На Магілёўшчыне з двух дзесяткаў раённых газет больш за траціну захоўваюць назвы, звязаныя з камуністычнай прапагандай савецкай эпохі. У рэдакцыях дзяржаўных выданняў сцвярджаюць, што савецкія назвы пакінутыя на патрабаванне чытачоў. Тыя нібыта супраць новых назваў.
Дэсаветызацыя і дэкамунізацыя назваў раёнак у вобласці пачалася ў 1991 годзе з бялыніцкай "Зары камунізму". Газету перайменавалі на "Зару над Друццю". Праз дзевятнаццаць гадоў на пераназванне наважыліся ў Горках. Тут раёнка завецца "Ленінскім шляхам".
– Пакуль вывучаем народную думку наконт гэтага. Райвыканкам пакуль анкетаванне праводзіць. Старшыня нашага райвыканкаму даў такую ўстаноўку: калі народ будзе "за", то тады будзем мяняць. У асноўным народ – "за". Наша першая гістарычная назва – "Горацкі веснік". У 1918 годзе наша газета была створана. Апошні "Ленінскі" застаўся на ўсю рэспубліку", – зазначае супрацоўніца рэдакцыі "Ленінскага шляху".
Над тым, ці варта мяняць назву, разважаюць і ў рэдакцыі газеты горацкай сельскагаспадарчай акадэміі "Савецкі студэнт". Як паведаміў яе супрацоўнік, да канца году назва выдання застанецца ранейшай. Супраць пераназвання – рэктар навучальнай установы.
– Сёлета ў нас юбілей, і мяняць назву газеты рэктар лічыць немэтазгодным. А так, у прынцыпе, даўно існуе такое меркаванне – памяняць назву выданню. Рэдактар збіраецца абвясціць конкурс сярод супрацоўнікаў акадэміі і студэнтаў, каб яны нейкія варыянты прапанавалі. Цяперашняя назва, канечне, патыхае нечым такім…
Акрамя горацкіх "Ленінскага шляху" і "Савецкага студэнта", назвы яшчэ пяці раёнак нагадваюць пра ідэалы камуністычнага рэжыму. У Клічаўскім раёне – "Сцяг саветаў", на Мсціслаўшчыне – "Святло Кастрычніка", "Савецкая вёска" – на Дрыбіншчыне, "Шлях кастрычніка" – на Хоцімшчыне. У рэдакцыях заяўляюць: газеты не пераназвалі, бо супраць чытачы.
– Для іх, як той казаў, гэта пэўная брэндавая назва. "Шлях кастрычніка" – як свята працы. Такая асацыяцыя ў людзей. Не савецкая, а менавіта звязаная з нейкімі працоўнымі дасягненнямі", – лічыць супрацоўніца рэдакцыі хоцімскага "Шляху кастрычніка".
Трымаюцца свайго "Ударнага фронту" на Шклоўшчыне. Да гэтай назвы прызвычаіліся жыхары раёну – сцвярджае супрацоўнік рэдакцыі.
– Ударны фронт – гэта ж не тое, што вайна нейкая, а тое, што па-ўдарнаму працуюць. Цяпер мы пакуль уздымаць гэтае пытанне не будзем.
Толькі тры раёнкі з Магілёўшчыны маюць свае старонкі ў інтэрнэце. Прапісаліся ў сусветным віртуальным сеціве згаданая "Зара над Друццю" ды "Асіповіцкі край". Мае інтэрнэтны адрас і шклоўскі "Ударны фронт". Не паспеў ён там прапісацца, яго ўганаравалі інтэрнэт-прэміяй Міністэрства інфармацыі.
Радыё “Свабода”
|
Каментарыi
root кончай позориться!
а названия нафталиновые, эт да. уже и АГЛ давно про реформы да про рынок талдычит, а у этих всё - "Савецкая вёска" ды "Святло Кастрычніка".