сілы. Таму будаваць будзем не аграгарадкі, а дапамагаць вясковым жыхарам перасяляцца ў горад, абзаводзіцца там жыллем. Усе гэтыя думкі толькі на першы погляд рэвалюцыйныя. Такія ці блізкія да такіх пераўтварэнні перажываюць усе нашы краіны – суседкі.

Таму і нам нікуды не дзецца. Шкада што столькі гадоў згубілі. Бо калісьці, сто гадоў таму, падобная хваля ўздымання людзей з каленяў ужо ішла па нашай зямлі. Але бальшавікі за плённую працу, за талент, за жаданне людзьмі звацца загналі нашых дзядоў, паважаныя землякі, каго ў Сібір, каго ў зямлю. Сёння дзеці і ўнукі тых бальшавікоў па ранейшаму правяць баль на гэтай зямлі. Трымаюць свой просты народ за бяспраўных рабоў, пазбаўленых зямлі, свабоды і годнага жыцця. І толькі ад нас, паважаныя землякі , залежыць колькі гэтая несправядлівасць будзе цягнуцца. Бо разам мы здолеем разарваць гэта кола і адрадзіць наш край.

 
падзяліся гэтай навіной з сябрамі::

Апошнія каменты
Галоўнае на сайце

далучайся да нас:


КАРТА САЙТА | ПРА ПРАЕКТ | КАНТАКТЫ | ДАПАМОГА

© Рэгіянальны інфармацыйны партал пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці: HORKI.INFO, 2007-2011.
Пры выкарыстанні тэкстаў, фота і відэа з гэтага сайта гіперспасылка на HORKI.INFO абавязковая.
Адказнасць за змест і дакладнасць матэрыялаў ды каментарыяў нясуць іх аўтары.

BELARDA.ORG: Бабруйск, Барысаў, Белаазёрск, Брэст, Бярозаўка, Гарадок, Гомель, Горкі, Гродна, Жодзіна, Масты, Орша, Рэчыца, Светлагорск, Смалявічы, Свiслач