Горацкі раён знаходзіцца на паўночным усходзе Магілёўскай вобласці. На поўначы ён мяжуе з Дубровенскім і Аршанскім раёнамі Віцебскай вобласці, на захадзе – Шклоўскім, поўдні – Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнамі Магілёўскай вобласці, усходзе – Красненскім і Манастыршчынскім раёнамі Смаленскай вобласці Расійскай федэрацыі. Цэнтр раёна размешчаны ў 86 км ад Магілёва і ў 285 км ад Мінска.
Агульная плошча – 1284 км2, у тым ліку Горкі – 22 км2. Колькасць насельніцтва – 52,6 тыс. чал. (на 1 студзеня 2004 года), у тым ліку ў Горках – 33,9 тыс. чал., у сельскай мясцовасці – 18,7 тыс. чал.
У межах раёна размешчаны горад Горкі, 11 сельскіх Саветаў і 172 сельскія населеныя пункты.
На тэрыторыі раёна дзейнічае Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія і педагагічная вучэльня, 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пачатковых школ, 2 музычныя школы, 16 дашкольных установаў, 25 клубаў, 27 бібліятэкаў, 6 бальніцаў, 21 фельдшарска-акушэрскі пункт.
Прамысловасць раёна прэзентаваная вытворцамі прадуктаў харчавання, будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мясамалочная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюцца зерневыя, кармавыя культуры, бульба.
Па Горацкім раёне праходзяць чыгуначная дарога Орша-Крычаў, аўтадарогі з Горак у Оршу, Магілёў, Мсціслаў.
Помнікі архітэктуры: захавалася частка касцёла пачатку 19 стагоддзя і сядзібы канца 19 стагоддзя ў вёсцы Расна. Мемарыяльны комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў вёсцы Леніна. Акрамя гэтага: гарадзішча, замчышча, пасад у в.Горы і навакольле ў межах 0,3 км; гарадзішчы, селішчы ля вёсак Добрая, Курганне, Касцюшкава, Маслакі, Мікадзімава, Сенькава, Малыя Шарыпы, Вялікія Шарыпы, Шаўнева. Адміністрацыйны корпус БДСГА - пачатак ХХ ст. Адміністрацыйны будынак па вуліцы Крупскай, д.3 - канец ХIХ ст. Жылы дом па вул.Ціміразева, д.10 - сярэдзіна ХIХ ст. Вучэбны корпус №4 - сярэдзіна ХIХ ст. Будынак стаматалагічнай паліклінікі - канец ХIХ ст.
На тэрыторыі раёна працякаюць рэкі Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вярбоўка, Галыша; Бася з прытокамі Поўна і Галубіна; Рамяствянка, Лебедзеўка, Дняпрэц, Мярэя.
Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны.
|