Узгорак
Надвор'е ў Горках
першаянашы выданніГоркі TVмясцовы Internetнаш форумдадай сваю навіну!english
Пашпарт рэгіёну Фотаблог Узгорак

Горки | Дрибин | Мстиславль | БГСХА | Рэгіён | Здарэнні | Інтэрв'ю | Меркаванні | Эканоміка | Спорт | Культура | Афіша | Рэгіянальнае развіццё | Навіны ад чытачоў | Блог Андрэя Юркова | Гісторыя Горак і БДСГА

Горкі: даты і падзеі

Па звестках гісторыкаў, першыя людзі з’явіліся на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёну ў эпоху мезаліту (X-VII ст. да н.э.). Аб гэтым сведчаць знойдзеныя рэшткі тагачасных стаянак ля в.Вялікія Шарыпы і Пнеўшчына. Напачатку Нашай эры тут жылі плямёны балтаў. Са старажытных гарадзішчаў таго часу найбольш буйныя і вядомыя тыя, што знаходзяцца ля вёсак Горы і Мікадзімава. У другой палове I тысячагоддзя ў вярхоўях р.Проня з’явіліся крывічы.

У X-XI вяках сучасныя Горацкія землі ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, а з адасабленнем у XI ст. – Полацкага княства.

Першыя пісьмовыя звесткі пра тэрыторыю раёна вядомыя з ХII стагоддзя, калі гэтыя землі належалі Смаленскаму княству. У 1497 г. У “Літоўскай метрыцы” ўпершыню з’явіўся запіс пра сучасную в.Горы. Горкі ўпершыню ўзгаданыя ў такім жа дакуменце ў 1544 г.

На мяжы ХIII-XIV вякоў Горацкая зямля увайшла ў склад ВКЛ.

У 1619 годзе Горкі атрымалі ад Ільва Сапегі “Статут аб вольнасцях”. На той час наш горад быў рамесленым цэнтрам.

У 1676 г. у Горках было заснаванае праваслаўнае брацтва, пры ім – школа.

Падчас Паўночнай вайны ў 1709 годзе тут спыняўся Пётр І. Пагорак, дзе стаяў ягоны шацёр, зараз завецца Пятровай горкай.

У 1717 годзе горад з навакольнымі землямі набыў князь Меншыкаў і валодаў імі да высылкі ў Сібір у 1727 годзе.

Пасля канчатковага пераходу пад уладу Расіі ў 1772 годзе Горацкая зямля была падзеленая паміж Аршанскім, Чавусскім, Мсціслаўскім і Копысскім уездамі. Напрыканцы ХVIII стагоддзя Горкі сталі ўласнасцю графа Салагуба.

З ліпеня па лістапад 1812 г. Горацкая зямля знаходзілася пад акупацыяй французскіх войск.

У 1828 г. за невыкананне абавязальніцтваў па забеспячэнні арміі Кутузава ў 1812 г. харчаваннем, урад вырашыў канфіскаваць Горы-Горацкі маёнтак (Ён уключаў на той час 15 фальваркаў, 2770 прыгонных і 1760 дзесяцін зямлі) у графа Л.Салагуба.

15 жніўня 1840 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Горы-Горацкай земляробчай школы, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут. У 1859 г. былі адчынены каморніцка-таксатарскія курсы.

Школа мела 2 разрады: 1-ы (ніжэйшы) і 2-і (вышэйшы). Тэрмін навучання ў кожным – 3 гады. У 1848 г. ніжэйшы разрад пераўтвораны ў земляробчае вучылішча з 4-гадовым тэрмінам навучання, а Вышэйшая сельскагаспадарчая школа – у Горы-Горацкі земляробчы інстытут.

Інстытут існаваў у 1848-1864 і 1919-1925 гг. Гэта першая ВНУ сельскагаспадарчага профілю ў Беларусі. У розныя гады ў інстытуце навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863-1864 гг. інстытут у 1864 годзе быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург. У 1919 г. адноўлены ў Горках.

У Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі знаходзяцца фотакопіі пісем Т.Р.Шаўчэнкі, якія ён дасылаў прафесару Н.Ф.Каралёву. Існуе версія, што аўтарам беларускай паэмы "Тарас на Парнасе" з'яўляецца студэнт нашага ВНУ. З 1851 па 1853 год тут вучыўся П.А.Бахмецьеў, прататып галоўнага героя рамана М.Г.Чарнышэўскага "Што рабіць?" Рахмецьева.

Сярод выпускнікоў інстытута вядомыя вучоныя А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.П.Людагоўскі, І.М.Чарнапятаў і інш.

1852 г. Выйшаў першы том “Записок Горы-горецкого земледельческого института» - першага ў Расейскай імперыі перыядычнага сельскагаспадарчага навуковага выдання.

У 1861 годзе мястэчка Горкі пераведзена ў стан павятовага горада, і быў утвораны Горацкі павет. Існаваў па 1924 г. Плошча складала 2487 кв. вёрст, насельніцтва каля 80 тыс.чал.

У канцы ХIX ст. уключаў 12 валасцей: Баеўскую, Гарадзішчанскую, Горацкую, Дубровенскую, Любініцкую, Маслакоўскую, Нічыпаравіцкую, Пугляеўскую, Раманаўскую (з кастр.1918 г. Ленінская), Саўскую, Святошыцкую, Хаўбнянскую. Была заснавана гарадcкая дума.

У 1862 г. сфарміравалася падпольная студэнцкая арганізацыя.

У наступным годзе паўстанцы на чале з Людвігам Звяждоўскім, паплечнікам Кастуся Каліноўскага, вызвалілі Горкі ад царызму. Але паўстанне было задушана.

1867 г. Урадам зацверджанае палажэнне аб гербе горада.

У 1888 г. дзейнічала 7 паўкустарных прадпрыемстваў, у 1900 - 29, а ў 1904 - 34.

Напачатку 1902 года ў Горках была арганізаваная першая сацыял-дэмакратычная група, а ў 1903-04 г.г. – арганізацыі сацыял-дэмакратаў і Бунда.

7 красавіка 1919 г. Горацкія сярэднія сельгасустановы рэарганізаваныя ў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. У гэтым жа годзе, 10 кастрычніка, пачала працаваць Беларуская сэкцыя студэнтаў інстытуту.

1921 г. Пачаў працаваць ўчастак чыгункі Ворша-Крычаў, які праходзіў праз Горкі. Пабудаваны будынак чыгуначнай станцыі “Беларускія Горкі” (з 1930 г. – Пагодзіна”).

17 ліпеня 1924 года утворана Аршанская акруга, у склад якой увайшоў Горацкі павет.

5 жніўня 1925 года ўтвораная Беларуская акадэмія сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1926 г. тут адкрыты двухгадовы ўніверсітэт для сялян (з 1930 г. – калгасны універсітэт)

22 кастрычніка 1930 г. Выйшаў першы нумар раённай газеты “Ленінскі шлях”.

Напачатку ліпеня 1941 раён быў захоплены фашыстамі. За гады акупацыі было спалена 110 вёсак, загінула каля 8 тыс. жыхароў.

У кастрычніку 1943 г. была вызваленая ўсходняя частка раёна, а 26 чэрвеня 1944 г. раён быў вызвалены поўнасцю.

12 кастрычніка 1943 года пад в.Леніна ўпершыню ўступіла ў бой з фашыстамі 1-я дывізыя польская дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі.

1948 г. сельскагаспадарчы інстытут рэарганізаваны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

У 1953 г. у Горках была заснаваная музычная школа, а ў 1957 – адкрыты Дом піянераў.

5 жніўня адкрыта паветраная лінія Горкі-Менск. Пачаў працаваць аэрапорт, які зараз не функцыянуе.

У 1967 годзе пабудаванае штучнае возера на р.Парасіца. На яго беразе закладзены парк імя 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

1968, 12 кастрычніка у в.Леніна адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыялу савецка-польскай баявой садружнасці.

1974 г - у в.Леніна пачало працу Горацкае педагагічнае вучылішча. Адчынены будынак аўтавакзала.

1975 г. – пабудаваны мемарыял “Смуткуючая маці”. Ля яго запалены Вечны агонь.

1984 г. – заснаваны раённы гісторыка-этнаграфічны музэй.

1987 г. Пачаў працаваць гарадскі стадыён.

1989 г. Частка тэрыторыі раёну перададзеная ў склад новаўтворанага Дрыбінскага раёну

1999 г. Пачала выдавацца першая ў Горках прыватная газета “Региональные ведомости”.

З 2007 г. у горках працуе сайт horki.info ).

 
Апошнія каменты
Галоўнае на сайце
Апытанні
Ці трэба захаваць дом Максіма Гарэцкага ў Горках?

далучайся да нас:


КАРТА САЙТА | ПРА ПРАЕКТ | КАНТАКТЫ | ДАПАМОГА

© Рэгіянальны інфармацыйны партал пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны Магілёўскай вобласці: HORKI.INFO, 2007-2011.
Пры выкарыстанні тэкстаў, фота і відэа з гэтага сайта гіперспасылка на HORKI.INFO абавязковая.
Адказнасць за змест і дакладнасць матэрыялаў ды каментарыяў нясуць іх аўтары.

BELARDA.ORG: Бабруйск, Барысаў, Белаазёрск, Брэст, Бярозаўка, Гарадок, Гомель, Горкі, Гродна, Жодзіна, Масты, Орша, Рэчыца, Светлагорск, Смалявічы, Свiслач