пят, 3.05.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Каралева балета з Дрыбіна

27.10.2023 – 02:01 | 2054

У Дрыбіне нарадзілася піянерка ізраільскага балета Мія Арбатава (Гіршвальд). Яе танцавальную кар'еру ледзь не спынілі бацькі. У яе студыі захоўвалі зброю змагары за незалежнасць Ізраіля. Дзякуючы ёй у Тэль-Авіве навучыліся шыць балетныя туфелькі. Пра яркае жыццё гэтай незвычайнай жанчыны піша Уладзімір Ліўшыц.

Мiя Арбатава.

Бацькі былі шакаваныя, што дачка хоча займацца танцамі

Мія нарадзілася 4 сакавіка 1911 года ў сям'і аптэкара Вульфа Меіравіча Гіршвальда і Цылі Шмульян. Апроч аптэк яе бацька валодаў бібліятэкай у Дрыбіне.

Пасля кастрычніка 1917 года сям'я пераехала ў Смаленск, а ў 1925 годзе – у Латвію. Калі Міі было 11, яна ўпершыню ўбачыла балет і адразу ж была зачараваная ягонай магіяй.

Бацькі прыйшлі ў жах ад думкі, што дачка будзе танцаваць – для яўрэйскай дзяўчыны гэта лічылася ганьбай.

Спачатку забаранілі пра гэта нават марыць. Адбыўся канфлікт, і Мія нават захварэла. Пазней, калі маці і бацька зразумелі, якая іх дачка таленавітая танцорка, папрасілі прабачэння і пачалі яе падтрымліваць.

Чаму "Арбатава"?

У Рызе Мія паступіла ў школу класічнага балета, дзе займалася ў вядомых педагогаў пецярбургскай балетнай школы В.Фёдаравай і А.Фокінай. Праз год была прынята ў трупу Латвійскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, а праз два гады стала салісткай Тэатра оперы і балета ў Адэсе.

У гэты перыяд наша зямлячка ўзяла сцэнічны псеўданім "Арбатава" – па імені свайго улюбёнага танцора Ільі Арбатава.

У 1933 годзе выйшла замуж за свайго партнёра па танцах Валянціна Зіглоўскага і ў 1934 годзе наведала з ім Палесціну, дзе выступала два гады. Пасля гастроляў з сольнымі канцэртамі ў розных еўрапейскіх сталіцах і ЗША пара развялася ў 1937 годзе. У 1938 годзе Арбатава вярнулася ў Палесціну.

Мія Арбатава мужам Валянцінам Зіглоўскiм.

У яе балетнай студыі захоўвалі зброю змагары за незалежнасць Ізраіля

Мія Арбатава пасялілася ў Тэль-Авіве. Да гэтага часу ў Ізраіль прыехалі яе родныя. У 1938 годзе выйшла замуж за акцёра і спевака Ёсефа Голанда. Разам яны стварылі сатырычны тэатр-кабарэ "Аф-ал-пі" ("Насуперак"), а пазней – музычныя тэатры "Лі-ла-ла" і "До-рэ-мі", дзе Арбатава была танцоркай і харэографам. У 1940 годзе наша зямлячка стала прыма-балерынай і харэографам у тэль-авіўскай "Опера Амаміт" ("Народная опера").

У 1943 годзе Мія адкрыла сваю першую балетную студыю ў Тэль-Авіве. Праўда, там не толькі вучылі танцам, але і захоўвалі зброю для тых, хто змагаўся за незалежнасць Ізраіля.

У час Вайны за Незалежнасць (1947-1949 гг.) Арбатава стварыла з вучняў балетную трупу, якая выступала перад салдатамі Арміі абароны Ізраіля.

Цікава, што ў той час балетныя туфлі былі невядомыя ў Ізраілі, і Арбатавай давялося навучыць тэль-авіўскага шаўца іх рабіць.

Дасягненні насуперак крытыцы

У сваёй студыі Мія выгадавала тры пакаленні ізраільскіх артыстаў балета, сярод іх было нямала салістаў, якія выступалі з вядучымі трупамі свету. Выкладанне ў студыі Арбатавай вялося на аснове традыцый рускага класічнага балета. Многія вучыліся там бясплатна, а некаторыя нават жылі ў яе дома. Мія ніколі не атрымлівала фінансавай падтрымкі або ахвяраванняў ад дзяржаўных устаноў.

Усе гэтага атрымалася дасягнуць насуперак шматлікім пярэчанням і крытыцы, якая гучала ў той час у Ізраілі на адрас балета, які лічыўся буржуазным мастацтвам.

Пазней у знак прызнання яе таленту і прафесіяналізму Мію Арбатову запрашалі судзіць шматлікія важныя міжнародныя балетныя конкурсы. У 1985 за ўнёсак у развіццё мастацтва балета ў Ізраілі Арбатавай прысвоілі званне ганаровай грамадзянкі Тэль-Авіва.

Памерла яна 22 сакавіка 1990 года.

Мемарыяльная дошка Міі Арбатавай у Тэль-Авіве.

Каралева без палаца

У 1990 годзе вучні Міі Арбатавай заснавалі ў Ізраілі стыпендыю для маладых артыстаў балета і міжнародны конкурс яе імя.

Пра яе жыццё Рэне Шарэт напісаў кнігу "Королева без дворца" (Тель-Авив. 2005).

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email