Мінулы мой артыкул “Дажынкі” ці “даедкі” на сайце www.horki.info атрымаў шмат водгукаў. Асноўная іх частка тычылася ўдакладнення пазіцыі. Сапраўды, куды ж найперш было б лепей скіраваць плынь “дажынкаўскіх” сродкаў? Для мяне адказ відавочны: у адукацыю.
Каб дасягнуць еўрапейскага дабрабыту, трэба спачатку мець адпаведны ўзровень эфектыўнасці вытворчасці. А дзеля гэтага мала набыць заходнія тэхналогіі і абсталяванне. У першую чаргу, каб паспяхова канкурыраваць, трэба знайсці адмыслоўцаў з патрэбным узроўнем адукацыі. А дзе іх узяць?
Давайце шчыра глядзець праўдзе ў вочы. На дзесяцігоддзі ад развітых краін адсталі не толькі нашы машыны і тэхналогіі. Адстала, на жаль, і навука, і адукацыя. А як іншыя краіны былога СССР выходзілі з падобнага стану?
Напрыклад, Эстонія яшчэ ў 90-я гады накіравала тысячы студэнтаў у еўрапейскія ВНУ за бюджэтны кошт. Пры гэтым моладзь абавязана была вяртацца на Радзіму. Іначай – аддавай дзяржаве выдаткі за вучобу.
У Казахстане існуе сістэма, па якой ахвотныя едуць у лепшыя ўніверсітэты свету, дзе навучаюцца за кошт бюджэту. У заклад – бацькоўская кватэра. Не вернешся – забяруць жытло. Вялікія сродкі ўкладаюцца ў тое, каб наймаць лепшых выкладчыкаў з замежжа і прывозіць іх у казахскія ВНУ. А мова выкладання – англійская.
Грузія ўвогуле за бюджэтныя грошы наймае па ўсім свеце 3.000 выкладчыкаў і настаўнікаў англійскай мовы для сваіх навучэнцаў і студэнтаў. Заняць у гэтай былой савецкай краіне пасаду дзяржаўнага службоўцы без ведаў замежнай мовы сёння ўжо немагчыма. Вось толькі некаторыя прыклады краін, якія намагаюцца вырвацца з савецкай мінуўшчыны і хутчэй інтэгравацца ў свет.
Можа быць, трэба пад марку “Дажынак” сотню студэнтаў з БДСГА (па конкурсе, без “знаёмстваў” і “хабараў”, зразумела) адправіць вучыцца у ЕС ці Амерыку? Во была б для моладзі матывацыя вучыць замежныя мовы!
Але пры гэтым трэба заключаць дамову, каб кожны вярнуўся ў Беларусь і тут выкарыстаў атрыманыя веды. Плюс да гэтага запрасіць на працу (ці хоць пачытаць лекцыі) у БДСГА заходніх выкладчыкаў. На першым этапе нават мова не будзе праблемай. На Захадзе нашых былых грамадзянаў, якія сталі вядомымі спецыялістамі ў розных галінах, хапае.
Тое самае і з аспірантамі ды выкладчыкамі. Глядзіш, праз якіх гадоў пяць-сем можна будзе спакойна ісці на пакой кіроўнаму “партхозактыву”. А яму на змену прыйдзе адміністрацыя сучаснага еўрапейскага ўзроўню.
Без гэтага, паважаныя землякі, чакаць зменаў да лепшага не выпадае. Захоўваючы цяперашні “кадравы набор”, мы будзем яшчэ доўгі час будаваць лядовыя палацы і адначасова співацца ды жыць меней і меней. Узводзіць буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і прамысловыя заводы і лічыць грошы ад авансу да палучкі, каб хапіла выжыць.
Многія мне запярэчаць: ага, так яны і аддадуць свае “партфелі”. Магчыма, і не аддадуць. Калі для сённяшняй улады галоўнае – толькі ўлада. Але ж я веру, што на месцах і сярод чынавенства шмат людзей, якія разумеюць неабходнасць зменаў. Гэтыя людзі гатовы ахвяраваць сваёй пасадай дзеля лепшай будучыні народу.
Навошта і дзеля чаго я гэта ўсё пішу? Хачу агучыць свае прапановы і пачуць іншыя, дай Бог – лепшыя. Бо мне здаецца, што сёння хоць з верталётаў сып на Горкі бюджэтныя грошы, а лепей не стане. Ну пап’ем, пагуляем, а далей усё вернецца на колы свае…
А хочацца ж рэальных крокаў наперад, развіцця, каб паспелі папрацаваць і пажыць годна мы і нашы дзеці. Бо наступнаму пакаленню мы жадаем лепшай долі, як нашы бацькі жадалі нам. На жаль, не дачакаліся многія. Дык мо, хоць нашы дзеці дачакаюцца.
Андрэй Юркоў |
Каментарыi
Создан в Горках комсомольский аппарат,
Создан и деньгу сосёт сосёт,
Между прочим - круглый год
Я прызнаюсь аткарвенна очынь рад,
Што у нас есть камсамольский аппарат,
Вот теперь мы знаем всех у лицо,
Алкашей и подлецоу