суб, 4.05.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

А вы ведалі, што ў Горацкім раёне нарадзіўся складальнік многіх вядомых слоўнікаў?

08.06.2023 – 14:51 | 1369

Сёлета споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння нашага земляка Сцяпана Мітрафанавіча Грабчыкава – беларускага мовазнаўцы, кандыдата філалагічных навук. Ён працаваў над некалькімі слоўнікамі, якімі карысталіся і карыстаюцца многія беларусы.

Сцяпан Мітрафанавіч Грабчыкаў.

Сцяпан Мітрафанавіч Грабчыкаў нарадзіўся 13 мая 1923 года ў вёсцы Логвінава Горацкага раёна. У 1941 скончыў з адзнакай школу. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны яго прызвалі ў Чырвоную Армію.

Ваяваў на Варонежскім, Заходнім і Першым Украінскім франтах. Дзень Перамогі сустрэў у Германіі. Быў чатыры разы паранены, прычым апошні раз вельмі цяжка, інвалід Вялікай Айчыннай вайны. З матэрыялаў сайта Міністэрства абароны Расіі "Память народа" вядома, што сяржант Грабчыкаў быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

 У 1946 годзе наш зямляк паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1951 годзе. Атрымаўшы дыплом з адзнакай, у 1951-1955 гг. працаваў старшым выкладчыкам у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, потым адзін год – у Полацкім настаўніцкім інстытуце.

Кваліфікаванага педагога запрасілі ў Маладзечанскі інстытут удасканальвання настаўнікаў, дзе ён загадваў вучэбнай часткай. З 1957 года па 1968 гг. Сцяпан Мітрафанавіч быў старшым рэдактарам у выдавецтве "Народная асвета".

У 1968 абараніў кандыдацкую дысертацыю, і яго запрасілі на працу ў Навукова-даследчы інстытут педагогікі Міністэрства народнай асветы БССР.

З 1970 года – быў старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання рускай мовы факультэта журналістыкі БГУ.

Памёр 14 мая 1994 года.

Усё жыццё наш зямляк займаўся лексікаграфіяй – гэта раздзел мовазнаўства, які вывучае тэорыю і практыку складання рознага кшталту слоўнікаў.

Калі яшчэ працаваў у выдавецтве, зацікавіўся творчасцю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Прааналізаваўшы ўсю лексіку яго мастацкіх твораў, напісаных на беларускай мове, склаў слоўнік мовы Дуніна-Марцінкевіча. У гэтай працы было 6 400 артыкулаў – амонімы, прыслоўі, назоўнікі і прыметнікі. Гэты слоўнік атрымаў вельмі станоўчую ацэнку спецыялістаў, аднак да гэтага часу не выдадзены.

Праца дарэмна не згубілася, бо наш зямляк абараніў дысертацыю кандыдата філалагічных навук на тэму "Слоўнік мовы Дуніна-Марцінкевіча і найважнейшыя асаблівасці лексікі пісьменніка".

Працуючы дацэнтам у БДУ, падрыхтаваў і выдаў у 1977 годзе кнігу "Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанню слоў". Фактычна гэта быў слоўнік паронімаў – так называюцца словы, якія значаць розныя рэчы, але вымаўляцца падобна. У гэтай працы было 718 артыкулаў, размешчаных у алфавітным парадку. Словы былі ўключаны не толькі парамі, але і па тры, чатыры, пяць і шэсць слоў.

Праз тры гады выйшла праца яшчэ адна праца – "Межъязыковые омонимы и парономы. Опыт русско-белорусского словаря" (1980). У ёй было 539 рускіх і 574 беларускія словы.

Вельмі цікавай і карыснай была новая праца, якая выйшла ў 1994 годзе. Гэта "Слоўнік паронімаў беларускай мовы" – 1 200 артыкулаў і болей за 3 300 слоў.

Сцяпан Мітрафанавіч шмат часу надаваў складанню слоўнікаў для настаўнікаў і вучняў. Вядома, што ён аўтар "Русско-белорусского словаря", які пабачыў свет у 1965 годзе і далей перавыдаваўся некалькі разоў.

Надзвычай змястоўным быў "Беларуска-рускі слоўнік", які выдаваўся шэсць разоў з 1970 па 2004.

Грабчыкаў удзельнічаў у складанні "Арфаграфічнага слоўніка: для пачатковай школы" (1968, 1975, 1977, 1987, 1992), а таксама "Толкового словаря русского языка: для средней школы" (1975), і "Словаря белорусско-русского, русско-белорусского" (2002. 2005).

Сцяпан Мітрафанавіч быў таксама аўтарам некалькіх дзясяткаў артыкулаў, рэцэнзій, надрукаваных у БДУ, газетах і часопісах.

Быў ён складальнікам мастацкіх і навукова-папулярных кніг для вучняў школ: "Вершы, аднаактовыя п'есы: Зб. для школ. мастац. самадзейнасці" (1961), "Чырвоныя лісткі календара: творы беларускіх пісьменнікаў: для сярэдняга школьнага ўзросту" (1966, 1984).

"Уклад С.М.Грабчыкава ў беларускае мовазнаўства, асабліва ў беларускую лексікаграфію, вельмі значны. Створаныя ім слоўнікі не старэюць з часам, і яны па ранейшаму дапамагаюць авалоданню мовамі", – так пра нашага земляка пісаў Іван Клімавіч Германовіч, кандыдата філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Сапраўды, даўно ўжо няма з намі выдатнага знаўца беларускай мовы, нашага земляка Сцяпана Мітрафанавіча, але яго праца не страціла навукова-практычнага значэння, бо і зараз перавыдаюцца слоўнікі, якія ствараліся з яго ўдзелам. І па ім грамадзяне Беларусі і ўсе жадаючыя вывучаюць родную мову.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email