Восень – пара падводзіць вынік працы на зямлі. Па справядлівасці павінна быць так. Дбайныя гаспадары збіраюць добры ўраджай і падлічваюць прыбыткі. Лайдакі і абібокі наракаюць на надвор’е ды галосяць, што на зямлі будзеш не багаты, а гарбаты. А як жа ў нас? Давайце паспрабуем разабрацца, чаму год ад году ў нас не багацее земляроб?
году ў нас не багацее земляроб?
Усе мы ведаем пра цяжкую сялянскую працу: з 7:00 да 21:00 без выходных з ранняй вясны да позняй восені. А колькі ж за такую катаргу плоцяць? Напрыклад, у чэрвені (калі працы на вёсцы як ніколі шмат, і плаціць за тую працу павінны адпаведна) сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы ў Горацкім раёне быў 1.105 тысяч рублёў. Па звестках раённага аддзела статыстыкі гэта найменшы заробак у параўнанні з іншымі галінамі вытворчасці ў нашым рэгіёне. Хіба можна пракарміць за такія грошы сям’ю? Таму не дзіва, што ў вёсцы адчуваецца кадравы голад. Не дапамагае нават прымусовае размеркаванне – збягаюць “маладыя спецыялісты”, адбыўшы свой тэрмін. Многіх працавітых і лёгкіх на пад’ём былых вяскоўцах з нашага раёна можна сустрэць на будоўлях суседняй Расіі ці рознарабочымі ў Еўрасаюзе.
Вось яшчэ адна дзіўная справа. Сёння Горацкі раён вырабляе каля 150 тон малака ў дзень. Яго закупаюць прыкладна па 1,5 млн.руб. за тону. У суседняй Расіі закупачная цана на малако – 3,5 млн. руб. за тону. Розніца – 300 млн. у дзень, 9 млрд. руб. у месяц. А прадаюць на расійскім рынку і тыя, і тыя гатовую прадукцыю па адной цане. Атрымліваецца, што расійскія перапрацоўшчыкі (малочныя заводы) значна большую частку прыбытку аддаюць сялянам. А ў нас – не. Па мясу і па збожжу стан аналагічны. Хто ж пасля такой абдзіралаўкі захоча эфектыўна працаваць?
Канечне, не ўся прадукцыя ідзе на экспарт. Частка застаецца нам. Калі, напрыклад, у першым паўгоддзі 2010 г. экспарт малака, сыра, масла, смятаны і інш. з нашай краіны склаў прыкладна 50% ад усёй вырабленай малочнай прадукцыі, дык сёлета ўжо каля 60%. Па мясу прыкладна тое ж. Самы час задумацца, чаму з крамаў знікаюць нашы самыя папулярныя прадукты харчавання. Калі далей так будзем гаспадарыць, дык нам застанецца толькі бульба з гуркамі з уласных агародаў. Пры гэтым наш “свяшчэнны” валавы ўнутраны прадукт будзе павялічвацца.
Праблемы навідавоку. Значыць, наспеў час для структурных рэформ на сяле. Якіх? Адказ на гэта пытанне давайце разгледзім наступным разам.
Андрэй Юркоў |
Каментарыi
Кто хочет поработать?