Абвешчанне выбараў кіраўніка дзяржавы напрыканцы бягучага году, не чакаючы наступнага, мае, безумоўна, шмат падставаў. Але мяне цікавяць у першую чаргу эканамічныя. Бо, сапраўды, калі прааналізаваць ход развіцця нашай гаспадаркі апошнія 15-20 гадоў паняволі я ўзгадваю старажытнае выслоўе: “Верую, бо абсурдна”.
Усе гэтыя гады ў нашай дзяржаве эканоміка не толькі была пазбаўлена рынкавых пераўтварэнняў падобных да ажыццёўленых у развітых краінах, але наадварот, усё болей і болей цэнтралізавалася пад уціскам дзяржапарату. Я шчыра верыў, што гэты заганны шлях заціскання прыватнай ініцыятывы, пазбаўлення эканамічных стасункаў ад канкурэнцыі і г.д неўзабаве прывядзе да эканамічнага краху старой сістэмы і прыходу да так доўга чаканых мной рэформаў.
Але ішлі гады, эканоміка “худа-бедна ліпела” і, галоўнае, дазваляла наш невысокі ўзровень жыцця хоць па трошкі рухаць угору. А большасць беларусаў гэты стан рэчаў па вялікім рахунку задавальняе.
У гэтым і была мая памылка і памылка многіх незалежных эканамістаў. Бо любы найлепшы эканамічны план мусяць здзяйсняць канкрэтныя, добра матываваныя людзі. А ў нашай дзяржаве на момант развалу саюзу такіх амаль не было. Жыць лепей, канешне, хацелі ўсе, але ні патрэбных ведаў, ні пэўнай самаахвярнасці ў падаўляючай большасці не было. Гэта добра зразумеў сённяшні кіраўнік Беларусі і ўзяў адказнасць на сябе. Хутка была пабудована жорстка цэнтралізаваная эканоміка, якая хоць і не адрозніваецца эфектыўнасцю і па сёння, але дазваляе па жаданні кіраўніцтва краіны ў любы момант накіраваць любыя аб’ёмы маючыхся ў эканоміцы сродкаў на спажыванне простаму люду.
У дадатак да гэтага пастаянны (да нядаўняга часу) “гандаль незалежнасцю”, газ у абмен на пацалункі, “саюзныя дзяржавы” і г.д. прыносілі някепскі “гэшэфт”. Ці магло быць інакш? Магчыма, але гэта было б насуперак жаданням большасці. Я мяркую, што суседнія Украіна і Расія пайшлі іншым шляхам у эканоміцы з-за таго, што не атрымалі ў свой час аналагічнай нашай “альтэрнатывы”. Сапраўды, цягам гаротных савецкіх дзесяцігоддзяў наш народ перастаў верыць у “светлую будучыню”. Бо яна, гэта будучыня, толькі палохала адно пакаленне за другім.
Гэта прыбалты адказвалі Гарбачову, які прыехаў на пачатку 90-х угаворваць іх вярнуцца ў Саюз (напярэдадні адключыўшы газ): “Не чапайце нас! Дайце нам змерзнуць свабоднымі!” Яны добра ведалі чаго хацелі і гатовыя былі змагацца ды ахвяраваць дзеля дасягнення мэты: вяртання ў еўрапейскую сям’ю народаў.
Нашы ж жаданні і на сённяшні дзень у асноўным досыць прыземленыя. Не скажаш, што яны горай ці лепей, чым у суседзяў. Проста мы кожны па асобнаму б’емся за ўласную лепшую долю і ніяк не наважымся праблемы вырашаць супольна. А калі і спрабуем, дык улады хутка, каб усё заставалася пад пільным кантролем, “абрубаюць” энтузіястаў. Сапраўды, каб рэальна праводзіць эканамічныя рэформы, патрэбны адукаваныя, энергічныя, здольныя да самаарганізацыі грамадзяне. Але наяўнасць пэўнай колькасці такіх людзей прывядзе да змены ўладнай сістэмы ў нашай краіне. Чыноўнікі дзяржапарату добра гэта разумеюць. Адсюль і скарачэнне да 11 гадоў навучання ў школе, і меней замежнай мовы, і забарона студэнцкіх абменаў з развітымі краінамі.
Час бяжыць хутка, свет вакол змяняецца і мы ўсё болей і болей прайграем краінам-суседкам у канкурэнтнай барацьбе. Адчуваецца, што і на “самым версе” гэта пачынаюць разумець. Адсюль і схаваныя за блефам упэўненасці розныя фобіі: то скароцім навучанне, то павялічым; то “прадпрымальнікі – гэта вашывыя блохі”, то партнёры; то забаронім наём працаўнікоў ІП, то дазволім і г.д.
Выбары выбарамі. Можна сказаць, з улікам апошняга падвышэння заробкаў, што яны ўжо прайшлі. Бо дадатковыя грошы дапамогуць пракаўтнуць ціха і спакойна шмат каму чарговы раз гэтую горкую пігулку. А што далей? Я ўпэўнены, што нават у нашых вярхоў няма дакладнага плану. Даеш чацвёрты “тэрмін” (усім нам), а там разбярэмся.
Самае прыкольнае ў гэтым становішчы тое, што назапасіўшы велічэзныя даўгі (больш за 22 млрд. даляраў), сённяшнія ўлады нават у выпадку разрастання крызісу ў эканоміцы будуць яшчэ доўга ўзгадавацца народам, маўляў, “во жылі!” На працы не напружваліся асабліва, аплата “камуналкі” – на халяву, алкаголь – танны, і парадак, парадак.
Мне цяжка прагназаваць, колькі наш урад яшчэ паспее напазычаць грошай за мяжой, і колькі месяцаў мы будзем атрымліваць падвышаны заробак (бо ўласных сродкаў, на мой погляд, на падвышэнне даўно няма).
Адно магу казаць упэўнена: аддаваць гэтыя даўгі, паважаныя землякі, нам прыйдзецца не год і не два. Дай Бог, каб мы самі паспелі і не прыйшлося дзецям.
Андрэй Юркоў |
Каментарыi
если перетрахивать, то "батькой" однажды станешь.