Вось ужо і мінае першае паўгоддзе 2010 году. Час ляціць шпарка і надыходзячае свята – лішняя нагода, каб узгадаць аб падзеях, якія непасрэдна закранаюць эканамічнае жыццё нашай краіны і рэгіёна. А падзеяў (і надзеяў) было нямала. Пачнём з таго, што разрэкламаваная ў мінулым годзе “лібералізацыя эканомікі” так і засталася “пшыкам”.
Рэальныя змены былі падменены касметычным “спрашчэннем рэгістрацыі новых бізнесаў”, а пра падатковую сістэму, наём працаўнікоў прадпрымальнікамі чарговы раз “элегантна” забылі.
З новага году нам Расія абрэзала “нафтавую халяву”, гэта значыць, абмежавала колькасць неабкладзенай мытамі нафты 6,3 мільёнамі тонаў, што адпавядае нашаму ўнутранаму спажыванню. Купляць і эфектыўна перапрацоўваць нафту па сусветных коштах наш урад дагэтуль не ў стане, таму вырашылі пайсці “традыцыйным шляхам”: двойчы з пачатку года даражэў бензін.
Паралельна і аб’ём спажытай нашай краінай нафты за 5 месяцаў бягучага году знізіўся прыкладна на 40%. Такую колькасць сыравіны мог спакойна перапрацаваць адзін з беларускіх заводаў. А так застаецца толькі спадзявацца ці на лагоднасць Расіі, якая зноў пачне забіраць са свайго бюджэту і дарыць нам мільярды даляраў праз танную нафту, альбо на “сябра Уга”, альбо на ідэалагічна блізкі камуністычны Кітай.
Бліжэй да лета з’явілася і добрая навіна: як мы і меркавалі на пачатку году, мыты на ўвоз аўтамабіляў для фізічных асобаў засталіся на ранейшым узроўні. Цяпер іх падвышэнне аднесена кудысьці далёка. Клопатам нашага ўраду аб простых аўтааматарах гэта не патлумачыш. Я ўпэўнены, каб далі зноў “халяўную” нафту, паднялі б мыты, і вокам не павялі. А так нашы “вярхі” вырашылі, што нічога не атрымаўшы ад Расіі ў сваю кішэню (бюджэт), палітычна немэтазгодна забіраць апошнія капейкі ў простага люду.
Ну і апошняя, здаецца, пятая “газавая вайна” дае нам зразумець, што Расія будзе цвёрда адстойваць уласныя інтарэсы, а чарговы раз нашаму кіраўніцтву прадаць братэрства ды сяброўства – не атрымаецца. Расія цудоўна ведае рэальны стан нашай эканомікі, што ў нас акрамя калію няма чаго прадаць на сусветным рынку з рэальнай валютнай рэнтабельнасцю. Таму і беспардонна даціскае наша кіраўніцтва. Можна зараз спрагназаваць, што калі наш кіраўнік 5 ліпеня ў Казахстане не падпіша на ўмовах Масквы Мытны кодэкс (капітуляцыю), нас чакаюць чарговыя эканамічныя (малочныя, транспартныя і г.д) войны.
Добра, што наша кіраўніцтва ўрэшце зразумела небяспеку занадта блізкіх стасункаў з адной толькі Расіяй. Калі каму цікава, паслухаўшы апошнія прамовы кіраўнікоў і праўладных аналітыкаў, падыміце прамовы лідэраў дэмакратычных сілаў сярэдзіны 90-х гадоў. Слова ў слова.
Таму ёсць спадзяванне, што гадоў праз 10-15 наш урад канчаткова спасцігне рынкавую эканамічную азбуку і пачне весці тую эканамічную палітыку, па якой працуе цывілізаваны свет, якую, дзякаваць Богу, пакуль яшчэ вучаць студэнты ў нашых ВНУ. А зараз можна радавацца хаця б таму, што нягледзячы на правал у эканоміцы, у бліжэйшыя паўгады перад выбарамі заробкі ўсімі праўдамі і няпраўдамі будуць падвышаць – жыць стане весялей. Са святам, паважаныя калегі.
Андрэй Юркоў, эканаміст-менеджэр
|
Каментарыi
Наши "экономисты" всё одной левой! Потом разребают. Всем перед образованием союзов и других внешнеэкономических секс (втч и ЕС для девственников от экономики типа Милинкевича) вкуривать ТН ВЭД! СРОЧНО!