Узгорак
Надвор'е ў Горках
ПершаяГоркіДрыбінМсціслаўБДСГАРэгіёнГоркі ТВ Дадай сваю навіну!
Пашпарт рэгіёну Фотаблог Узгорак

Здарэнні | Інтэрв'ю | Меркаванні | Эканоміка | Спорт | Культура | Афіша | Рэгіянальнае развіццё | Навіны ад чытачоў | Блог Андрэя Юркова | Гісторыя Горак і БДСГА | Нашы выданні | Мясцовы Інтэрнэт

Прыватызацыя па-беларуску, або грошы на бочку
06.08.2011 г.
Андрэй ЮркоўАдчуўшы для сябе пэўную небяспеку, звязанаю з маўклівым бунтам вуліцы, наша кіраўніцтва агучыла «новы эканамічны курс». Сутнасць яго такая: нічога ў падыходах не змяняем, але будзем весці прыватызацыю і сустракаць хлебам-соллю інвестыцыі. Паспрабуем паглядзець на гэтыя працэсы знутры.

Навошта ж патрэбна прыватызацыя? Як прыклад, разгледзім дзейнасць нашых прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў. Здаецца, ужо даўно не сакрэт, што нешматлікія нашы прыватнікі працуюць больш эфектыўна. Дасягаецца гэта, як правіла, толькі за кошт лепшай матывацыі і адноснай свабоды ў прыняцці рашэнняў. Падкрэсліваю, асноўны чыннік тут – матывацыя і свабода кіраўніцтва.

Нават на дзяржпрадпрыемствах кіраўнікі , якія працуюць за ідэю, жывуць сваёй працай, атрымліваюць вынікі не горшыя за прыватнікаў.

Але пры адсутнасці матывацыі такі ход справаў – выключэнне. Менавіта таму лічыцца, што прыватызацыя перадае прадпрыемства ў рукі матываванага гаспадара і павялічвае эфектыўнасць працы.

Толькі нам да той прыватызацыі пакуль далёка. Зараз асноўная маса дзяржаўных прадпрыемстваў трымаецца бадай што дзякуючы бюджэтнаму пераразмеркаванню, а хутчэй праз друк грошай і «інфляцыйны падатак». Сярод гэтага дзяржаўнага поля там-сям, як краскі сярод пустазелля, квітнеюць прыватнікі.

Яны ў адсутнасць паўнавартаснай канкурэнцыі з боку дзяржсектара практычна могуць ствараць з дазволу ўладаў любыя магчымыя ў нашай краіне аб’ёмы прыбытку.

Чаму ж не спяшаецца наша кіраўніцтва з прыватызацыяй? Бо будзе шмат прыватнікаў, пачнецца канкурэнцыя, а там, глядзіш, з’явіцца ў іх спакуса паслаць «вертыкаль» падалей. А так і нешматлікія бізнэсмены пры справе і на кароткім ланцужку, і народ, бачачы заняпад у эканоміцы, спадзяецца толькі на дапамогу «зверху». Таму, на жаль, галоўная мэта многіх «прыватызатараў» – не рост эфектыўнасці, а захаванне кантролю над эканомікай.

Яшчэ мне цікавыя размовы пра інвестыцыі. Марыць – добрая справа.

Толькі сумняваюся, што нехта з сур’ёзных заходніх бізнэсменаў укладзе грошы ў нашу эканоміку.

Можа быць «Газпрам» купіць трубу, бо ведае, што без расійскага газу яна і нам непатрэбная. Могуць набыць сотавых аператараў ці банкі, бо цана адносна невялікая, а прыбытак гарантаваны на дзесяцігоддзі наперад. Кітайцы могуць пабудаваць у крэдыт пад гарантыю нашага ўраду які-небудзь завод са свайго абсталявання, якое праз невысокую якасць нікому болей не ўпіхнеш. А што яшчэ?

Прыватызацыя і інвестыцыі – гэта вельмі тонкія інструменты.

Нават урады краінаў, якія шчыра хочуць рэфармаваць і зрабіць больш канкурэнтнымі свае эканомікі, сутыкаюцца з процьмай цяжкасцяў. Адна з галоўных – вынішчаны за камуністычныя гады слой ініцыятыўных, працавітых і прынцыповых грамадзянаў. Таму і адказны чыноўнік, і кіраўнік прадпрыемства пры прыняцці рашэнняў далёка не заўсёды ставіць эканамічны эфект вышэй за асабістыя мэты. Менавіта таму ёсць небяспека, што прыватызацыя абернецца пылам у вочы народу альбо прывядзе да хуткай страты эканамічнага суверэнітэту.

Андрэй Юркоў

 
падзяліся гэтай навіной з сябрамі::


Апошнія каменты
Галоўнае на сайце

далучайся да нас:


КАРТА САЙТА | ПРА ПРАЕКТ | КАНТАКТЫ | ДАПАМОГА

© Рэгіянальны інфармацыйны партал пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці: HORKI.INFO, 2007-2011.
Пры выкарыстанні тэкстаў, фота і відэа з гэтага сайта гіперспасылка на HORKI.INFO абавязковая.
Адказнасць за змест і дакладнасць матэрыялаў ды каментарыяў нясуць іх аўтары.

BELARDA.ORG: Бабруйск, Барысаў, Белаазёрск, Брэст, Бярозаўка, Гарадок, Гомель, Горкі, Гродна, Жодзіна, Масты, Орша, Рэчыца, Светлагорск, Смалявічы, Свiслач