Узгорак
Надвор'е ў Горках
ПершаяГоркіДрыбінМсціслаўБДСГАРэгіёнГоркі ТВ Дадай сваю навіну!
Пашпарт рэгіёну Фотаблог Узгорак

Здарэнні | Інтэрв'ю | Меркаванні | Эканоміка | Спорт | Культура | Афіша | Рэгіянальнае развіццё | Навіны ад чытачоў | Блог Андрэя Юркова | Гісторыя Горак і БДСГА | Нашы выданні | Мясцовы Інтэрнэт

Наш выбар
25.04.2010 г.
Упершыню ў жыцці я сутыкнуўся з выбарамі ў 1989 годзе. Гэта былі першыя ў навейшай гісторыі нашай краіны свабодныя выбары. Некаторыя зараз кажуць, што тыя выбары былі адносна свабоднымі. Але ўсё адно важнай іх асаблівасцю было тое, што можна было свабодна і без наступстваў казаць праўду, крытыкаваць улады. Таксама важна, што падчас тых выбараў галасы там, дзе быў кантроль з боку канкурэнтаў за дэпутацкае месца, лічылі.

Па нашай акрузе ішоў кіраўнік ураду Беларусі Вячаслаў Кебіч, які карыстаўся магутным адміністрацыйным рэсурсам і поўнай падтрымкай улады, але для вялікай часткі выбаршчыкаў быў прадстаўніком прагнілай савецкай сістэмай.

Альтэрнатывай Кебічу выступіў дырэктар саўгасу “Гарадзец” Шклоўская раёна, цяперашні кіраўнік дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка. Ён не пабаяўся кінуць пальчатку самому прэм’ер-міністру. Цяпер такое нават цяжка ўявіць.

Менавіта таму шмат дэмакратычна настроеных людзей дапамагалі Лукашэнку ў ягонай барацьбе. Сярод іх быў мой бацька – Мікалай Юркоў. Бацька стаў даверанай асобай Лукашэнкі і прыклаў багата намаганняў, каб на выбарах Кебіч прайграў. Дома ў размовах у той час выбары былі тэмай нумар адзін. Таму я, падлетак, з цікавасцю сачыў за ўсімі падзеямі і быў у курсе. І хоць выбары тыя, выйграў Кебіч (якім шляхам – здагадацца сёння не цяжка), разрыў з супернікам склаў мізэрныя 1 – 1,5%. Такі вынік гаворыць пра плённую працу невялікай колькасці дэмакратаў, якія здолелі павярнуць народ супраць кіроўнай наменклатуры.

Потым у студэнцкія гады, а таксама пазней, калі ўжо працаваў, даводзілася ўдзельнічаць у зборы подпісаў, быць на выбарах валанцёрам і назіральнікам, вылучацца ў якасці кандыдата. Выходзіць, досвед маю не малы. Але ўсе выбарчыя гонкі падзяліў бы на дзве катэгорыі: да рэферэндуму 1996 года, калі Асноўны закон нашай краіны і выбарчае заканадаўства былі змененыя, і пасля гэтай даты. Да 1996 года ў нас былі рэальныя выбары і, галоўнае, быў рэальны падлік галасоў.

Не было датэрміновага галасавання. У выбарчых камісіях гарантавана мелі права працаваць прадстаўнікі ўсіх кандыдатаў, у тым ліку і нязгодных з чыноўнікамі.

На кожным бюлетэні стаялі подпісы не толькі старшыні і сакратара камісіі, але членаў камісіі ад канкурэнтных кандыдатаў. Як жа тут падробіш? Ніяк. Таму сумнявацца ў выніках галасавання не даводзілася. Падлік галасоў адбываўся вельмі доўга – гадзіны тры-чатыры. Спачатку ўсе бюлетэні раскладваліся ў стосы па кожным кандыдаце. Потым кожны з членаў камісіі лічыў бюлетэні, у якіх людзі прагаласавалі за кандыдата, якога гэты член камісіі прадстаўляў. Затым мяняліся стосамі бюлетэняў і пералічвалі галасы за канкурэнтаў. Часцяком лічбы не сыходзіліся і ўсё пачыналі спачатку. Доўга? Затое ні ў каго не ўзнікала ніякіх падазрэнняў. Ніхто не мог папракнуць за фальсіфікацыі ці маніпуляванне.

Урэшце рэшт пасля такой адносна доўгай працэдуры падліку ўсе члены камісіі прыходзілі да згоды і падпісвалі выніковы пратакол. Часам падлік зацягваўся і за поўнач. А цяпер? Калі гэта нейкія агульнанацыянальныя выбары ці рэферэндумы, дык ужо пасля 10 вечара старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына дае “папярэднія” вынікі, якія збольшага супадаюць з тым, што будзе агучана пазней. Ды што там Мінск! Любы наш зямляк, паглядзеўшы на кандыдатаў у “Ленінскім шляху” ці “Савецкай вёсцы”, амаль з 100% верагоднасцю скажа, хто і дзе стане дэпутатам. А калі і не ўгадае, дык толькі таму, што розніцы паміж кандыдатамі часта няма.

Разумеючы гэта, я ніколі падчас выбараў не ставіў першай мэтай перамогу, хаця па настроі людзей часта бачыў, што яны на маім баку. Безумоўна, дзесьці ў глыбіні закрадалася фантастычнае: “А раптам?”. Але цвярозы розум заўсёды гнаў такія думкі. Менавіта таму на першае месца ў сваіх выбарчых кампаніях я ставіў магчымасць сказаць, як мага большай колькасці людзей, праўду пра рэальны стан і перспектывы нашага жыцця.

Таму і сёння, не ўдзельнічаючы ў выбарах у якасці кандыдата, я цалкам падтрымліваю тых, хто здолеў знайсці ў сабе сілы на гэты мужны ўчынак.

Асабліва, калі дэмакратычны кандыдат не гуляе ў танныя абяцанкі з мэтай завабіць галасаваць за сябе, а рэальна выкарыстоўвае ўсе магчымасці лішні раз данесці да людзей праўду. Тым больш не асуджаю чалавека, які ідзе галасаваць на выбары, вынікі якіх вядомыя загадзя. Галоўнае, каб выбарца ішоў з пэўнай мэтай. Напрыклад, каб не прагаласавалі заместа яго, калі сам не пойдзе.

Самае важнае, каб мы, паважаныя землякі, перасталі хадзіць на выбары па завядзёнцы, як у савецкія часы, бо “так трэба начальству і партыі”. Пакуль будзем так хадзіць, “наверсе” будуць лічыць, што з нас хоць вяроўкі ві.

Практычная адсутнасць выбару ў нашай краіне апошнія гады мае свае станоўчыя і адмоўныя вынікі. Так, з аднаго боку, дзяржаўная сістэма добра кіруецца, ёсць магчымасць пэўны час падтрымліваць адносную сацыяльную роўнасць, абароненасць, досыць нізкі ўзровень злачыннасці. Але з іншага боку, дзяржапарат фармуецца без усялякай канкурэнцыі, а гарантыяй кар’ернага поспеху становіцца асабістая адданасць і бесхрыбетнасць, а не дзелавыя ды маральныя якасці або інтэлектуальныя здольнасці. Усё гэта выштурхоўвае самых здольных людзей з краіны, альбо заганяе ў “дысідэнты”, не дае іх патэнцыялу працаваць на карысць усяго грамадства. Такая тэндэнцыя ў сваю чаргу пазбаўляе нас перспектываў у канкурэнтнай барацьбе з развітымі дэмакратычнымі краінамі. Безумоўна, паважаныя землякі, хуткіх і лёгкіх крокаў па вырашэнні нашых праблемаў няма. Але трэба працаваць над сабою і памятаць, што кожнае наша рашэнне ў жыцці – гэта выбар. Наш выбар. І адказнасць за яго за намі.

Андрэй Юркоў

 
падзяліся гэтай навіной з сябрамі::

Каментарыi 

 
0 #1 неместный 2010-04-25 09:42
Няма таго, што раньш было )))
Цытаваць
 
 
0 #2 rybak 2010-04-25 11:45
Жалко, что в своё время сам Николай Юрков не пошёл на президентские выборы в качестве кандидате. Могло бы получится у него неплохо, по крайней мене достойно, но... неместный прав
Цытаваць
 
 
0 #3 Дядя Ваня 2010-04-25 12:22
Давно уже пора уяснить, что сегодняшняя ситуация всерьез и надолго. Поэтому трепыхаться нет смысла.
Цытаваць
 
 
0 #4 rybak 2010-04-25 12:32
Не только нет смысла, но еще и опасно.
Цытаваць
 
Апошнія каменты
Галоўнае на сайце

далучайся да нас:


КАРТА САЙТА | ПРА ПРАЕКТ | КАНТАКТЫ | ДАПАМОГА

© Рэгіянальны інфармацыйны партал пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці: HORKI.INFO, 2007-2011.
Пры выкарыстанні тэкстаў, фота і відэа з гэтага сайта гіперспасылка на HORKI.INFO абавязковая.
Адказнасць за змест і дакладнасць матэрыялаў ды каментарыяў нясуць іх аўтары.

BELARDA.ORG: Бабруйск, Барысаў, Белаазёрск, Брэст, Бярозаўка, Гарадок, Гомель, Горкі, Гродна, Жодзіна, Масты, Орша, Рэчыца, Светлагорск, Смалявічы, Свiслач