суб, 18.05.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

"Наш доктар" – так жыхары Горак называлі Рыгора Уладзіміравіча Фомчанку, якому сёлета споўнілася б 100 гадоў

07.09.2022 – 16:57 | 2620

Рыгор Уладзіміравіч Фомчанка шмат гадоў быў урачом і кіраваў амбулаторыяй Горацкага ільнозавода, а жыхары мікрараёна чыгуначнай станцыі Пагодзіна называлі яго з павагай: "Наш доктар".

Ягоны бацька ўзначальваў мясцовае падполле

Рыгор Уладзіміравіч Фомчанка нарадзіўся 5 верасня 1922 года ў вёсцы Рэкатка Горацкага раёна ў сям'і Уладзіміра Пятровіча, які яшчэ да рэвалюцыі 1917 года пачаў працаваць настаўнікам у школах Горацкага павета.

У час Вялікай Айчыннай вайны ён узначаліў мясцовае падполле, быў арыштаваны фашыстамі і прысуджаны да расстрэлу, але яму ўдалося цудам выратавацца.

Потым ваяваў у партызанскім атрадзе "Звязда". Трое яго сыноў – Уладзімір, Рыгор і Віктар – таксама адважна змагаліся з фашыстамі. Першы прайшоў усю вайну і скончыў яе ў званні палкоўніка, два другіх сына змагаліся разам з бацькам у падполлі і партызанскім атрадзе.

Пасля вайны Уладзімір Пятровіч працаваў загадчыкам Горацкім РАНА, дырэктарам Панкратаўскай сярэдняй школ. У 1951 годзе стаў Заслужаным настаўнікам БССР.

Падрываў саставы, псаваў тэлеграфныя лініі

Перад самай акупацыяй Горак Рыгор Фомчанка атрымаў позву з гарадскога ваенкамата і на коннай фурманцы паехаў з Рэкаткі ў Горкі. З ім паехаў і брат Віктар, хоць было яму ўсяго 16 гадоў. Але яны не паспелі: ваенкамат ужо быў эвакуяваны, а Горкі захапілі немцы. Прыйшлося вяртацца дадому і на месцы змагацца з ворагам.

Рыгор спачатку быў сувязным у антыфашысцкім падполлі. А з 11 верасня 1942 года стаў партызанам брыгады "Звязда", якой камандавалі М.Кітаеў, а потым Д.Войстраў. Пра тое, як адважна на зямляк ваяваў, сведчыць узнагародны ліст, апублікаваны на сайце "Партизаны Беларуси".

З яго відаць, што ўжо праз дзесяць дзён пасля прыходу ў партызанскі атрад Рыгор удзельнічаў у баі, які адбыўся каля вёскі Добрая Горацкага раёна, а затым прарываўся, калі фашысты спрабавалі акружыць партызан у Рэкацкім лесе.

На працягу 1943 года ён неаднаразова ўдзельнічаў у баях, а таксама хадзіў на заданні – падрываў нямецкія чыгуначныя саставы, псаваў тэлеграфныя лініі. Як відаць з узнагароднага ліста, камандзір партызанскага атрада Д.Вайстроў прадставіў нашага земляка да ўзнагароджання ордэнам "Чырвонай Зоркі".

У канцы 1943 года партызаны злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі і Рыгора ўзялі ў разведку. Як сведчыць інфармацыя сайта Міністэрства абароны Расіі "Память народа", служыў Рыгор у 790-ым артылерыйскім палку 250-ай стралковай дывізіі. З ёй дайшоў да Берліна. Служыў у войску яшчэ амаль год і быў дэмабілізаваны 10 красавіка 1946 года.

За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі і двума ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, медалямі "За адвагу", "За ўзяцце Берліна", "За ўзяцце Кёнігсбергу", "Партызану Айчыннай вайны", юбілейнымі медалямі.

Цікава, што адзін ордэн "Чырвонай зоркі" знайшоў героя толькі ў 1948 годзе.

Стаў любімым доктарам

Жонка Рыгора Уладзіміравіча Вера Міхайлаўна (родная сястра нашага земляка, вядомага пісьменніка Р.Шчарбатава) распавядала аўтару гэта матэрыяла, што Рыгор Фомчанка з дзяцінства марыў стаць лекарам, лячыць і дапамагаць людзям.

І яго мара ажыццявілася, калі дэмабілізаваны воін паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. У 1953 годзе пасля сканчэння ВНУ быў накіраваны на працу ў родны Горацкі раён.

Працаваў кароткі час спачатку лекарам у Горках, а затым да 1986 года галоўным урачом амбулаторыі Горацкага ільнозавода.

Працаваў выдатна. Былы галоўны ўрач Горацкай раённай бальніцы У.Ф.Клімаў, калі я звярнуўся да яго, каб ён даў матэрыял пра сябе ў раздзел пра гісторыю аховы здароўя раёна для будучага Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, сказаў: "Пра мяне матэрыял можна і не змяшчаць, а вось пра Рыгора Уладзіміравіча Фомчанку трэба даць абавязкова! Бо ён адзін з лекараў-франтавікоў Горацкага раёна, які ўзнагароджаны пяццю ордэнамі. А акрамя таго, ён быў выдатным лекарам, усе дыягназы, які ён ставіў ва ўмовах невялікай амбулаторыі, заўсёды пацвярджаліся. Быў ён вельмі ўважлівым да ўсіх, хто да яго звяртаўся, а ўвага – галоўнае ва ўрачэбнай практыцы. Быў ён і добрым арганізатарам, бо я, за час працы галоўным урачом Горацкага раёна, не памятаю ніводнай скаргі на працу яго амбулаторыі".

Улічваючы шматгадовую плённую працу Рыгора Уладзіміравіча Фомчанкі ў сістэме аховы здароўя, Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР у 1981 годзе прысвоіў яму званне Заслужанага ўрача БССР.

Рыгор Уладзіміравіч Фомчанка памёр у 1986 годзе.

Памяць

Яго імя і біяграфія змешчаны ў кнізе "Памяць. Горацкі раён" (Горкі: 1996), зборніку "Книга Памяти медикам Могилёвщины – участникам Великой Отечественной войны 1941-1945 гг. и других войн" (Могилев: 2007), інтэрнэтаўскіх сайтах "Память народа", "Партизаны Беларуси", установы аховы здароўя "Горацкая цэнтральная раённая бальніца, беларускамоўнай Вікіпедыі.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email